Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СЯДЗЯЦЬ ЗАТРЫМАНЫЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ?


Любоў Лунёва, Менск

Некаторыя палітыкі некалькі разоў адбывалі арышты ў спэцпрыёмніку-раьмеркавальніку, усе лідэры апазыцыйных партыяў адзначыліся ў гэтай установе. А намесьнік старшыні БНФ Алесь Міхалевіч упершыню трапіў за краты. Як ён успрыняў гэты арышт? У назіральнікаў склалася ўражаньне, што ён абсалютна спакойна паставіўся да прысуду судзьдзі Аксаны Рэлявы, калі тая абвесьціла — 10 сутак арышту. Віктар Івашкевіч прысутнічаў у судзе. Ён сам апошні раз адбываў арышт у 2000 годзе за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка. На думку Віктара Івашкевіча, арышт не пашкодзіць палітычнаму іміджу палітыка. Вось што ён казаў наконт прысудаў:

(Івашкевіч: ) “Я, натуральна, спачуваю гэтым хлопцам, што давядзецца ім у замкнёнай прасторы сядзець гэтыя 7 і 10 сутак. Даволі гэта ўсё непрыемна, але й ня страшна. Міхалевіч першы раз. Усё ж такі першы намесьнік старшыні БНФ. Усе сядзелі, а ён — не. Павінен і ён прайсьці гэты шлях. Для палітычнага лідэра на сёньняшні дзень гэта неабходная адзнака”.

Дваццацігадовы Андрусь Козел правядзе за кратамі спэцпрыёмніка 7 сутак арышту. Вядома, што Андрусь і Алесь Міхалевіч трапілі ў адну камэру. Усе тыя, хто адбывалі арышты ў гэтай установе, кажуць, што значна лягчэй, калі ў камэры знаходзісься разам зь сябрамі. Усе кажуць, што да “палітычных” ставяцца з павагаю.

Але ў жаночых камэрах горш за ўсё. Па-першае, жанчыны, як правіла, туды трапляюць па адной. Па-другое, кантынгент там самы непрыемны, бо гэта жанчыны-п’яніцы, на якіх часам іх дзеці выклікалі міліцыю. Бываюць выпадкі, калі ў такіх жанчын пачынаюцца прыступы “белай гарачкі”, і тады ўся камэра грукае ў дзьверы, каб выклікалі псыхіятрычную брыгаду. Але такое здараецца і з мужчынамі.

Што тычыцца Андруся Козела і Алеся Міхалевіча, то яны акурат у гэты момант мусілі атрымаць сьняданак — шклянку гарбаты і кавалак хлеба. Зь нядаўняй пары абед у спэцпрыёмніку спалучылі зь вячэрай. Гэта тая ж шклянка гарбаты з хлебам, але яшчэ суп і каша з катлетай. Ім учора перадалі цёплыя рэчы, а сёньня аднясуць харчовыя перадачы, у якіх традыцыйна сала, каўбасы, часнок і цыбуля.
XS
SM
MD
LG