Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАФТАВЫЯ КАМПАНІІ БЕЛАРУСІ Й ЛАТВІІ ВЯДУЦЬ САКРЭТНЫЯ ПЕРАМОВЫ ПРА БУДАЎНІЦТВА НАФТАПРАВОДА Ў АБЫХОД РАСЕІ


Галіна Абакунчык, Менск

Мэта праекту – транспарт нафты з краінаў Азіі на эўрапейскі кантынэнт у абыход Расеі, паўз тэрыторыю Ўкраіны, Беларусі й Латвіі. Паводле расейскай крыніцы, гэткую прапанову ўкраінскаму кіраўніцтву зрабілі вышэйшыя ўлады Беларусі.

Інфармацыю пра прапанову “Белнафтахіма” будаваць нафтаправод у абыход Расеі гэтаксама пацьвердзіла інфармацыйная агенцтва ў Беларусі, блізкая да ўрадавых колаў краіны. Аднак у канцэрне адмаўляюцца даваць камэнтары ў гэтай справе.

Удзельнікі мажлівых перамоваў з латвійскага боку гэтаксама не пацьвярджаюць і не адмаўляюць факту беларуска-латвійскай сустрэчы. Але на афіцыйным інтэрнэт-сайце транзытнага аддзелу міністэрства зносінаў Латвіі ўсё ж паведамляецца пра пэрспэктывы будаўніцтва новага беларуска-латыскага нафтаправоду. Гаворыць прэсавая сакратарка кампаніі “Ventsрils nafta” Варта Гундэга.

(Гундэга: ) “У нас няма камэнтароў ані датычна перамоваў, ані датычна перамоваў зь беларускага боку. Ніякіх камэнтароў на гэты конт няма”.

Тым ня менш, калі зьвесткі пра будаўніцтва калектару “Адэса-Броды-Вэнтспілс” увасобяцца ў практычныя дзеяньні, то фактычна ўлады Беларусі пачнуць рэалізоўваюць ідэю будаўніцтва “Чарнаморска-Балтыйскага” нафтавага калідору, якую беларуская апазыцыя прапаноўвала ў якасьці пазбаўленьня Беларусі ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі яшчэ ў 1992 годзе.

Гаворыць распрацоўшчык праекту, эканамічны экспэрт БНФ Станіслаў Гусак.

(Гусак:) “Паводле таго праекту, краіны між двух мораў – Беларусь, Украіна, Прыбалтыка, Польшча – меліся зрабіць выхады на два моры: на рынак нафты на Чорным і Балтыйскім моры. Мець транснацыянальныя інжынэрныя камунікацыі, якія дазвалялі бы нашым дзяржавам атрымліваць нафту з Расеі, Балтыкі й Чорнага мора – гэта быў бы натуральны рынак. Але ж з прыходам Лукашэнкі да ўлады гэтая ідэя была пахаваная”.

Паводле спадара Гусака, у выпадку будаўніцтва нафтаправоду “Адэса-Броды-Вэнтспілс” Беларусь атрымае значны прыбытак ад транзыту нафты, здолее забясьпечыць сыравінай айчынныя перапрацоўчыя заводы, умацуе незалежнасьць дзяржавы. Але гэткае рашэньне цяперашніх уладаў можа ўтрымліваць і іншыя меркаваньні – кажа Станіслаў Гусак.

(Гусак:) “Можа за гэтым стаіць нейкі палітычны спэктакль, каб вымусіць Расею даць магчымасьць беларусам правесьці нейкі рэфэрэндум, які б дазволіў Лукашэнку застацца на трэці тэрмін. Трэба ўлічыць той факт, што Расея з гэтага рынка мае больш за 20 мільярдаў даляраў даходу. Гэта грошы за якія, зразумела, будзе ісьці вайна. Таму працягаў ад гэтага можа быць шмат”.

Украінскі нафтаправод “Адэса-Броды”, паводле распрацоўкі амэрыканскіх адмыслоўцаў, меркавалася падоўжыць да перапрацоўчых заводаў у Польшчы. Прычынай спробы “Белнафтахіму” правесьці яго па тэрыторыі Беларусі сталася, нібыта, адсутнасьць фінансаваньня з баку Эўразьвязу для завяршэньня праекту. Аднак, паводле неафіцыйных крыніцаў, польская частка нафтавага калектару гэтаксама блізкая да завяршэньня. У гэтай сувязі намесьнік дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы Стывэн Пайфэр заявіў, што цяпер для Ўкраіны ёсьць добры шанец інтэгравацца ў Эўропу, і яна мусіць вызначыцца ў гэтым геапалітычным пытаньні.
XS
SM
MD
LG