Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІЯ “ЗЯЛЁНЫЯ” ПАТРАБУЮЦЬ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ ЮРЫЯ БАНДАЖЭЎСКАГА


Ул. інф.

(Хармс: ) “На жаль, пакуль я не абраная ў Эўрапарлямант, а зьяўляюся толькі лідэрам фракцыі ў зямельным ніжнесаксонскім парлямэнце, і мне не ўдалося дасягнуць таго, чаго хацелася бы. Таму цяперашняй маёй задачай ёсьць прыцягненьне ўвагі эўрапейскай грамадзкасьці да пэўных прававых момантаў у Беларусі, якія ў Заходняй Эўропе зусім невядомыя, за выключэньнем хіба што добра інфармаваных колаў”.

47-гадовая Рэбэка Хармс, альбо, як яе называюць назіральнікі, “першая сярод нямецкіх “зялёных”, прапануе эўрапейцам напісаць адпаведныя лісты да ўласных міністраў замежных справаў. У гэтым зьвязку ўрады эўрапейскіх краінаў мусяць аказаць адпаведны дыпляматычны ціск на беларускі ўрад і адсочваць, як беларускія ўлады адрэагуюць на яго. Ня так даўно ў выніку ініцыятывы Рэбэкі Хармс і яе сяброў-праваабаронцаў зь Нямеччыны і Францыі заснаваны адмысловы фонд падтрымкі Юрыя Бандажэўскага.

(Хармс: ) “Мы зыходзім з таго, што Бандажэўскі будзе вызвалены. І калі ён вернецца на волю, ён мусіць усё распачынаць ад пачатку. У тым ліку і сваю навуковую дзейнасьць, да якой зь вялікай павагай ставяцца ягоныя калегі ва ўсім сьвеце, уключна з нобэлеўскімі ляўрэатамі. На жаль, тыя зьвесткі, якія я атрымала нядаўна, вельмі непакояць. Фізычны і псыхічны стан здароўя Бандажэўскага вельмі цяжкі, і гэта, наколькі мне вядома, ёсьць клопатам нямецкага і францускага амбасадараў у Менску.

Дарэчы, днямі ў Жэневе ў часе паседжаньня камісіі ААН па правах чалавека таксама была прыцягнутая ўвага да лёсу Бандажэўскага, адзначалася, што гэты навуковец знаходзіцца ў зьняволеньні не на падставе закону, а з прычыны ягоных перакананьняў. Кожнае такое публічнае агучваньне гэтай справы дапамагае нам у зборы сродкаў. Пакуль у фонд паступілі ахвяраваньні ад маленькіх грамадзкіх ініцыятываў, але мы спадзяемся і на падтрымку іншых вялікіх фондаў”.

Паводле нямецкіх журналістаў, колішняй ляндшафтнай дызайнэрцы і кінадакумэнталістцы, а потым лідэру фракцыі “зялёных” у зямельным ляндтагу Ніжняй Саксоніі, заўсёды ўдавалася прыцягнуць увагу да тых справаў, якія наўмысна замоўчваліся пэўнымі ўплывовымі коламі. Менавіта Рэбэка Хармс зьвярнула ўвагу грамадзтва на праблему перазахоўваньня радыяактыўных адкідаў на тэрыторыі былых савецкіх краінаў альбо да афэры з “сутачнымі” грашыма эўрапейскіх парлямэнтароў. Як пішуць нямецкія выданьні, з пачаткам выбараў у Эўрапарлямэнт заканчваецца цэлая эра Рэбэкі Хармс як ніжнесаксонскага палітыка, і, хутчэй за ўсё, распачнецца новая эра Хармс як палітыка эўрапейскага маштабу.

(Хармс: ) “Ёсьць шмат рэчаў, пра якія эўрапейцам трэба пастаянна думаць у зьвязку з Чарнобылем. Рэч у тым, што я адна зь першых заходніх грамадзянак, хто наведаў чарнобыльскую зону. Гэта было ў 1988-м, калі яшчэ існаваў СССР. Нашая група — кінадакумэнталісты, навукоўцы, пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы — наведалі зону, шмат забруджаных населеных пунктаў у Беларусі. Гэта тое, што ўражвае на ўсё жыцьцё. Дасьледаваньні Бандажэўскага ўнікальныя. Пасьля выбараў у Эўрапарлямэнт я разам са сваімі калегамі буду працягваць кампанію ў ягоную падтрымку”.

Спадарыня Хармс адмовілася камэнтаваць беларускую сытуацыю, ва ўмовах якой падтрымаць Бандажэўскага і ягоную сям’ю (хаця бы маральна) баяцца многія ягоныя колішнія сябры і вучні.
XS
SM
MD
LG