Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.РУМЛ: “ЯК ДЭМАКРАТ, Я ВЕЛЬМІ РАСЧАРАВАНЫ РАЗЬВІЦЬЦЁМ ПАДЗЕЯЎ У БЕЛАРУСІ”


Юры Сьвірко, Менск

(Карэспандэнт: ) “Спадар Румл, як можа пашырэньне Эўразьвязу паўплываць на двухбаковыя стасункі паміж Чэхіяй і Беларусьсю? Ці павялічыцца ўзаемны гандаль?”

(Румл: ) “Я не мяркую, што адразу пасьля пашырэньня Эўразьвязу ўзаемны таваразварот паміж Чэхіяй і Беларусьсю зьменіцца. Таксама і палітычныя стасункі — яны захаваюць такі самы характар на даволі доўгі пэрыяд, аднак некаторыя зьмены могуць зьявіцца. Чаканыя зьмены могуць адбыцца дзякуючы нашым магчымасьцям удзельнічаць у праектах, накіраваных на Беларусь Эўрапейскім Зьвязам. Я маю на ўвазе найперш праект “Шырэйшая Эўропа”.

(Карэспандэнт: ) “Ці пацярпела эканамічнае супрацоўніцтва пасьля пагрозаў Менску адрэагаваць на адмову Прагі дазволіць Аляксандру Лукашэнку прысутнічаць на праскім саміце НАТО ў лістападзе 2002 году?”

(Румл: ) “Наша эканамічнае супрацоўніцтва істотна не пацярпела. Выпадковыя калізіі звычайна маюць толькі абмежаваны ўплыў, калі ёсьць інтарэс да ўзаемных эканамічных перавагаў. Аднак арыентацыя кіраўніцтва дзьвюх краінаў на розныя каштоўнасьці прадухіляе разьвіцьцё лепшых эканамічных стасункаў. Чым лепшае разуменьне, тым лепшы гандаль”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Румл, ці павялічваецца колькасьць беларускіх турыстаў у Чэхіі пасьля ўвядзеньня візаў? І ці езьдзяць найвышэйшыя чыноўнікі Беларусі катацца на лыжах у вашу краіну?”

(Румл: ) “Што да колькасьці турыстаў, дык я магу заявіць, што сытуацыя амаль стабільная. Увядзеньне візаў адбылося 1 траўня 2000 году, і мы маем каля 26 тысяч заяўнікаў штогод. Ну а найвышэйшыя чыноўнікі Беларусі ня езьдзяць катацца на лыжах у Чэхію. Некаторыя багатыя людзі робяць гэта час ад часу”.

(Карэспандэнт: ) “Якую дапамогу чэхі аказваюць беларускім уцекачам, улучна са студэнтамі, якія вучацца ў вашай краіне пасьля выключэньня з унівэрсытэтаў на бацькаўшчыне?”

(Румл: ) “Дзясяткі беларускіх студэнтаў вучацца ў розных унівэрсытэтах Чэхіі. І мы шукаем большых магчымасьцяў, каб павялічыць колькасьць студэнтаў. Больш за гэта, мы будзем выдаткоўваць некаторым беларускім выпускнікам штогадовыя стыпэндыі для пасьлядыплёмнай адукацыі ў рамках міжнароднага Вышаградзкага фонду, і гэта наступны крок у дапамозе. Што да ўцекачоў, любы адказ будзе даволі цяжкім, таму што любая дапамога залежыць ад індывідуальнага выпадку”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Румл, паколькі Беларусь і Чэхія ня маюць агульнай мяжы, ці будзе важным для Прагі мець сваю амбасаду ў Менску пасьля 1 траўня?”

(Румл: ) “Вядома. Нягледзячы на той факт, што Чэхія дзейнічае тут, супрацоўнічаюцы з краінамі Эўразьвязу, яна мае і свае ўласныя інтарэсы таксама. І чэская амбасада ў Менску будзе працягваць абараняць гэтыя інтарэсы пасьля 1 траўня”.

(Карэспандэнт: ) “Распавядзіце, калі ласка, пра сябе і свой дыпляматычны досьвед”.

(Румл: ) “Мой дыпляматычны досьвед не асьляпляльны, паколькі я — “новая структура”, як мы, чэхі, называем людзей, што не былі камуністамі й не займалі высокіх пасадаў. Пасьля дэмакратычнай рэвалюцыі ў Чэхіі я займаўся палітыкай і празь некалькі гадоў стаў дырэктарам у справах бясьпекі чэскага МЗС. Потым цягам пяці гадоў я быў дарадцам чэскага сталага прадстаўніцтва ў НАТО ў Брусэлі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Румл, паляпшаюцца ці пагаршаюцца вашыя ўражаньні ад Беларусі пасьля таго, як вы сюды прыехалі?”

(Румл: ) “Ну, гэта даволі цяжкае пытаньне, таму што я жыву тут усяго некалькі месяцаў. Вядома, я заўважыў некалькі дзіўных выпадкаў — напрыклад, праблемы, якія датычаць Беларускага Хэльсынскага камітэту, незалежных газэтаў і няўрадавых арганізацыяў, Коласаўскага беларускага ліцэю, Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, дзеяньняў паліцыі падчас Дня сьвятога Валянціна і гэтак далей. Як дэмакрат, я вельмі расчараваны такім разьвіцьцём падзеяў. Аднак некаторыя ключавыя падзеі, якія могуць быць нечым, мажліва, яшчэ наперадзе. Вядома, я маю на ўвазе парлямэнцкія выбары ды, найперш, прэзыдэнцкія выбары ў 2006 годзе ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG