Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ НЕ ДАЗВОЛІЛІ АДСЬВЯТКАВАЦЬ ПАШЫРЭНЬНЕ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Юры Сьвірко, Менск

Францускі амбасадар Стэфан Шмялеўскі, які прадстаўляе ў Менску старшынёўства Эўразьвязу, прадэманстраваў журналістам каляровыя запрашэньні на імпрэзу ў цырк і паабяцаў раздаць гэтыя маляўнічыя паперы на сувэніры. Спадар Шмялеўскі паведаміў, што на 19-ю гадзіну пятніцы ў будынку цырку плянавалася імпрэза, дзе зьбіраліся агучыць зварот старшыні Эўрапейскай камісіі Рамана Продзі да жыхароў Беларусі з нагоды пашырэньня Эўразьвязу.

(Шмялеўскі: ) “Мы не атрымалі адміністрацыйнага дазволу на правядзеньне гэтай імпрэзы. Пытаньне, якое паўстае відавочна: чаму гэтага дазволу на імпрэзу не было? Я ня маю адказу, які б я мог даць на гэтае пытаньне”.

Ня змог адказаць Стэфан Шмялеўскі й на пытаньне, чаму тройчы пераносілася абвешчаная сустрэча амбасадараў з журналістамі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры, — ён толькі сказаў, што яе правядзеньне ў амбасадзе Літвы было выкліканае “практычнымі меркаваньнямі”.

Літоўская амбасада мае найвялікшую залю сярод усіх эўрапейскіх місіяў у Менску, таму менавіта там увечары 1 траўня адбудзецца сьвяточны прыём. А да таго картэж усіх эўрапейскіх амбасадараў аб’едзе будынкі амбасадаў Славаччыны, Эстоніі, Латвіі, Чэхіі й Польшчы, каб урачыста падняць каля іх сьцяг Эўрапейскага Зьвязу. Амбасадар Францыі зазначыў, што мудрасьць 25 краінаў, якія аб’ядналіся ў Эўразьвяз, стане прадметам развагаў для беларусаў.

Я задаў спадару Шмялеўскаму пытаньне пра даклад Хрыстаса Пургурыдэса, які прагучыць у гэтую сераду ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры ды ў якім пасьля аналізу зьнікненьняў вядомых асобаў Беларусі прапануецца ўжыць санкцыі супраць менскага кіраўніцтва й распачаць суды над пэўнымі беларускімі чыноўнікамі. Ці будзе пашыраны Эўразьвяз ужываць санкцыі супраць Беларусі ў выпадку, калі ПАРЭ зацьвердзіць даклад спадара Пургурыдэса і прапанаваную ім рэзалюцыю? Вось што адказаў амбасадар Францыі:

(Шмялеўскі: ) “Я не магу адказаць на гэтае пытаньне, бо яно ёсьць чыста гіпатэтычным. Я думаю, яно мусіць быць зададзенае пасьля мажлівага прыняцьця дакладу спадара Пургурыдэса ў Радзе Эўропы. Што да амбасадараў эўрапейскіх краінаў тут у Менску, мы будзем дбайна выконваць інструкцыі, якія нам прыйдуць ад старшынёўства Эўрапейскага Зьвязу або з Брусэлю з гэтай нагоды”.
XS
SM
MD
LG