Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 27 КРАСАВІКА


Ул. інф.

Першая гістарычная дата сёньня зьвязаная са знакамітым Мірскім замкам і падзеямі Паўночнай вайны. 27 красавіка 1706 году швэдзкае войска на чале з каралём Карлам XII штурмавала замак, пасьля чаго крэпасьць была спаленая. Перад тым аблога фартэцыі швэдамі цягнулася цэлы месяц. А яшчэ раней ва ўладальніка замку князя Караля Станіслава Радзівіла гасьцяваў расейскі цар Пётар І, які абяцаў дапамагчы абараніць радзівілаўскія маёнткі ад швэдаў, але абяцаньня свайго, як бачым, ня выканаў.

27 красавіка 1962 году ў Рагачове Ўладзімер Караткевіч пачынае пісаць раман “Каласы пад сярпом тваім”. Першыя радкі твору распавядаюць пра старую грушу на высокім дняпроўскім беразе, якую Караткевіч апісаў з натуры:

“Груша цьвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаныя бурным бела-ружовым цьветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасьцірала ў яго зьзяньні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і сьвежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, ня будзе ёй зводу i ня будзе канца. І, аднак, надыходзіла яе апошняя часіна...”

27 красавіка 1996 году ў Менску адбываюцца масавыя арышты ўдзельнікаў “Чарнобыльскага шляху”, які прайшоў напярэдадні. За кратамі апынулася амаль усё кіраўніцтва БНФ, а ўсяго за два дні было інтэрнавана больш за 200 чалавек.

27 красавіка 2002 году ў аўтакатастрофе ў Маскве загінуў вядомы кінарэжысэр, народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук.

27 красавіка 1967 году пакінуў гэты сьвет беларускі філёзаф Мікола Алексютовіч, які першы адкрыта ў друку заявіў пра фальсыфікацыю беларускай гісторыі.

А 27 красавіка 1998 году ня стала беларускага гісторыка Вітаўта Тумаша. Родам ён быў зь Вялейшчыны, вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі і Віленскім унівэрсытэце. Рэдагаваў газэту “Раніца” ў Бэрліне. Пасьля вайны апынуўся на эміграцыі і браў чынны ўдзел у стварэньні Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку. Навуковыя працы Вітаўта Тумаша прысьвечаныя этнагенэзу беларусаў – фармаваньню этнічнага аблічча нацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG