Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПОЛЬСКАГА ЛУКАШЭНКУ” СЫМБАЛІЧНА АДПРАВІЛІ Ў МЕНСК


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Палітык, якога хацелі сымбалічна пазбавіцца маладыя польскія лібэралы з арганізацыі “Маладыя дэмакраты” – моладзевага крыла “Грамадзянскай плятформы”, гэта Анджэй Лепэр, лідэр папулісцкай партыі “Самаабарона”. На хвалях беларускай “Свабоды” мы ўжо ня раз распавядалі пра гэтага палітыка і пра тое, што ў Польшчы яго часам клічуць “польскім Лукашэнкам”.

Праз абяцаньні разабрацца з карупцыяй, забраць у багатых “накрадзенае” і падзяліць сярод бедных, Лепэр і ягоная партыя сталіся даволі папулярнымі ў Польшчы. А напярэдадні зьявілася інфармацыя пра тое, што Анджэй Лепэр паабяцаў, як кажуць, “разабрацца” яшчэ і з журналістамі, якія, маўляў, занадта расьпісаліся.

Дык вось удзельнікі гэпэнінгу палічылі, што найбольш досьведу ў гэтай справе мае кіраўнік суседняй дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і вырашылі адправіць свайго “Лукашэнку” у Менск падвучыцца. Пры гэтым, як кажуць маладыя польскія палітыкі, лепш было б, каб Анджэй Лепэр у Польшу болей не вяртаўся. Вось што сказаў Радыё Свабода адзін з удзельнікаў гэпэнінгу Матэвуш Монька.

(Монька: ) “Паназіраўшы за тым, што апошнім часам гаворыць Анджэй Лепэр, мы вырашылі, што ён хоча кіраваць Польшчай так, як кіруе Беларусяй Аляксандар Лукашэнка. Гэта тычыцца і эканомікі, і грамадзкага ладу. На наш погляд тое, што цяпер, на жаль, адбываецца ў Беларусі мусіць быць перасьцярогай для палякаў, якія хочуць галасаваць за Лепэра”.

Удзельнікі гэпэнінгу спрабавалі пасадзіць чалавека ў масцы Лепэра ў вагон цягніка Варшава-Масква, які ідзе празь Менск, аднак чуйныя праваднікі наадрэз адмовіліся ўзяць безьбілетнага пасажыра, ды казалі, што “у іх хапае і сваіх”.
XS
SM
MD
LG