Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІТВЕ АДЗНАЧЫЛІ 18-УЮ ГАДАВІНУ ЧАРНОБЫЛЯ


Тацяна Поклад, Вільня

У Панявежысе дзейнічае грамадзкі рух “Чарнобыль”, які выдае сваю газэту “Černobylietis” (“Чарнобылец”). Сёньня раніцай у касьцёле у Пільвішках (Вілкавішскі раён) адбылася імша за ўсіх памерлых і хворых “чарнобыльцаў” і іх сем’і.

Каля 7 тысячаў жыхароў Літвы бралі ўдзел у працах па ліквідацыі наступстваў аварыі на АЭС. Паводле афіцыйных зьвестак, зь іх ліку памерлі каля 400 чалавек.

Літоўскі рух “Чарнобыль” перакананы, што сапраўдныя наступствы Чарнобыльскай аварыі у Літве па-ранейшаму невядомыя і зьбірае сваю статыстыку. Паводле рэдактара газэты “Černobylietis” Кястуціса Казлаўскаса, памерлі як найменей 680 чалавек.

Цалкам дакладнай статыстыкі адносна ўсіх пацярпелых ад радыяцыі няма. Найменш зьвестак захавалася за пэрыяд 1986-1987 гадоў.

Дырэктар Цэнтру аховы ад радыяцыі Альбінас Мастаўскас згадвае, што пра Чарнобыльскую аварыю ім паведамілі толькі 29 красавіка.

Пасьля аварыі як найменей у 11 раёнах Літвы радыяактыўная забруджанасьць перавышала норму. Найбольш пацярпелі паўднёва-заходнія і заходнія раёны, над якімі прайшла першая радыяактыўная хмара адразу пасьля аварыі.

Жыхароў папярэдзілі пра небясьпеку толькі праз дзесяць дзён, 5 траўня, калі былі зробленыя першыя вымярэньні радыяцыі. У гэтых раёнах было забаронена ўжываць малочныя прадукты, на пэўны час былі спыненыя прадпрыемствы дзіцячага харчаваньня. Аднак даволі хутка забароны скасавалі, а людзей супакоілі, што небясьпекі – няма.

Старэйшы адмысловец літоўскага Цэнтру па ахове ад радыяцыі Дануце Шыдзішкене кажа: “Калі пра радыяцыйную заразу было б вядома адразу, дзецям у заходніх і паўднёва-заходніх раёнах трэба было б адразу наладзіць ёдавую прафіляктыку. Але, калі атрымалі зьвесткі пра радыяцыю, было ўжо запозна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG