Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДВА ВІЦЕБСКІЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ АКЦЫІ ПАМЯЦІ ЧАРНОБЫЛЮ ТРАПІЛІ Ў ШПІТАЛЬ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Спадары Бакуноў ды Катушонак распавялі, што па сканчэньні ўчорашняй жалобнай акцыі яны вярталіся з офісу гарадзкой арганізацыі АГП, куды заносілі сымбалічны чарнобыльскі звон. Каля восьмай вечара на мосьце імя Блахіна, недалёка ад кінатэатру “Беларусь”, каля іх спынілася цёмная іншамарка, зь якой выйшлі чацьвёра невядомых. Двое зь іх засталіся каля машыны, астатнія нібыта прайшлі ўздоўж іх. Апошняе, што памятаюць Фёдар Бакуноў ды Сяргей Катушонак — моцны ўдар па галаве, нанесены ў патыліцу.

Апрытомнелі яны толькі празь некалькі гадзінаў на бязьлюдным пустыры недалёка ад месца нападу. Выпадковы кіроўца дапамог ім дабрацца да шпіталю, адкуль ужо ўраньні яны змаглі датэлефанавацца да сваякоў.

Лекар нэўрахірургічнага аддзяленьня Ўладзімер Сідарэнка сёньня ацэньвае стан здароўя пацярпелых як здавальняючы. Абодва яны маюць страсеньне мозгу, а таксама выразныя прыкметы зьбіцьця — драпіны ды сінякі. Паводле высновы лекара, у шпіталі ягоным пацыентам давядзецца правесьці блізу дзесяці дзён.

Сёньня спадары Бакуноў ды Катушонак заявілі пра зьдзейсьнены на іх напад у міліцыю. Аднак яны ня пэўныя, што змогуць пазнаць крыўдзіцеляў, бо тыя напалі ззаду і ў часе кароткае бойкі ня вымавілі ніводнага слова. На думку апазыцыянэраў, так могуць дзейнічаць толькі адмыслова падрыхтаваныя людзі, аднак мэта іхнага нападу ім невядомая.
XS
SM
MD
LG