Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АБРАБАВАЛІ КВАТЭРУ ЧЭСКАГА ДЫПЛЯМАТА


Уладзімер Глод, Менск

Гэты дом на беразе Сьвіслачы агароджаны, яго кругласутачна ахоўваюць адмысловыя дзяжурныя. За карыстаньне толькі адной кватэрай замежныя амбасады пераводзяць беларускай службе “Дыпсэрвісу” ў сярэднім тысячу даляраў на месяц. Тут жывуць расейскі амабасадар Аляксандар Блахін, амбасадар Казахстану Газіз Алдамжараў, часовы павераны Славакіі Ёзэф Мачышак, дыпляматы Польшчы, Нямеччыны ды іншых краінаў.

Цікава, што, паводле Ўладзімера Лукашціка, дзьверы ягонай кватэры не былі ўзламаныя. Невядомыя, верагодна, падабралі ключы. З рэчаў злодзеі ўзялі толькі лічбавую кінакамэру. Яны таксама вытраслі з тэчкі асабістыя дакумэнты дыплямата і забралі іх з сабою. Зьніклі, у прыватнасьці, правы кіроўцы, тэхпашпарт на машыну.

Кіраўнік комплексу адміністрацыйных будынкаў і гатэляў службы “Дыпсэрвіс”, што займаецца абслугоўваньнем замежных дыпляматаў, Антон Радавец, зь якім я размаўляў праз тры дні пасьля падзеі, гаворыць, што інфармацыяй аб рабунку кватэры чэскага дыплямата ён не валодае:

(Радавец: ) “На дадзены момант — не”.

Уладзімер Лукашцік гаворыць, што гэта ня так:

(Лукашцік: ) “Насамрэч мы сустракаліся ў той дзень, калі я даведаўся пра крадзеж альбо гвалтоўны ўваход кагосьці ў маю кватэру. Ён прыехаў асабіста, і ў памяшканьні дзяжурнага ішла размова зь ім і з трыма ці чатырма міліцыянтамі. Мы абмеркавалі пытаньне, я іх паінфармаваў, яны сказалі, што будуць узмацняць меры бясьпекі для жыхароў. І калі ён гаворыць, што не валодае такой інфармацыяй, то я паўтаруся: гэта не зусім праўда. У такім выпадку, амбасада Чэхіі, мабыць, зробіць афіцыйныя захады — будзе афіцыйна інфармаваць “Дыпсэрвіс” і Міністэрства замежных справаў”.
XS
SM
MD
LG