Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЗЬМЕНЯЦЦА ДВУХБАКОВЫЯ СТАСУНКІ БЕЛАРУСІ З СУСЕДНІМІ КРАІНАМІ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ПАСЬЛЯ 1 ТРАЎНЯ?


Юры Сьвірко, Менск

Часовы павераны ў справах Латвіі Эганс Нэйманіс паведаміў, што з 1 траўня замест розных збораў за выдачу візаў уводзіцца ўсяго два — за аднаразовую і шматразовую візу. Яна зьменіцца таксама вонкава і будзе зьмяшчаць фатаграфію. Але што да двухбаковых дачыненьняў зь Беларусьсю, спадар Нэйманіс, які кіруе латвійскай місіяй у Менску цягам амаль чатырох апошніх гадоў, заявіў:

(Нэйманіс: ) “Я думаю, што 2 траўня ніякіх зьменаў яшчэ ня будзе. Але калі казаць глябальна, дык я думаю, што нашы стасункі павінны паляпшацца, стаць больш інтэнсіўнымі, бо, як мне здаецца, удзел Латвіі ў Эўрапейскім Зьвязе ды ініцыятыва “новых суседзяў” дасьць магчымасьць для новых кантактаў. Эўрапейскі Зьвяз мае агульную замежную палітыку, таму, натуральна, палітыка будзе каардынаваная, але мы палітыку каардынуем ужо даволі даўно”.

Як і Эганс Нэйманіс з Латвіі, літоўскі амбасадар у Менску Ёнас Паслаўскас спадзяецца на згаданую ініцыятыву:

(Паслаўскас: ) “Ёсьць усё ж такі палітыка новага суседзтва. Я думаю, што мы нейкіх кардынальных зьменаў ня мусім чакаць. Але ёсьць новы інструмэнт — ня толькі двухбаковы, але і эўразьвязавы інструмэнт. І тут Літва будзе думаць вельмі актыўна, як зьмест напоўніць рэальнымі дзеяньнямі, рэальнай працай”.

Ёнас Паслаўскас паведаміў, што Вільня разглядае цяпер увесь комплекс пытаньняў візавай палітыкі, бо Літва далучаецца да Эўразьвязу. Але ў найбліжэйшай будучыні нейкіх кардынальных зьменаў як у цане, гэтак і ў працэдуры ня будзе. Разглядаецца магчымасьць павялічыць колькасьць тыпаў візаў, аднак, паводле спадара Паслаўскаса, гэта ўсё пойдзе на аблягчэньне, а не на ўскладненьне двухбаковых стасункаў.

А вось што заявіў Беларускай Свабодзе з нагоды пашырэньня Эўразьвязу польскі амбасадар у Менску Тадэвуш Паўляк:

(Паўляк: ) “Ня будзе асаблівых зьменаў фактычна, па вялікім рахунку. Ведаеце, трэба некаторыя тэхнічныя пытаньні вырашаць. Цяпер мусіруецца пытаньне, што грамадзяне Беларусі, якія едуць у Польшчу, мусяць мець страхоўку. Ну, павінна быць страхоўка з 1 траўня, ну й што ж? Павінна быць. Або запрашэньне, або 300 злотых на дзень. Але гэта цалкам тэхнічныя патрабаваньні.

Мы ўступаем у Эўразьвяз ужо даволі доўгі час. І мы нашую палітыку даўно ўзгаднялі з нашымі партнэрамі па Эўразьвязе. Таму тут няма нічога нечаканага. Мы маем своеасаблівы падыход да шмат якіх бакоў супрацоўніцтва зь Беларусьсю, але гэта ўсё ў межах тае палітыкі, якую праводзяць Эўразьвяз і краіны, якія ўступаюць у Эўразьвяз. У Польшчы, ведаеце, ёсьць пэўнае адзінагалосьсе, якое дасягнутае наконт палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Гэта значыць, падыход і кіроўных партыяў, і апазыцыйных амаль аднолькавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG