Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЛОЕВЕ КАНТРАКТЫ З НАСТАЎНІКАМІ СТАЛІ СРОДКАМ ПАЛІТЫЧНАГА ЎЦІСКУ


Казімер Яноўскі, Лоеў

Усім настаўнікам Каўпенскай школы прапанавалі падпісаць кантракты на чатыры гады. І толькі зь Мікалаем Анісаўцом загадчыца аддзелу адукацыі Аксана Юкоўская распарадзілася заключыць працоўны кантракт на адзін год. Спадар Анісавец у пісьмовай заяве на адрас загадчыцы расцаніў такое рашэньне як палітычны ўціск, зьвязаны з грамадзкай дзейнасьцю.

У Лоеве настаўніка гісторыі Мікалая Анісаўца сапраўды ведаюць як актыўнага сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, стваральніка і кіраўніка гістарычна-культурнага і экалягічнага грамадзкага аб`ядньня “Карані”. Сябры аб’яднаньня выступалі супраць разьмяшчэньня ў зоне адпачынку базы памежных катэраў, будаўніцтва катэджу старшыні райвыканкаму, спрабавалі абараніць ад зносу ў райцэнтры цагляны мур. Улады нават праз суд імкнуліся зьліквідаваць “Карані”, але высілкі посьпеху ня мелі.

Распавядае Мікалай Анісавец:

(Анісавец: ) “Стварэньне грамадзкага аб’яднаньня было прадыктаванае тым, што ў Лоеве дастаткова шмат людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, ягонай культурай, экалёгіяй. Мы імкнемся наладзіць дыялёг з уладаю, каб неяк працаваць у гэтым кірунку, пры падтрымцы ўладаў. Але, на жаль, дзейснай сувязі не атрымліваецца. Улада ўспрымае нас як нейкіх канкурэнтаў, якія сваімі прапановамі спрабуюць уплываць на ўладу, і гэта балюча ўспрымаецца ўладаю”.

Афіцыйнага адказу на заяву Мікалая Анісаўца з нагоды дыскрымінацыйнага кантракту аддзел адукацыі яшчэ ня даў. Я паспрабаваў зьвязацца з загадчыцай Аксанай Юкоўскай. Высьветлілася, што яна працяглы час знаходзіцца ў Менску на курсах. Намесьніца загадчыцы раённага аддзелу адукацыі Людміла Маклюк заявіла:

(Маклюк: ) “Я вам буду ўдзячная, калі вы задасьцё гэтае пытаньне Аксане Аркадзеўне. Гэта будзе на карысьць усім. Я за тое, каб было правільна”.

Спадарыня Маклюк пацьвердзіла таксама, што пераважай большасьці настаўнікаў раёну прапанаваныя шматгадовыя працоўныя кантракты. Выключэньнем сталі толькі тыя, хто меў нейкія парушэньні ці заўвагі ў навучаньні. Але гэта не датычыць настаўніка Мікалая Анісаўца — ягоныя вучні за апошнія два гады вызначыліся на раённай і абласной алімпіядах па гісторыі.
XS
SM
MD
LG