Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 29 КРАСАВІКА


Ул. інф.

29 красавіка 1863 году ў Ігуменскім павеце адбылася бойка паўстанцкага атраду пад кіраўніцтвам Сьвентарэцкага з рэгулярнымі часткамі расейскай арміі. У выніку расейцы адбілі ў паўстанцаў абоз – каля сарака вазоў, а самі інсургенты пасьпелі схавацца ў лясах.

29 красавіка 1987 году пачынаецца арганізаваны менскім маладзёвым клюбам “Талака” Дзьвінскі паход моладзі на знак пратэсту супраць будаўніцтва Дзьвінскай гідраэлектрастанцыі, у выніку чаго меліся быць затопленыя вялікія абшары Віцебшчыны. Маладыя людзі з розных гарадоў Беларусі разам з латыскімі сябрамі плылі па Дзьвіне на чаўнах, што выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю тагачаснае камуністычнае ўлады Беларусі. Аднак станцыю будаваць ня сталі.

29 красавіка 1996 году Канстытуцыйны суд Беларусі прызнае неадпаведным Канстытуцыі краіны ўказ прэзыдэнта Лукашэнкі, паводле якога органы ўлады мусілі выконваць ягоныя прызнаныя неканстытуцыйнымі ўказы. У выніку гэтае процістаяньне прывядзе да спробы імпічмэнту Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце, якая ня ўдасца. Канстытуцыйны суд будзе заменены іншым судом, а Вярхоўны Савет – разагнаны.

29 красавіка 1921 году нарадзіўся беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, які ўсё жыцьцё прысьвяціў вывучэньню старажытных летапісаў. Ермаловіч пераканаўча даказаў, што ніякага захопу літоўскімі князямі беларускіх плямёнаў не было, што летапісная Літва знаходзілася зусім недалёка ад цяперашняе сталіцы Беларусі і што Вялікае Княства Літоўскае было сярэднявечнай беларускай дзяржавай.

29 красавіка 1931 году пакінуў гэты сьвет філёляг-славіст, акадэмік Яўхім Карскі.

29 красавіка 1940 году нарадзіўся Ўладзімер Ганчарык – адзіны кандыдат ад апазыцыі на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах.

Сярод сусьветных славутасьцяў, што нарадзіліся 29 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня амэрыканскага джазавага музыку Дзюка Элінгтона, японскага імпэратара Хірахіта, кінаакторку Мішэль Пфайфэр і зорку тэніснага корту Андрэ Агасі.

А яшчэ 29 красавіка ў 1980 годзе пакінуў гэты сьвет брытанскі кінарэжысэр, які стварыў цэлую калекцыю клясычных фільмаў жаху, Альфрэд Гічкок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG