Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОД ТАМУ БУШ АБВЯСЬЦІЎ КАНЕЦ ВАЙНЫ Ў ІРАКУ


Аляксей Знаткевіч, Прага

Год таму настрой ў Вашынгтоне можна было назваць сьвяточным. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш на самалёце-зьнішчальніку прызямліўся на борт першага амэрыканскага авіяносца, што вярнуўся дадому з ірацкай вайны і заявіў, стоячы пад плякатам з надпісам “Заданьне выкананае”.

(Буш: ) “Асноўныя баявыя апэрацыі ў Іраку скончаныя. У змаганьні за Ірак, Злучаныя Штаты і нашы саюзьнікі ўзялі верх”.

На той час амэрыканскае войска згубіла ў Іраку 109 чалавек у баявых апэрацыях і яшчэ 29 ад няшчасных выпадкаў. Але за сёлетні красавік больш чым 100 амэрыканскіх вайскоўцаў загінулі падчас баявых дзеяньняў. Агулам за апошні год ЗША згубілі ў Іраку больш за 400 салдат у баявых дзеяньнях і больш за 170 у няшчасных выпадках. Яшчэ сотні былі параненыя.

Асноўныя баі апошнім часам ішлі ў горадзе Фалуджа ў гэтак званым суніцкім трохкутніку.

Супраць акупацыйнай кааліцыі змагаюцца таксама прыхільнікі радыкальнага шыіцкага сьвятара Муктады аль-Садра, якія кантралююць сьвяты для шыітаў горад Нэджэф. Амэрыканцы хочуць арыштаваць аль-Садра паводле абвінавачаньня ў забойстве іншага шыіцкага сьвятара.

Прэзыдэнт Буш заявіў на гэтым тыдні, што па меры набліжэньня Іраку да сувэрэнітэту гвалт супраць кааліцыі можа павялічыцца.

Новыя амэрыканскія ахвяры выклікалі палітычныя спрэчкі ўнутры ЗША. Значная частка крытыкі на адрас прэзыдэнта Буша ідзе з боку апазыцыйнай партыі Дэмакратаў. Яе верагодны кандыдат на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах ў лістападзе Джон Кэры гаворыць, што Буш пачаў вайну зь Іракам без належнай міжнароднай падтрымкі і бяз добрага пляну. Але і некаторыя кансэрватары крытыкуюць Буша за недастатковае плянаваньне на пэрыяд акупацыі.

Нядаўняе апытаньне фондам Гэлапа трох з паловай тысяч іракцаў паказала, што 42% зь іх лічаць, што сытуацыя ў Іраку палепшылася ад пачатку вайны. Сорак шэсьць працэнтаў лічаць, што вайна прынесла “больш шкоды, чым карысьці”. Траціна апытаных лічаць апраўданымі напады на амэрыканскія войскі. Яшчэ 22% адказалі, што такія напады “часам апраўданыя, а часам не”.

Некаторыя экспэрты крытыкуюць акупацыйную адміністрацыю за тое. што яна не заручылася падтрымкай найбольш аўтарытэтнага шыіцкага лідэра ў Іраку – Аяталы Алі Сыстані.

Тым часам выглядае, што прадстаўнікі ЗША спадзяюцца на дапамогу ААН, якая магла б зьмякчыць праблемы палітычнага пераўтварэньня Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG