Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 3 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

Сьпярша – пра каляндарныя даты ўчорашняе нядзелі.

2 траўня 1729 году – дзень нараджэньня расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Менавіта зь яе імем і цараваньнем зьвязаны пачатак паднявольнага становішча Беларусі на працягу двухсот гадоў. Бо гэта за часоў Кацярыны адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай і народы Вялікага Княства Літоўскага надоўга патрапілі пад расейскую калянізацыю.

2 траўня 1897 году ў Маладэчне нарадзіўся Андрэй Капуцкі, дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, гэта значыць, за панскай Польшчай. Падступныя палякі перасьледавалі камуніста і ў 1927 годзе ён перабраўся ў Менск. Нейкі час яму далі папрацаваць у газэце “Зьвязда”, у часопісе “Полымя рэвалюцыі” і нават у ЦК КПБ, але неўзабаве, у 1934 годзе, расстралялі. Трэба заўважыць, што ў савецкай Беларусі заходнебеларускіх камуністаў і перабежчыкаў пачалі расстрэльваць задоўга да адкрыцьця Курапацкага канвэеру сьмерці, бо лічылі іх засланымі польскімі шпіёнамі.

2 траўня 1903 году прыйшоў на сьвет вядомы ўсім маладым бацькам ва ўсім сьвеце доктар Бэнджамін Спок. Амэрыканскі лекар-пэдыятар Спок напісаў самую папулярную кнігу пра догляд дзіцяці ад самага нараджэньня. І шмат якім бацькам гэтая кніга замяніла дапамогу цешчы і сьвякрухі.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

Трэцяга траўня 1791 году Сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў Канстытуцыю – першую ў Эўропе, другую ў сьвеце і апошнюю для супольнае дзяржавы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Тагачасныя беларусы жылі паводле гэтай канстытуцыі да захопу беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй.

3 траўня 1469 году нарадзіўся Нікола Макіявэлі, італьянскі мысьляр, гісторык і палітык часоў Адраджэньня. Гэта Макіявэлі замацаваў у якасьці нормы тэзу пра тое, што ў палітыцы мэта апраўдвае сродкі.

3 траўня ў 1877 годзе нарадзіўся беларускі фальклярыст і кампазытар Антон Грыневіч, а ў 1892 годзе – Аляксандар Вальковіч, пра якога варта сказаць некалькі словаў, бо мала хто з нашых сучасьнікаў чуў гэтае імя.

Родам Вальковіч зь Менску. Ваяваў прапаршчыкам у 1-ю сусьветную, далучыўся да беларускіх эсэраў, быў прадстаўніком ураду БНР у Грузіі, а пасьля – міністрам фінансаў БНР. У 1925-м вярнуўся з-за мяжы ў БССР, працаваў у наркамаце фінансаў. У 1930-м арыштаваны й сасланы на 5 гадоў у Башкірыю, а ў 1937-м “двойкай” НКВД Башкірыі прысуджаны да расстрэлу і расстраляны.
XS
SM
MD
LG