Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОДНАЯ ХАТА ВАСІЛЯ БЫКАВА БУДЗЕ АДБУДАВАНАЯ Ў ПЕРШАПАЧАТКОВЫМ ВЫГЛЯДЗЕ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сядзібе сям’і Быкавых у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну нададзены статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці, якая мусіць ахоўвацца дзяржавай. На думку Ніны Сулецкай, супрацоўніцы Віцебскае ўправы аховы помнікаў, гэта здарылася вельмі своечасова. Бо абласны Камітэт архітэктуры і будаўніцтву запраектаваў пабудаваць на родным падворку Васіля Быкава стылізаваную хатку ў псэўданародным стылі, каб зьмясьціць у ёй мэмарыяльны музэй пісьменьніка.

(Сулецкая: ) “У Камітэце архітэктуры вельмі супраціўляліс, яны не пагаджаліся з аўтэнтычнасьцю. Яны ж хацелі пабудаваць такі “церамок”, каб была прыгожанькая карцінка — хатку, якая ня мае нічога агульнага з домам Васіля Быкава. Таму давялося гэтую ідэю прабіваць, настойваць, што трэба будаваць такую хату-музэй, якой яна была пры жыцьці пісьменьніка”.

З прапановаю занесьці сядзібу Васіля Быкава ў сьпіс дзяржаўных каштоўнасьцяў спадарыня Сулецкая зьвярталася двойчы. Упершыню яшчэ пры жыцьці пісьменьніка, але тады Дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны ня стаў нават яе разглядаць. Другі зварот быў напісаны ўжо тады, калі паўстала пытаньне пра ўшанаваньне памяці пісьменьніка, і Віцебскі аблвыканкам выдаткаваў на стварэньне музэю ў вёсцы Бычкі 30 мільёнаў рублёў.

Учора навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры прыняла станоўчае рашэньне, спыніўшы тым самым узьвядзеньне безаблічнага “церамка”, пра які казала Ніна Сулецкая. Праўда, пад яго ўжо пасьпелі падвесьці падмурак, і ўжо выраблены новы зруб, аднак, на думку загадчыцы Вушацкага раённага аддзелу культуры Тацяны Малах, усё гэта яшчэ можна скарыстаць дзеля пабудовы аўтэнтычнае хаты Быкавых. Спраўдную ж хатку цяпер зносяць, бо адрэстаўраваць яе, як меркавалася напачатку, магчымасьці няма.

(Малах: ) “Такая яна ўжо была старая, нягеглая, столь абвалілася. Цяпер яе, старую, зносім, а новую будуем. Будуем, а тэрміны ж падціскаюць! Мы ж хочам да 19 чэрвеня ў ёй ужо і экспазыцыю разьмесьціць!”

Цяпер Вушацкі аддзел культуры зьбірае экспанаты для будучага музэю, нават цэлага музэйнага комплексу, бо з часам будзе адноўленая ня толькі хата, а ўся сядзіба Быкавых у вёсцы Бычкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG