Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА ТОРТ “ЛЕБЯДЗІНАЯ ПЕСЬНЯ”, “МИШКИН ПОЦ.” ДЫ “ЛЭДЗІ МАКБЭТ N-СКАГА РАЁНУ


Юлія Шарова, Менск

Часам у меня асабіста ўзьнікае ўражаньне, быццам беларускія бізнэсоўцы любяць опэру. Гэтак, днямі я бачыла ў мэтро рэкляму нейкага таямнічага цэнтру “Фрэя”, які прапануе насельніцтву кансультацыі ў практычнай магіі. У той жа дзень мне на вочы трапілася шыльда саўны пад назвай “Карсар”. Я патэлефанавала ў гэтую ўстанову, і там мяне запэўнілі, што ніякіх опэрных алюзіяў у назьве саўны няма.

(Спадар: ) “Карсар — гэта ў перакладзе пірат, самі разумееце. Гэта марская тэматыка, таму й названая была. Бо інтэр’ер саўны выкананы ў стылі карабля флёцкага, таму й назвалі “Карсар”.

У Менску ёсьць станцыя тэхабслугоўваньня “Лятучы Галяндэрац” — яшчэ адна міжвольная асацыяцыя з опэрным мастацтвам. Прычыну такога выбару назвы тлумачыць генэральны дырэктар фірмы Віктар Ліхарад:

(Ліхарадаў: ) “У назьве што галоўнае? Каб сказаў і запомніў — слушна? Калі будзе “Прамсэрвіс”, “Аўтасэрвіс”, “Максэрвіс”, “Юколасэрвіс”, то гэта вельмі цяжка запомніць. Ну й свае яшчэ дадаткова нюансы, якія я вам патлумачыць не магу”.

Як высьветлілася ў размове, зь сюжэтам аднайменнай опэры Вагнэра і зь легендай пра марака-вандроўніка спадар Ліхарад добра знаёмы. Гэта і ёсьць дадатковым нюансам. Але ж ніякі страшны праклён на вашае аўто ня ляжа, калі вы раптам завітаеце на станцыю, супакоіў мяне бізнэсоўца.

Пашану да высокага мастацтва дэманструюць ня толькі ў сталіцы: аднойчы ў пляне мерапрыемстваў упраўленьня культуры аднаго з раёнаў Гомельскай вобласьці знайшлося такое — “Лэдзі Макбэт N-скага раёну”. Аказалася, гэта быў усяго толькі раённы конкурс прыгажосьці… А вось калі жыхар Менску ці госьць сталіцы апынецца ў падземным пераходзе ля вакзалу, то ён, пэўна, зьверне ўвагу на рэкляму фірмы “Белая грыва”. Пры гэтым на карцінцы намаляваны абсалютна чорны конь. А адна кавярня ў Менску на вуліцы Талбухіна носіць зусім узвышаную назву — “Упоение”.

Падобныя кур’ёзы сустракаюцца і ў назвах тавараў. Ня так даўно можна было набыць нават торт “Лебядзіная песьня”. Пэўны час у крамах прадавалася мінэральная вада “Праваслаўная”. Цяпер вельмі проста можна знайсьці каўбасу “Нясьвежскую” — менавіта так пішацца ды вымаўляецца назва тавару, вэндліну “Вэгетарыянскую” і “Сувэнірную”. А вось літаральна ўчора я бачыла каўбасу “Забвение”.

Ёсьць і зусім пікантных назвы. Яйкі “Маладзецкія” — гэта прадукцыя Салігорскай птушкафабрыкі — сталі карыстацца падвышаным попытам у крамах пасьля таго, як у рэкляме прагучэла, быццам спажываньне гэтага прадукту мацуе мужчынскую сілу. Адкуль гэтая назва, я зыпыталася ў намесьніцы дырэктара птушкафабрыкі Алы Чырскай:

(Чырская: ) “Ну вось назвалі! (Сьмяецца.) Што ў іх сіла духа закладзеная. Улічваючы тое, што там утрымліваецца сэлен, такі незамяняльны элемэнт прыродны. Мы ўжо з усім сутыкаліся — і з выразамі, і з рэакцыямі на гэтую назву нашую. Ну вось мы гэтак нараклі — што гэта сіла, што гэта маладосьць, што гэта здароўе!”

Ужо колькі год прадаюць у крамах ласунак “Мишкин поцелуй”. Аднойчы прадавачкі ў “Цэнтральным” гастраноме напісалі на цэньніку скарочаную назву тавара — “Мишкин поц.”. Гэтую праяву пачуцьця гумару ў прадавачак пакупнікі ня могуць забыць дагэтуль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG