Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 ТРАЎНЯ АДНАРАЗОВАЯ ЛАТВІЙСКАЯ ВІЗА ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ БУДЗЕ КАШТАВАЦЬ 35 ЭЎРА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Найбольш сур’ёзныя зьмены ў справе ўезду на сваю тэрыторыю прынялі ўлады Польшчы. Выдадзенае распараджэньне міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі гэтай краіны, якое тычыцца памеру фінансавых сродкаў, якія мусяць мець іншаземцы, што ўяжджаюць у Польшчу. Гаворыць другі сакратар амбасады Польшчы ў Менску Моніка Садкоўска:

(Садкоўска: ) “Найбольш істотным у гэтым распараджэньні ёсьць тое, што іншаземец, які ўяжджае на тэрыторыю Польшчы, павінен мець фінансавыя сродкі для аплаты за пражываньне, харчаваньне і праезд. У суме 100 злотых на кожны дзень знаходжаньня, аднак агулам ня менш чым 500 злотых – для асобаў, якім больш за 16 гадоў. Тым, каму менш за 16 гадоў, трэба мець 50 злотых на кожны дзень знаходжаньня і 300 злотых у агульнай суме. Дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць наяўнасьць у іншаземца фінансавых сродкаў, могуць быць: падарожны чэк, крэдытная картка, даведка пра наяўнасьць грошай на рахунку ў польскім банку, альбо арыгінал запрашэньня”.

Пры ўезьдзе ў Польшчу з 1 траўня беларусы павінны таксама мець мэдычную страхоўку, альбо суму ў 300 злотых на кожны дзень магчымага лячэньня. Гэтую страхоўку можа замяняць арыгінал запрашэньня. Затое польскія візы для грамадзянаў Беларусі патаньнеюць удвая. З 1 траўня аднаразовая польская віза будзе каштаваць 5 эўра, двухразовая – 8, і шматразовая – 24 эўра. Такое рашэньне прыняла двухбаковая польска-беларуская камісія на прапанову польскага боку.

Калі польскія візы для беларусаў патаньнеюць, то латвійскія, наадварот, падаражэюць. Гаворыць другі сакратар амбасады Латвіі ў Менску Раймо Шміц:

(Шміц: ) “Будуць зьмены ў візавай, консульскай палітыцы. З 1 траўня аднаразовая віза будзе каштаваць 35 эўра. Раней яна каштавала 20 эўра. І ўсе шматразовыя візы, у тым ліку й двухразовыя, паўгадавая, гадавая – будуць каштаваць 70 эўра. Гэта зьвязана з патрабаваньнямі Шэнгенскай дамовы, да якой Латвія зьбіраецца далучыцца ў 2007-м ці 2008-м годзе”.
.
Латвійскі дыплямат таксама паведаміў, што цяпер на візах гэтай краіны будуць зьмяшчацца каляровыя фатаграфіі атрымальніка.

Літва таксама зьбіраецца далучыцца да Шэнгенскага пагадненьня, але пакуль асаблівых зьменаў уезду ў гэтую краіну не адбудзецца. Гаворыць консул Літвы ў Беларусі Марыс Нэманіс:

(Нэманіс: ) “У нас нейкіх асаблівых зьменаў не адбудзецца. Проста ўводзіцца новая, шэнгенская форма анкеты і новая форма візы. А ўсе нашыя дамовы, цэны і ўсё іншае застаюцца ранейшымі”.

Ранейшымі пакуль застаюцца й нормы ўвозу ў Літву алькаголю й тытуню. Але Марыс Нэманіс сказаў, што ў гэтай справе заканадаўства Літвы будзе гарманізавацца з законамі Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG