Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ БОК НАКІРАВАЎ ПРАТЭСТ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У заяве, сярод іншага, гаворыцца, што беларускія спэцслужбы затрымалі палкоўніка Віташчыка з парушэньнем жэнэўскай канвэнцыі.

“Затрыманьне польскага дыплямата ў Менску адбылося з парушэньнем міжнародных дамоўленасьцяў, якія падпісала Беларусь. Амбасадар Польшчы ў Беларусі ўжо накіраваў да менскіх уладаў пратэст ў справе затрыманьня палкоўніка Казімежа Віташчыка”, – гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы.

Польскае зьнешнепалітычнае ведамства інфармуе таксама, што палкоўнік Віташчык быў тэрмінова выкліканы для высьвятленьня ўсіх акалічнасьцьяў здарэньня ў Варшаву, дзе цяпер і знаходзіцца.

“Не зьвяртаючы ўвагі на камэнтары, што зьяўляюцца ў беларускіх мэдыях у гэтай справе, можна выказаць шкадаваньне, што ўсё гэта здарылася ў сытуацыі, калі Польшча і Беларусь актыўна шукаюць выйсьцяў, якія б дазволілі палепшыць двухбаковыя дачыненьні паміж нашымі краінамі і наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва, у адпаведнасьці з дэмакратычнымі нормамі і эўрапейскімі стандартамі”, – напісаў дырэктар дэпартамэнту інфармацыі польскага МЗС Багуслаў Маеўскі.

Між тым амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк таксама паведаміў, што затрыманьне польскага аташэ адбылося з парушэньнем канвэнцыяў, што датычаць дыпляматаў.

Амбасадар Паўляк зазначыў, што журналіст газэты “Во славу Родины”, якога нібыта вэрбаваў польскі дыплямат, меў добрыя кантакты з амбасадай Польшчы і нават атрымаў узнагароду за артыкул пра Польшчу, надрукаваны ў сваёй газэце.

Тадэвуш Паўляк паведаміў польскім мэдыям, што час акцыі, якую правялі беларускія спэцслужбы, абраны невыпадкова.

“Гэта адбылося ў час, калі ў Варшаве праходзіць Эўрапейскі эканамічны форум, а да далучэньня Польшчы да Эўразьвязу засталося некалькі дзён. Пэўныя колы дамагаліся таго, каб сапсаваць апошнім часам ня самы горшы клімат у польска-беларускіх дачыненьнях”, – адзначыў амбасадар Польшчы ў Менску Тадэвуш Паўляк.

Гл. таксама
КГБ БЕЛАРУСІ СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО ЗЛАВІЎ ПОЛЬСКАГА ШПІЁНА
XS
SM
MD
LG