Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ШТО ЗАТРЫМАЛІ МІХАІЛА МАРЫНІЧА?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Здаецца, краіна ўжо прызвычаілася да арыштаў вядомых у грамадзтве асобаў, прычым, як працоўных ва ўладных структурах, так і тых, што ў асяродзьдзі апазыцыі. Тым ня менш, затрыманьне былога міністра замежных эканамічных сувязяў, амбасадара Міхаіла Марыніча сталася нечаканым. Прайшло тры гады з таго часу, калі ён быў звольнены з пасады амбасадара Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі за ўдзел у мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Камэрцыйнай дзейнасьцю ён афіцыйна не займаўся, таму што тая асацыяцыя “Деловая инициатива”, якую ён узначальваў, — гэта грамадзкая арганізацыя, а не камэрцыйная. Аднак ён затрыманы.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, яму інкрымінуецца крадзеж сакрэтных дакумэнтаў і захоўваньне двух незарэгістраваных пісталетаў. Пры ператрусе былі знойдзеныя 90 тысяч даляраў. Пры гэтым, ягоны сын заявіў, што ў бацькі былі толькі газавыя пісталеты. Як вы можаце пракамэнтаваць афіцыйную вэрсію?”

(Аляксандар Вайтовіч: ) “Я быў вельмі зьдзіўлены гэтым фактам. Бо я ведаю Міхаіла Афанасьевіча, мабыць, з 1989 году, калі ён яшчэ быў намесьнікам старшыні Менскага гарвыканкаму. Мы ўзаемадзейнічалі зь ім па справах. Потым, калі я стаў прэзыдэнтам Акадэміі Навук, мы таксама супрацоўнічалі. Мая ацэнка гэтага чалавека такая: гэта вельмі разважлівы, удумлівы, спакойны чалавек аналітычнага складу. Таму я ня веру ў тое, што ён хаваў у сябе агнястрэльную зброю. Гэта нейкая недарэчнасьць. Навошта нармальнаму чалавеку зброя? Яна яму непатрэбная. Я думаю, што гэта нейкая правакацыя. Калі толькі гэта не газавы пісталет.

Наконт таго, што ў яго знайшлі сакрэтныя паперы. Мне цяжка сказаць, у чым там справа. Але, здаецца, навошта яму хаваць сакрэтныя паперы. Магчыма, яны засталіся ў яго ад папярэдняй працы. Я магу прывесьці наступны прыклад. Калі я зьбіраўся пакінуць свой кабінэт старшыні Савету Рэспублікі (а рабіць гэта я павінен быў хутка, таму што пра ўказ прэзыдэнта мне сказалі ў той самы дзень, у які ён выйшаў), забраў усе свае асабістыя дакумэнты. Празь некалькі дзён, калі я пачаў іх перабіраць, то знайшоў сярод іх адну з грыфам “для службовага карыстаньня”. Неяк яна завалялася ў маіх асабістых паперах. Я яе аднес назад у Савет Рэспублікі. Хоць, на мой погляд, ніякіх там асаблівых сакрэтаў не было.

Магчыма, што і ў Марыніча выйшла такая ж недарэчнасьць. Можа, ён іх бачыў, але махнуў рукой, вырашыўшы, што яны нікому не цікавыя, і нічога там сакрэтнага няма. Зразумела, хаваць дома дзяржаўныя сакрэты ён не збіраўся, ён ня шпег і не разьведчык. Што тычыцца 90 тысяч даляраў, гэта ўвогуле ніякая не крымінальная справа. Кожны можа захоўваць уласныя грошы альбо ў банку, альбо дома”.

(Мечыслаў Грыб: ) “Я таксама хацеў бы адзначыць, што даўно ведаю Марыніча, з 1990 году, калі разам былі абраныя дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Ён тады спачатку працаваў намесьнікам, а потым старшынём Менскага гарвыканкаму. І далей таксама ведаў яго па руху ягонай працы, службы. Таму хацеў бы далучыцца да думкі Аляксандра Паўлавіча, што гэта паважаны, сьціплы чалавек. У 1994 годзе ён балятаваўся на пасаду Старшыні Вярхоўнага Савету разам са мною. Але перамогу дэпутаты аддалі мне. Я да яго стаўлюся з павагаю, і думаю, шт гэты чалавек ня здольны на нейкае злачынства.

Што тычыцца той афіцыйнай вэрсіі аб прычынах ягонага затрыманьня. Гаворка ідзе аб артыкулах 295 і 377 Крымінальнага кодэксу. Усе гэтыя абвінавачаньні даволі супярэчлівыя. Невядома, якая на справе ў яго была зброя. Ці то газавая, ці агнястрэльная, баявая. Больш верагодна, што гэта былі газавыя пісталеты. Згодна з новым заканадаўствам, за незаконнае валоданьне нават газавай зброяй прадугледжаная адказнасьць. Але гэта ня тая справа, якой трэба займацца КГБ. Парушэнямі па гэтым артыкуле павінна займацца міліцыя.

Што тычыцца знойдзеных сакрэтных дакумэнтаў. Прайшла інфармацыя, што гавора ідзе аб нейкіх бланках. Але ў камэнтары да артыкулу 377 адзначана, што валоданьне блянкамі прадпрыемстваў і арганізацыяў не зьяўляецца крымінальным злачынствам, калі яны пустыя.

Магчыма, нейкія дакумэнты захаваліся ў ягоным архіве з часу, калі ён быў на дзяржаўнай службе. Але любая сакрэтнасьць мае пэўны тэрмін. Сёньня ён сакрэт, заўтра — напалову сакрэт, а пасьлязаўтра — увогуле не сакрэт. Марыніч ужо тры гады назад здаў сваю апошнюю пасаду амбасадара Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Якія там могуць быць сакрэты?

Але і па адным артыкуле, і па другім артыкуле санкцыі пакараньня невялікія. Гаворка ідзе пра два гады, пры вельмі складаных абставінах — шэсьць гадоў зьняволеньня. Гэта ня тое злачынства, за якое трэба затрымліваць да суду, садзіць у сьледчы ізалятар — прычым, ня МУС, а КГБ. Таму тут праглядае нейкі палітычны чыньнік”.

(Карбалевіч: ) “Мне таксама, як і маім суразмоўцам, падаецца сумнеўнай афіцыйная вэрсія. Пра гэта сьведчаць тры чыньнікі. Па-першае, тыя рэчавыя доказы, якія быццам бы сталі прычынай ягонага затрыманьня, былі знойдзеныя пасьля таго, як яго палікалі ў КГБ. На момант, калі яго паклікалі, гэтых доказаў у сьледзтва не было. Па-другое, як слушна заўважыў спадар Вайтовіч, пры чым тут 90 тысяч даляраў, пра якія паведамляе КГБ? Якое яны маюць дачыненьне да абвінавачаньняў?

Па-трэцяе, пра гэта казаў спадар Грыб, нават калі бы сапраўды тыя парушэньні закону, якія яму інкрымінуюць, мелі месца, то яны не зьяўляюцца небясьпечнымі для грамадзтва. Можна было праводзіць сьледчыя дзеяньні, без затрыманьня. Усё гэта сьведчыць пра тое, што спачатку Марыніча затрымалі, а потым шукаюць, у чым яго абвінаваціць. Таму ёсьць вялікія падазрэньні ў палітычнай матываванасьці ягонай справы. І калі ўзяць за аснову палітычную вэрсію, то якія тут матывы? Помста за ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах ці нешта іншае?”

(Вайтовіч: ) “Тут могуць быць толькі нашыя меркаваньні, гіпотэзы. Таму што цяжка казаць, калі няма інфармацыі. Магчыма, тут можа прысутнічаць і палітычная вэрсія. У чым я згодны з вамі, дык гэта ў тым, што высунутыя яму абвінавачаньні не патрабуюць такіх жорсткіх мераў, як затрыманьне”.

(Грыб: ) “Мы ўсе маем права выказваць меркаваньні. Калі казаць пра палітычны чыньнік, то я хацеў бы адзначыць, што я ня бачыў вялікай палітычнай дзейнасьці Марыніча. Таму не разумею, за што яго маглі бы затрымліваць. Так, ён быў супраць цяперашняй улады, ён выказваўся, але не арганізаваў нечага значнага. Мне здаецца, што ў Беларусі ідзе падрыхтоўка да рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыі, аб працягу тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Таму, з аднаго боку, ідзе “раскрутка” дасягненьняў улады. А зь іншага боку, ідзе зачыстка ўсіх непажаданых, усіх, хто крыху ўбок ступіў”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, спадар Марыніч пасьля выхаду ў адстаўку актыўна ўдзельнічаў у апазыцыйным жыцьці. Ён удзельнічаў у стварэньні блёку “За новую Беларусь”, на чале зь Лявонавым, стварэньні руху “За лепшае жыцьцё”, якое фармавалі дэпутаты групы “Рэспубліка”. Але на першых ролях ён ня быў. Ніякіх новых прэтэнзіяў на прэзыдэнцкую пасаду ён не аб’яўляў. Чаму менавіта Марыніч? Чым ён мог перашкаджаць уладам? Якую небясьпеку мог уяўляць?”

(Вайтовіч: ) “Тут мы ўступаем ў прастору меркаваньняў. І ў гэтай прасторы можна вельмі лёгка заблукаць. Давайце пачакаем, зьявіцца крыху больш інфармацыі. Тады нашыя высновы будуць больш дакладныя і грунтоўныя. Я таксама ня бачыў, каб Марыніч вельмі актыўна ўдзельнічаў у апазыцыйнай дзейнасьці. Але, калі б ён і актыўна ўдзельнічаў, дык гэта ягонае канстытуцыйнае права як грамадзяніна. За гэта нельга рабіць чалавеку нейкіх папрокаў, ня кажучы ўжо пра тое, каб выкарыстоўваць Крымінальны кодэкс. Таму мне няясная спраўдная прычына таго, што здарылася”.

(Грыб: ) “Наколькі мне вядома, усе свае дзеяньні Марыніч рабіў у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. Таму цяжка сказаць, чаму яго затрымалі. Трэба трохі пачакаць”.

(Карбалевіч: ) “Мы ведаем, што адносіны ўладаў да заканадаўства вельмі спэцыфічныя. Мы жывем далёка не ў прававой дзяржаве. Таму нават калі пройдзе час, я ня ўпэўнены, што зьявяцца нейкія сапраўдныя тлумачэньні”.

(Вайтовіч: ) “Я з вамі ня згодзен у тым, што мы не даведаемся, як усё адбылося на самай справе. Усё роўна, зь цягам часу ўсё становіцца ясным. Ня сёньня, дык заўтра, праз год, два, тры, усё роўна ўсё становіцца ў гісторыі ясным”.

(Карбалевіч: ) “Мая вэрсія такая. Пераход Міхаіла Марыніча з важнай дзяржаўнай пасады ў апазыцыю стварыў прэцэдэнт, які Лукашэнка лічыць даволі небясьпечным. Асабліва напярэдадні магчымага рэфэрэндуму і новых прэзыдэнцкіх выбараў. На прыклад Марыніча, ягоным шляхам могуць і іншыя дзяржаўныя чыноўнікі пайсьці. Таму трэба даць паказальны ўрок усёй намэнклятуры, каб усе сядзелі як мышы”.
XS
SM
MD
LG