Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ БЕЛАРУСІ СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО ЗЛАВІЎ ПОЛЬСКАГА ШПІЁНА


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня КГБ Беларусі паведаміў, што спыніў “агентурную акцыю польскай вайсковай выведкі па здабычы сакрэтных зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу Рэспублікі Беларусь”. “Вызначана, што агентурныя апэрацыі ажыцьцяўляў вайсковы і вайскова-паветраны аташэ амбасады Польшчы ў Менску палкоўнік Казімеж Віташчык”, — паведамляе прэсавы рэліз КГБ і дадае, што яго затрымалі 27 красавіка “на сьвежым учынку” ў момант атрыманьня сакрэтных матэрыялаў. Прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў патлумачыў, што спадара Віташчыка адпусьцілі ды не абвяшчалі пэрсонай нон грата:

(Базанаў: ) “Не, ён пакінуў сам тэрыторыю краіны — яго адклікаў польскі бок для кансультацыяў”.

Інфармацыю пра адкліканьне вайсковага аташэ для кансультацыяў у Варшаву пацьвердзіў і польскі амбасадар у Менску Тадэвуш Паўляк. Ён таксама заявіў, што спадара Віташчыка затрымалі з парушэньнем Венскае канвэнцыі.

Паводле КГБ, польская спэцслужба спрабавала прыцягнуць да супрацоўніцтва афіцэра беларускага Міністэрства абароны, шпіёнская дзейнасьць зь якім ажыцьцяўлялася выведнікамі, што дзейнічаюць пад прыкрыцьцём амбасады Польшчы ў Менску. Аднак спадар Базанаў удакладніў, што беларускі афіцэр радзіме ня здрадзіў:

(Базанаў: ) “Паколькі апэрацыя ішла пад нашым кантролем, дык, натуральна, мы кантралявалі й паводзіны таго, хто адыгрываў ролю шпіёна”.

Крыніца ў польскай амбасадзе паведаміла, што ролю шпіёна адыгрываў журналіст газэты беларускага Міністэрства абароны “Во славу Родины”. Польскі дыплямат зазначыў, што з журналістам газэты, які часта наведваў амбасаду Польшчы, вайсковы аташэ Казімеж Віташчык абедаў у рэстаране менскага Дому літаратара, што побач з амбасадай.

“Гэта проста старыя мэтады ды адсутнасьць прафэсіяналізму”, — заявіў Радыё Свабода польскі дыплямат і дадаў, што гэтая правакацыя КГБ зробленая паводле загаду тых, хто зацікаўлены ў кепскіх дачыненьнях Беларусі й Польшчы. Супрацоўнік польскай амбасады, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, зазначыў, што час затрыманьня зусім невыпадкова супаў з тэрмінамі візыту беларускага прэм’ера ў Варшаву, які быў скасаваны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG