Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ВУЛІЦА СОТНІ КАНЦОЎ” У НАВАПОЛАЦКУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Гэтая ініцыятыва, аднак, не знайшла падтрымкі ў месьцічаў.

З архітэктурнага гледзішча гэта відавочны кіч. Бар’ер уяўляе сабою шэраг масіўных фаласападобных бэтонных шпянёў, якія чаргуюцца гэткімі ж масіўнымі трунападобнымі бэтоннымі ночвамі, у якіх, трэба меркаваць, зьбіраюцца садзіць кветкі.

Вуліцу Маладзёвую, зь лёгкай рукі беларускіх кінэматаграфістаў, здаўна мянуюць “вуліцай без канца” – па назьве аднайменнага фільму. Цяпер жа, зь лёгкай рукі аўтараў архітэктурнай аздобы ў выглядзе бэтонных фаласаў, яе называюць ня іначай, як “вуліцай сотні канцоў”.

Разьдзяляльныя бар’еры – зьява ня новая. І ўсталёўваюць іх ня толькі з эстэтычных, але і з прагматычных меркаваньняў – каб людзі ня бегалі па праезнай частцы, а карысталіся пераходамі. Але, як паказала практыка, для многіх навапалачанаў такі бар’ер – не перашкода. Яны як хадзілі па праезнай частцы, так і ходзяць надалей.

Рэч у іншым: гэтыя бэтонныя “прыгажосьці” сур’ёзна ўскладнілі транспартны рух. Сёлетняй зімою ўздоўж Маладзёвай ляжаў вялізны сьнежны бруствэр, і як мінімум 3 мэтры шырыні дарогі была, так бы мовіць, выведзеная з ужытку. А ўлічваючы, што вуліца і без таго ня надта шырокая, а аўтамабільны парк штогоду расьце, збудаваны бар’ер выглядае недарэчным.

Як ставяцца да ўсяго гэтага гараджане? З кім я толькі не гаманіў на гэты конт, усе ўважаюць бэтонныя ўпрыгожаньні за марнаваньне народных сродкаў. Зрэшты, на гэты конт мае што сказаць загадчык аддзелу сацыяльных праблемаў гарадзкой газэты “Химик” Юрась Касьцюк.

(Касьцюк: ) “Наша рэдакцыя атрымлівае шматлікія, у тым ліку і калектыўныя, лісты. Яшчэ больш званкоў, у якіх людзі абураюцца тым, што грошы падаткаплацельшчыкаў пусьцілі немаведама на што. Апошні такі ліст, за подпісам 93 чалавек, мы надрукавалі ў пазамінулым нумары. Асабліва наракаюць на “ўпрыгожаньні” вуліцы Маладзёвай кіроўцы, якія скардзяцца на тое, што звузілася праезная частка вуліцы”.

Спадар Касьцюк паведаміў таксама, што, паводле неафіцыйных зьвестак, адзін бэтонны шпень каштуе за 100 даляраў. Такі што за прыгажосьць, казаў той, трэба плаціць, і не малыя сродкі.

У гарадзкім бюджэце, відаць, зьявіліся лішнія грошы? Грошай у бюджэце бракуе на самыя пільныя патрэбы. Дарэчы, па вуліцы Маладзёвай, калі кіравацца з боку вёскі Экімань, сёньня цяжка праехаць: яна дарэшты спляжаная. Жыхары іншай вуліцы – Школьнай – гадамі пішуць лісты з просьбаю прывесьці яе да ладу. Яны ж зьвяртаюцца да ўладаў з просьбаю адрамантаваць дахі жылых дамоў. На гэтыя мэты, на жаль, грошай бракуе. Пра сацыяльную сфэру, якая лямантуе аб дапамозе, я папросту змаўчу. Так што на тваё, Сяргей, рытарычнае пытаньне, я даў ускосны, але таксама рытарычны адказ.
XS
SM
MD
LG