Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЫНІКУ МЭЛІЯРАЦЫІ БЕЛАРУСЬ МОЖА СТАЦЬ СТЭПАВА-ДЗЮНАВЫМ КРАЕМ


Сьвятлана Курс, Менск

“Гэта прывядзе да чарговай экалягічнай катастрофы”, — сьцьвярджаюць незалежныя экспэрты. Навукоўцы і чыноўнікі адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю, прапануючы “пачакаць”.

31% усіх сельскагаспадарчых земляў Беларусі — мэліяраваныя, на іх жыве 2 мільёны людзей. На думку кіраўніка дзяржавы, належыць аднавіць 700 тысяч гектараў земляў, якія паўторна забалочваюцца, выветрываюцца або зарастаюць хмызьняком. Аляксандар Лукашэнка ўхваліў савецкую мэліярацыю, якая праводзілася ў 1950–60 гады: “Гэта самы лепшы праект савецкага ўраду за ўсю гісторыю Беларусі”. Кіраўнік дзяржавы назваў беспадстаўнымі размовы пра тое, што мэліярацыя мела нэгатыўныя для экалёгіі краіны наступствы.

“Кіраўнікі абласьцей не павінныя кідаць тыя землі, якія трэба аднавіць”, — кажа прэзыдэнт, аднак не ўдакладняе, якія менавіта землі мяркуецца аднавіць, а якія пакінуць на забалочваньне. Кіраўніцтва канцэрну “Белмэліяводгас” “ня мае чаго сказаць” пра меркаваную мэліярацыю і выкарыстаньне скіраваных на яе сродкаў.

Незалежныя эколягі ў сваіх камэнтарах адназначныя. Гаворыць Валеры Дранчук, кіраўнік ініцыятывы “Пушча XXI”:

(Дранчук: ) “Я лічу, што гэта вельмі сур’ёзныя заявы. Пагражае тым жа, чым і ў 1960-я гады. Вада яшчэ хутчэй пацячэ ў акіян. Цяпер жа ідзе паўторнае забалочаньне. Не было грошай, пачалося паўторнае забалочаньне, расьце кустоўе, затрымліваецца вільгаць. Пачала аднаўляцца біялягічная разнастайнасьць і формы беларускага пэйзажу. Цяпер гэта хочуць скальпіраваць. Тое, што мы ўчора чулі ад Лукашэнкі, ёсьць простым вынікам лабіяваньня. Ёсьць грошы. Іх хочуць пакласьці пад праграму аднаўленьня вёскі. Аднаўленьне вёскі — мэліярацыя? Тут павінны сказаць сваё слова вёска і эколягі”.

Не сказалі свайго слова навукоўцы. Няма разгорнутага аналізу, якія вынікі чакаюць Беларусь, яе клімат, глебу, паветра, людзей у выніку паўторнай мэліярацыі. Дырэктар Інстытуту праблемаў выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і экалёгіі акадэмік Уладзімер Логінаў адмовіўся выказаць сваё меркаваньне на гэты конт.

У АН таксама не камэнтуюць намераў прэзыдэнта, рэкамэндуючы “пачакаць”. У неафіцыйнай размове адзін з акадэмікаў НАН нават заявіў карэспандэнту “Свабоды”: “Што вы турбуецеся? Усё роўна на мэліярацыю грошай няма”.

Пінскі эколяг Аляксей Дуброўскі, аўтар кнігі “Палігон”, напісанай па выніках савецкай мэліярацыі, зазначае, што паўторнае забалочваньне земляў, гэтак як і паўторная мэліярацыя мусіць весьціся асьцярожна, з падрабязным навуковым аналізам і праграмаваньнем, шырокім абмеркаваньнем. Аднак навукоўцы запабягаюць публічна выказваць сваё думку пасьля выказваньняў прэзыдэнта ў Пінску.

У 2002 годзе Беларусь падпісала Міжнародную канвэнцыю ААН па барацьбе з апустыньваньнем і дэградацыяй земляў. Цяпер у Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, 223 тысяч гектараў дэградаваных тарфянікаў, якія ў выніку непісьменнай мэліярацыі зьнесьлі вецер і вада або зьнішчаюць штогадовыя тарфяныя пажары. На паверхню заміж балотных тарфянікаў выступаюць гэтак званыя падсьцілачныя пароды — то бок пяскі. Беларусь падпісвала Канвэнцыю аб захаваньні водна-балотных рэсурсаў, але ў выніку мэліярацыі краіна робіцца стэпава-дзюнавым краем.
XS
SM
MD
LG