Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АФІЦЫЙНАЕ АБВІНАВАЧАНЬНЕ МІХАІЛУ МАРЫНІЧУ ДАГЭТУЛЬ НЕ ПРАД’ЯЎЛЕНАЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

28 красавіка раніцай у КГБ былі выкліканыя сыны Міхаіла Марыніча Павал і Ігар, а пасьля размоваў зь імі сьледчыя правялі ператрус у гаражы Паўла. Паводле Паўла Марыніча, ператрус працягваўся больш за тры гадзіны і завершыўся канфіскацыяй некаторых дакумэнтаў арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якой кіраваў Міхаіла Марыніч. Павал Марыніч паведаміў Радыё Свабода пра ўчорашнюю размову адваката і бацькі са сьледчымі КГБ. Падчас гэтай размовы экс-міністар патлумачыў паходжаньне нібыта знойдзеных у яго на лецішчы 90 тысяч даляраў, двух пісталетаў і сакрэтных дакумэнтаў. Павал Марыніч паведаміў:

(Павал: ) “Ён сказаў, што на зброі, якую ў яго знайшлі на лецішчы, няма ягоных адбіткаў пальцаў, што гэтую зброю падкінулі. Пра грошы сказаў, што гэта ягоныя асабістыя грошы. А дакумэнты — гэта архіў, які датаваны яшчэ 1997 годам”.

Удакладню, што, паводле Паўла, Міхаіл Марыніч прызнае сваім адзін газавы пісталет, а вось ад другога, баявога, адмаўляецца. Таксама Міхаіл Марыніч паведаміў сьледчым, што 15 красавіка невядомыя асобы забраліся на ягонае лецішча ў пасёлку Зацань, і, магчыма, гэта яны падкінулі баявы пісталет. Паводле Паўла Марыніча, напярэдадні бацька зьвяртаўся наконт рабаўніцтва ў міліцыю.

Адвакат Міхаіла Марыніча пацьвердзіла, што абвінавачаньне яе кліенту пакуль не прад’яўленае. Дарэчы, свайго прозьвішча адвакат прасіла не паведамляць журналістам, яна нібыта ня хоча агалоскі свайго ўдзелу ў гэтай справе. Мне ўдалося высьветліць, што раней Марыніч адмовіўся ад паслугаў дзяжурнага адваката з Кастрычніцкай юрыдычнай кансультацыі, якога першапачаткова запрасілі ў КГБ для дапамогі.

Між тым, вядомыя асобы, якія лічаць сябе добрымі знаёмымі Міхаіла Марыніча, перакананыя, што зброя, дакумэнты і грошы — толькі падстава для перасьледу Марыніча паволе палітычных матываў. Так лічаць Міхаіл Чыгір, які быў прэм’ерам ураду, дзе міністрам замежнаэканамічных сувязяў працаваў Міхаіл Марыніч. З гэтым пагаджаецца і генэрал Валер Паўлаў, які разам з Марынічам быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Гэтыя людзі не выключаюць, што кіраўніцтва Беларусі палічыла Марыніча небясьпечнай у палітычным сэнсе фігурай, якая нібыта атрымала падтрымку ў Маскве. “Крымінальны перасьлед аўтарытэтнага чалавека — звычайны для беларускага кіраўнітва прыём барацьбы з палітычным канкурэнтам”, — заўважае, у прыватнасьці, Міхаіл Чыгір.

Гл. таксама
КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ
XS
SM
MD
LG