Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУРГУРЫДЭС: “Я НЕ ЧАКАЮ, ШТО ШЭЙМАН ПОЙДЗЕ Ў АДСТАЎКУ. Я ЧАКАЮ, ШТО ЛУКАШЭНКА ЯГО ЗВОЛЬНІЦЬ”


Юры Сьвірко, Менск

На пытаньне, ці задаволены ён тым, што ўхвалілі ягоны варыянт рэзалюцыі й рэкамэндацыяў наконт расьсьледаваньня справаў зьніклых, і якім мусіць быць наступны крок, спадар Пургурыдэс адказаў:

(Пургурыдэс: ) “Я абсалютна задаволены. Даклады атрымалі амаль аднагалосную падтрымку ад сяброў Парлямэнцкай асамблеі. Я мушу выказаць ім сваю падзяку за гэтую вялізную падтрымку. Наступны крок не за Парлямэнцкай асамблеяй. Наступныя крокі – іх шмат – павінны зрабіць розныя іншыя органы. Я чакаю, што Эўрапейскі Зьвяз, ААН адрэагуюць на даклад, як і ўсе іншыя міжнародныя форумы”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Пургурыдэс, суды якіх краінаў могуць распачаць прапанаваныя працэдуры супраць беларускіх чыноўнікаў?”

(Пургурыдэс: ) “Ёсьць некалькі эўрапейскіх краін, якія могуць узяць сьведчаньні, што зьмешчаныя ў дакладзе, і, мажліва, правесьці крымінальнае расьсьледаваньне. Найбольш верагодна, Гішпанія можа зрабіць гэта. Нідэрлянды і Бэльгія маюць у сваіх крымінальных кодэксах разьдзелы, якія дазваляюць крымінальны перасьлед. Ня ведаю, мо яшчэ ёсьць іншыя краіны”.

(Карэспандэнт: ) “Кіраўнік расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ Канстанцін Касачоў заявіў у Страсбуры, што ўхваленьне Вашых дакладаў азначае толькі адно – поўны байкот Беларусі, – а гэта можа прывесьці толькі да жорсткай рэакцыі з боку Менску і да новых праблемаў. Ці згодныя Вы з гэтым?”

(Пургурыдэс: ) “Не, я не пагаджаюся. Мы не вырашылі зрабіць поўную ізаляцыю для Беларусі – мы вырашылі, што павінны спыніць палітычныя кантакты з рэжымам. Наадварот, мы вырашылі, што будзем дапамагаць усімі мажлівымі спосабамі ўсім апазыцыйным групам, незалежным мэдыям і ўсім тым людзям, якія змагаюцца за дэмакратычную эвалюцыю ў Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “А што адбудзецца, калі генэральны пракурор Віктар Шэйман ня пойдзе ў адстаўку?”

(Пургурыдэс: ) “Я не чакаю, што спадар Шэйман пойдзе ў адстаўку. Я чакаю, што спадар Лукашэнка яго звольніць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі ён яго не звольніць?”

(Пургурыдэс: ) “Ну, пасланьне ад Рады Эўропы яснае. Я чакаю, што Лукашэнка ды ягоны рэжым атрымаюць пасланьне. Калі яны думаюць, што могуць ігнараваць міжнародную супольнасьць, – няхай ігнаруюць. Я не думаю, што краіна можа выжыць, ігнаруючы міжнародную супольнасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Апошняе пытаньне: калі, на Вашу думку, сем’і зьніклых атрымаюць нейкі вынік расьсьледаваньня – праз год, два…”

(Пургурыдэс: ) “Я не магу насамрэч сказаць. Гэта тое, што не знаходзіцца ў межах маёй сфэры працы, – прадказваць, калі сем’і змогуць атрымаць рэальныя вынікі. Што я магу сказаць – што сем’і маюць права на вынікі, што сем’і маюць права ведаць, дзе іх любімыя, і што сем’і ды ўвесь сьвет маюць права патрабаваць пакараньня тых, хто быў уцягнуты ў зьнікненьні. Калі прэзыдэнт Лукашэнка захоча правесьці належнае расьсьледаваньне, вынікі могуць быць справай тыдняў”.

Гл. таксама
• ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЗАПАТРАБАВАЛА АДСТАЎКІ ГЕНПРАКУРОРА БЕЛАРУСІ ВІКТАРА ШЭЙМАНА
• ПУРГУРЫДЭС: ЗЬНІКНЕНЬНІ АДБЫЛІСЯ НА ЗАГАД ВЫШЭЙШАГА КІРАЎНІЦТВА КРАІНЫ
• В.ШЭЙМАН НЕ КАМЭНТУЕ ПАТРАБАВАНЬНЯ ПАРЭ АБ ЯГОНАЙ АДСТАЎЦЫ
XS
SM
MD
LG