Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖОДЗІНЦЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ “МАЛОГА ЧАРНОБЫЛЮ”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

У сходзе, які праходзіў у гарадзкім парку адпачынку, брала ўдзел каля 200 жодзінцаў. Нягледзячы на тое, што акцыя была санкцыянаваная, дзясяткі міліцыянтаў былі адкамандаваныя на сход. Яны здымалі на відэастужку жодзінцаў, якія наважыліся ўдзельнічаць у акцыі.

Паводле арганізатараў, спрычынілася да яе нездавальняючая экалягічная сытуацыя, у якой знаходзіцца гарадзкі рынак. Як прагучала на сходзе, гэта жодзінскі “малы Чарнобыль”. Рынак знаходзіцца ў прамысловай зоне, дзе гандляры і наведнікі штодзённа дыхаюць забруджаным паветрам. Лідэр жодзінскай суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Сяргей Зайцаў зьвярнуўся да ўдзельнікаў сходу з заклікам распачаць актыўнае змаганьне за вяртаньне рынку ў цэнтар гораду. У гэтым яго падтрымаў старшыня рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка. На сходзе выступіў таксама лідэр жодзінскай філіі Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі, які вось што зазначыў нашаму радыё:

(Лапіцкі: ) “Сытуацыя з жодзінскім рынкам — гэта сапраўды міні-Чарнобыль. Мы зьвязалі гэтыя два пытаньні. Я нагадаў людзям, што зьяўляюся перасяленцам з Гомельскай вобласьці. Востра разумею гэтае пытаньне. Нашыя кантакты зь мясцовай уладай паказалі, што мясцовая ўлада не разумее праблемы. У адказ мы чулі словы, што народ да ўсяго прызвычаіцца. Рынак, які сёньня працуе ў прамысловай зоне, нерэнтабэльны. Удвая скарацілася колькасьць прадпрымальнікаў, якія на ім працуюць. Людзі ня могуць дабрацца да гэтага рынку. І нашы кантакты і збор подпісаў за вяртаньне рынку паказваюць, што вакол гэтай праблемы аб’ядноўваюцца і пэнсіянэры, і інваліды, і моладзь”.

На сходзе ў Жодзіне адбылася прэзэнтацыя народнай кааліцыі “Пяцерка+”. З гэтай мэтай перад жодзінцамі выступілі лідэры “Пяцёркі”: старшыня Партыі БНБ Вінцук Вячорка і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Паводле іх словаў, эканамічная сытуацыя ў краіне і Жодзіне ў прыватнасьці ёсьць наступствам ігнараваньня Аляксандрам Лукашэнкам і яго атачэньнем аб’ектыўных эканамічных законаў. Спадары Вячорка і Лябедзька заклікалі жодзінцаў у часе парлямэнцкіх выбараў падтрымаць тых кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць напраўду абараняць інтарэсы мясцовых жыхароў.
XS
SM
MD
LG