Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ ТРАДЫЦЫЙНЫ “ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ”


Юры Сьвірко, Менск

Каля тысячы ўдзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” сабралася на менскай плошчы Якуба Коласа. Першымі пачалі актыўныя дзеяньні маладафронтаўцы – яны разгарнулі вялікі транспарант “Малады Фронт”, які потым несьлі на чале ўсяе калёны, і пачалі скандаваць: “Моладзь за Беларусь!”

Міліцыя папярэджвала, што збор на плошчы Якуба Коласа забаронены.

Пасьля таго, як людзі спрабавалі пачаць рух, зьявіліся амонаўцы, якія перакрылі шлях у бок цэнтру. Яны ж спрабавалі затрымаць лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, але той вельмі спрытна ад іх уцёк. Нарэшце калёна пайшла праспэктам Францішка Скарыны да Акадэміі навук.

Адна з арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” Людміла Гразнова сказала падчас шэсьця:

(Гразнова: ) “Вельмі пужаюцца ўлады, што мы пойдзем да Кастрычніцкага пляцу – там рэзыдэнцыя прэзыдэнта, які вельмі баіцца і сядзіць ад страху там дрыжыць. Але ж гэта “Чарнобыльскі шлях” – мы мірна сёньня сьведчым сваю жалобу і незадавальненьне той сытуацыяй, якая склалася ў краіне”.

Пасьля павароту з праспэкту на вуліцу Сурганава на чале калёны “Чарнобыльскага шляху” зьявіўся жалобны звон, які заўжды гучаў падчас гэтых акцыяў. Крыху пазьней прынесьлі й вялікую ікону – арганізатары шэсьця пабойваліся, што яе сканфіскуюць. На вуліцы Сурганава калёна людзей упершыню выйшла на праезную частку, бо на ходніку зьмясьціцца не змагла.

На сваім шляху дэманстранты каля плошчы Бангалёр сустрэлі кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску Эбэргарда Гайкена. Нарэшце калёна дайшла да капліцы на рагу вуліцаў Сурганава й Карастаянавай. Акадэмік Іван Нікітчанка прапанаваў ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю хвілінай маўчаньня. Потым ён нагадаў пра наступствы катастрофы для здароўя беларускага народу.

Далей выступіў Аляксандар Дабравольскі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які нагадаў, што 26 красавіка 1986 году ўлады хлусілі народу. Ён заявіў, што цяпер гісторыя паўтараецца.

(Дабравольскі: ) “І зноў хлусьня. І зноў жаданьне не сказаць нікому нічога. І мне вось гэтая дарога, якой павялі нашую краіну, нагадвае вельмі балючую для мяне дарогу з Хойнікаў да Брагіна, па якой я неаднаразова езьдзіў, калі мы езьдзілі ў чарнобыльскую зону дапамагаць там школам і дзіцячым садкам. Заўважце, што там дзеці да гэтай пары ў дзіцячых садках і школьнікі вучацца – у вёсках, дзе больш за 15 кюры на квадратны кілямэтар. І вось гэтая дарога вельмі страшная: з аднаго боку, з правага там ёсьць вёскі, дзе жывуць людзі, а зь левага ўсё зруйнавана, толькі буслы на слупах. І вось гэтая чарнобыльская дарога нагадвае мне зараз той шлях, па якім не ў цывілізаваны сьвет, а ў іншае месца вядуць Беларусь”.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка дадаў, што цяпер улады дазволілі насельніцтву жыць у чарнобыльскай зоне і нават вырошчваць там харчы.

(Вячорка: ) “Сапраўдная прычына гэтага – і наплявальніцтва на лёс народу, і разбураная эканоміка, таму што толькі эканоміка моцнай краіны можа справіцца з такой бядой. Таму што толькі краіна, якая імкнецца быць годнай і незалежнай, здольная зьвярнуцца да міжнароднай супольнасьці й запатрабаваць ад суседа належнай кампэнсацыі. Мы з вамі сёньня праходзім гэтым шляхам, каб яшчэ раз нагадаць: мы памятаем, мы ведаем праўду, і ніхто нам ня здолее нахлусіць – так, як учора хлусіла Беларускае тэлебачаньне, сьцьвярджаючы – гэта ж трэба набрацца такога нахабства, – што Беларускі Народны фронт, што беларускія дэмакратычныя сілы за тое, каб спыніць падтрымку няшчасных чарнобыльскіх рэгіёнаў. Большага цынізму цяжка сабе ўявіць”.

Арганізатарам шэсьця міліцыянты ўручылі позвы на раніцу 27 красавіка ў РАУС. Тамсама падчас усяго “Чарнобыльскага шляху” прасядзеў Андрэй Сухаверхі, якога затрымалі яшчэ да пачатку акцыі. А пасьля мітынгу затрымалі Андрэя Козела з АГП.
XS
SM
MD
LG