Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НАВЕДАЛА ДЭЛЕГАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ ЛІТВЫ


Севярын Квяткоўскі, Менск

У беларускамоўнай гімназіі №4 беларусаў Літвы сустрэлі традыцыйнымі цымбаламі. Удзельнікі дэлегацыі рэпрэзэнтуюць усю геаграфію Літвы, ад Салечнікаў да Кляйпэды. Многія дэлегаты шмат гадоў не былі ў Беларусі. Камэнтары ад пабачанага ў Беларусі наступныя:

(Спадар з Салечнікаў: ) “БТ у нас паказвае лепш, як іншыя каналы. Ведаеце, нашы людзі добра ставяцца да Аляксандра Рыгоравіча”.

(Спадар зь Вісагінасу: ) “Я ехаў на сваёй машыне, адрозна ад Лтвы Беларусь мае лепшы выгляд. Бо ў Літве разваленыя фэрмы, палі стаяць пустыя”.

(Спадарыня: ) “Цяпер у Беларусі больш размаўляюць па-беларуску, чым гадоў сем-восем таму”.

Так мяркуе прадстаўніца адзінай у Літве беларускамоўнай сярэдняй школы.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы прыяжджаеце ў Беларусь, і гаворыце па-беларуску, ці не адчуваеце сябе ізноў нацменшасьцю?”

(Спадарыня: ) “Не, бо калі я зьвяртаюся па-беларуску, мне таксама адказваюць. Можа мне шанцуе?!”

Каля двух дзясяткаў дэлегатаў рэпрэзэнтуюць Згуртаваньне беларускіх суполак Літвы. Але ў Літве ёсьць беларускія арганізацыі, якія не ўваходзяць у згуртаваньне. Тлумачыць дырэктар Віленскага беларускага музэю Сяржук Вітушка:

(Вітушка: ) “Сярод беларускіх суполак у Літве адбыўся падзел. Частка суполак прызнала той рэжым, які існуе ў РБ, і супрацоўнічае зь ім. Спадзяецца на нейкую дапамогу ад гэтай дзяржавы, ад гэтых людзей. А іншыя арганізацыі, іншыя людзі з гэтым рэжымам не пагаджаюцца і як могуць пратэстуюць. Згуртаваньне беларускіх суполак Літвы, яны пайшлі на кампраміс і дазваляюць выкарыстоўваць сябе ў гэтых гульнях”.

Зрэшты, у прыватных размовах прадстаўнікі згуртаваньня больш шчыра казалі пра мізэрную колькасьць беларускіх садкоў і школаў у Беларусі.

(Спадар: ) “Як будзе жыць Беларусь у асяродзьдзі іншых краінаў, так будуць жыць беларусы па ўсім памежжы”.

“Добра, што хоць штосьці беларускае ёсьць”, — сказаў мне на разьвітаньне адзін з удзельнікаў дэлегацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG