Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖЭНЭВЕ ЗАВЕРШЫЛАСЯ СЛУХАНЬНЕ Ў СПРАВЕ ПАРУШЭНЬНЯ ПРАВОЎ ПРАФСАЮЗАЎ У БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

Вынікам працы адмысловай камісіі МАП у справе Беларусі стане рэзалюцыя, якая будзе падрыхтаваная і даведзеная міжнароднай супольнасьці гэтай восеньню.

Цягам двух дзён суд разгледзеў факты парушэньня ўрадам Беларусі дзесяці пунктаў дзьвюх Канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы. Гэта — умяшальніцтва ва ўнутраныя справы прафсаюзаў, адмова супрацоўніцтва, а таксама ўціск і пагрозы шараговым сябрам і лідэрам прафаб’яднаньняў. Сябры незалежных прафсаюзаў, якія выступілі сьведкамі ў працэсе, спадзяюцца, што здолелі давесьці суду праўдзівасьць гэтых абвінавачаньняў. Вось што ў інтэрвію Свабодзе паведаміў лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Усе мы прымалі прысягу, што будзем гаварыць праўду і толькі праўду, але мы сказалі бы гэтую праўду і без прысягі. Мы паведамілі камісіі ўсе факты парушэньня правоў прафсаюзаў, рэпрэзэнтавалі адпаведныя дакумэнты. І хачу адзначыць, што ўраду на гэтыя факты не было чаго сказаць”.

Адначасова з камісіяй МАП у Эўразьвязе гэтаксама была створаная адмысловая група, якая цяпер высьвятляе магчымасьць скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі. Вось што пра гэта кажа прадстаўнік Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Вадзім Барысаў, які ўдзельнічаў у працэсе ў якасьці абвінаваўцы:

(Барысаў: ) “Генэралізаваная сыстэма прэфэрэнцыяў Эўразьвязу прадугледжвае пэўныя гандлёвыя льготы, у тым ліку й Рэспубліцы Беларусь, у тым выпадку, калі ўрад выконвае свае абавязкі, якія прадугледжваюць павагу да канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы №87 і 98. Калі ўрад адмаўляецца і ня хоча выконваць гэтых канвэнцыяў — на падставе чаго ён будзе атрымліваць ільготы? Хочаце атрымліваць — адпрацуйце сваю частку, за якую вы падпісаліся”.

На канчатковае вырашэньне пытаньня пра гандлёвыя льготы з краінамі Эўразьвязу для Беларусі можа мець непасрэдны ўплыў і выніковая рэзалюцыя камісіі Міжнароднай арганізацыі працы. Яна будзе падрыхтаваная і накіраваная эўрапейскай і міжнароднай супольнасьці сёлета ў лістападзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG