Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FRANKFURTER ALLGEMEINE ZEITUNG: “ЦЫРКУ БЯЗ ЛУКАШЭНКІ БЫЦЬ НЯ МОЖА”


Юры Дракахруст, Прага

Газэта піша, што амбасады краінаў, што ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз і ўступаюць у яго, меркавалі правесьці ў Менскім цырку гала-канцэрт з удзелам беларускіх і эўрапейскіх актораў для 1800 гасьцей.

Напачатку імпрэзы амбасадары краінаў Зьвязу павінны былі выйсьці на арэну са сьцягамі сваіх дзяржаваў і зьвярнуцца да аўдыторыі, а напрыканцы ўдзельнікі ўрачыстасьці меліся праслухаць зварот старшыні Эўракамісіі Рамана Продзі, запісаны на відэастужку.

Амбасадары, – піша “Frankfurter Allgemeine Zeitung”. – накіравалі зварот па дазвол на мерапрыемства некалькі тыдняў таму, і міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў успрыняў яго пазытыўна. Ён сказаў, што на 99% упэўнены, што будзе дадзены дазвол на самым высокім узроўні.

На просьбу МЗС амбасадары двойчы пераносілі прэсавую канфэрэнцыю, на якой меркавалася абвесьціць пра сьвяткаваньне. Аднак ужо былі запрошаныя артысты, надрукаваныя запрашальныя квіткі. З адмысловым атракцыёнам на сьвяткаваньні зьбіраўся выступіць вядомы нямецкі ілюзіяніст Аляксандар Коплін.

Аднак 26 красавіка, – працягвае газэта. – МЗС Беларусі паведаміў, што прадставіць праект Аляксандру Лукашэнку не атрымалася, бо ён знаходзіцца ў Гомельскай вобласьці, таму гала-канцэрт у дзяржаўным цырку не адбудзецца.

Але імпрэза магчымая, патлумачылі ў МЗС, калі з праграмы будуць выкрасьленыя выступы амбасадараў і зварот кіраўніка Эўракамісіі.

Эўразьвяз на паддаўся на гэты відавочны шантаж – піша “Frankfurter Allgemeine Zeitung”. – і мерапрыемства было адмененае.

Паведаміць пра гэта давялося ў амбасадзе Літвы, бо беларускія ўлады адмовілі ў правядзеньні прэсавай канфэрэнцыі ў нацыянальным прэсавым цэнтры.

Гл. таксама
У МЕНСКУ НЕ ДАЗВОЛІЛІ АДСЬВЯТКАВАЦЬ ПАШЫРЭНЬНЕ ЭЎРАЗЬВЯЗУ
XS
SM
MD
LG