Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міхаіл Марыніч быў выкліканы ў КГБ для размовы 26 красавіка і дамоў не вярнуўся. 27 красавіка ў першай палове дня старшыня КГБ Леанід Ерын пацьвердзіў дэпутатам парлямэнту, што гэта менавіта затрыманьне, але не сказаў, у чым падазраюць Міхаіла Марыніча.
Тады ж прэм’ер Сяргей Сідорскі на пытаньні дэпутата Валера Фралова адносна справы Марыніча заявіў, што “гэтае пытаньне не датычыць эканамічнай праграмы, якую ён прадстаўляе”.

Празь некалькі гадзінаў, у другой палове дня зьявілася афіцыйнае паведамленьне КГБ пра затрыманьне Міхаіла Марыніча, у якім раскрытая сутнасьць заведзенай на яго крымінальнай справы. Фігуруюць два артыкулы — “крадзеж альбо пашкоджаньне дакумэнтаў, штампаў і пячатак” і “незаконныя дзеяньні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі”. У КГБ сьцьвярджаюць, што падчас ператрусаў у Міхаіла Марыніча былі знойдзеныя афіцыйныя дакумэнты з сакрэтнымі зьвесткамі, а таксама два незарэгістраваныя пісталеты і 90 тысяч даляраў ЗША. Ці сапраўды яны належаць былому амбасадару і міністру?

Сын Марыніча Павал заявіў Радыё Свабода, што яму невядома пра паходжаньне 90 тысяч даляраў, і ўвогуле ён упершыню чуе, што ў бацькі былі такія грошы. Адносна пісталетаў Павал Марыніч сказаў, што ў бацькі былі не агнястрэльныя, а газавыя пісталеты, адзін зь якіх ён трымаў пры сабе, а другі — на лецішчы. Добра вядома сыну і пра дакумэнты з архіву Міхаіла Марыніча.

(Павал: ) “Там на лецішчы быў ягоны асабісты архіў. Там паперы ляжалі яшчэ сямігадовай даўніны, яшчэ з часу, калі ён быў мэрам Менску”.

Затрыманьне Міхаіла Марыніча было нечаканым для ягонай сям’і, сьведчыць Павал Марыніч. Паводле яго, напярэдадні быцька паведаміў сваякам, што выкліканы ў КГБ на размову, але не выказваў ніякіх апасеньняў наконт сваёй будучыні.

(Павал: ) “Ён сказаў нам пра гэта і ішоў туды вельмі спакойна, без адваката, безь нічога”.

Павал Марыніч лічыць, што затрыманьне бацькі зьвязана выключна зь ягонай палітычнай дзейнасьцю. У 2001 годзе былы амбасадар у шэрагу эўрапейскіх краінаў, былы міністар замежнаэканамічных сувязяў і старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Марыніч сышоў у адстаўку і спрабаваў вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Сутнасьцю ягонай праграмы была лібэралізацыя эканомікі краіны і прарыў яе палітычнай ізаляцыі. Сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў Міхаілу Марынічу не ўдалося, але з актыўнай палітыкі ён не пайшоў. Былы абмасадар стварыў аб’яднаньне “Дзелавая ініцыятыва”, якое займалася прасоўваньнем ідэяў рынкавай эканомікі. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Васіль Шлындзікаў лічыць, што Марыніч не займаўся камэрцыяй, і таму ня верыць, што ў яго маглі быць вялікія грошы.

(Шлындзікаў: ) “Гэта ж грамадзкае аб’яднаньне. Калі за год-два празь яго рахунак і прайшло ноль цэлых ноль дзясятых нейкіх грошай, гэта ў найлепшым выпадку”, — лічыць Васіль Шлындзікаў.

Ён тлумачыць затрыманьне Міхаіла Марыніча палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, тым, што Міхаіл Марыніч не адкінуў ідэі на наступных выбарах вылучацца на прэзыдэнта Беларусі.

А лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зьвяртае ўвагу на значны аўтарытэт Міхаіла Марыніча сярод кіроўных колаў Расеі. Паводле Анатоля Лябедзькі, гэта магло справакаваць беларускія ўлады на пэўныя захады супраць былога амбасадара і міністра:

(Лябедзька: ) “Улічваючы спэцыфіку Аляксандра Лукашэнкі, які ўсё бачыць скрозь павелічальнае шкло, нейкая інфармацыя, якую яму маглі даць, магла прывесьці да рашэньня пазбавіць Марыніча волі”.

Цяпер Міхаіл Марыніч знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КГБ — так званай “амэрыканцы”. Пакуль ён лічыцца не арыштаваным, а толькі затрыманым. Паводле зьвестак, у другой палове дня сьледчыя праводзілі зь ім допыт з удзелам адваката. Удакладню, што самае вялікае пакараньне паводле артыкулаў ягонай крымінальнай справы — шэсьць гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
XS
SM
MD
LG