Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУД ПАКАРАЎ УДЗЕЛЬНІКАЎ “ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ”


Любоў Лунёва, Менск

У Савецкім судзе цягам пяці гадзінаў судзілі арганізатараў несанкцыянаванага шэсьця Людмілу Гразнову і намесьніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча, а таксама ўдзельніка акцыі Андруся Козела.

Нагадаем, пасьля заканчэньня акцыі “Чарнобыльскі шлях” міліцыянты ўручылі позвы ў міліцыю ўсім падпісантам заяўкі ў Менгарвыканкам на правядзеньне акцыі.

Андруся Козела затрымалі амонаўцы пасьля заканчэньня акцыі. Ноч пратрымалі ў дзяжурнай частцы міліцыі, а потым а 6 раніцы адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.

Адтуль яго прывезьлі ў суд. Справу Андруся разглядала судзьдзя Натальля Скугарава. Сем сутак арышту – такое пакараньне вынес суд дваццацігадоваму сябру АГП. Андрусь Козел так пракамэнтаваў гэты прысуд Радыё Свабода:

(Козел: ) “У мяне такое адчуваньне, што існуе нейкая заканамернасьць, адбываецца нейкі неверагодны ціск – то амонаўцы зьбіваюць, то цяпер гэты арышт. Ня ведаю, чаго яшчэ чакаць. Наадварот, гэты арышт надае больш натхненьня ўдзельнічаць у апазыцыйных акцыях, супрацьстаяць гэтаму рэжыму, які невінаватых людзей закатаваць, пасадзіць. Мне гэта вельмі не падабаецца. Я не хачу, каб малодшае пакаленьне трапіла ў такую ж сытуацыю”.

Судзьдзя Руслан Казадаеў заслухаў 6 сьведкаў у справе праваабаронцы Людмілы Гразновай. Людміла не аспрэчвала свайго ўдзелу ў несанкцыянаваным шэсьці. Яна абуралася рапартамі супрацоўнікаў міліцыі, у якіх было запісана, што Гразнова нібыта крычала, заклікала станавіцца ў калёну і размахвала рукамі. Штраф у 225 мінімальных заробкаў (гэта каля 2 000 даляраў) – такое пакараньне вызначыў суд за арганізацыю “Чарнобыльскага шляху”.

(Гразнова: ) “Адна і тая ж хлусьня. Але мае найбольшае абурэньне выклікае стаўленьне нашых грамадзянаў. Ахвяруем дзеля краіны, дзеля іх. Трэба нешта рабіць кожнаму. Хаця б прыйсьці на суд, каб падтрымаць хлопцаў, якіх забралі на 10 сутак. Мне далі штраф у чатыры мільёны. Колькі я тут нэрваў сапсавала! Не! Не рухаюцца. Сядзяць недзе, зубаскаляць. А каб зрабіць добры ўчынак, дык няма сілаў. Вось што мяне больш за ўсё абурае”.

Намесьніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча судзьдзя Аксана Рэлява арыштавала на 10 сутак. Алесь упершыню будзе адбываць тэрмін у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку. Зь міліцэйскага “варанка” ён пасьпеў сказаць некалькі словаў:

(Міхалевіч: ) “Гэта было парушэньне з боку Менгарвыканкаму, бо яны не адказалі на нашу заяву адносна шэсьця. Мы арганізавалі шэсьце і мітынг у поўнай адпаведнасьці дзеючаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь і міжнародным нормам. Лічу, што гэты прысуд абсалютна несправядлівы. Першы раз у мяне такі прысуд, калі я буду сядзець на Акрэсьціна. Лічу, што як і большасьць такіх прысудаў, ён абсалютна незаконны”.

Ня ўсе падпісанты прыйшлі згодна з позвамі ў міліцыю. Павал Знавец прынцыпова вырашыў не ісьці. Генадзь Быкаў прыйшоў, але міліцыянты ўзялі ў яго тлумачэньні, прагледзелі відэастужку і адпусьцілі. Справа ў тым, што спадар Быкаў быў на плошчы ля каменя ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і ў шэсьці ня ўдзельнічаў.
XS
SM
MD
LG