Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІТАЛЬЯНЦЫ ЗАПРАШАЮЦЬ ДА СЯБЕ ЧАРНОБЫЛЬСКІХ ДЗЕТАК ЧАСЬЦЕЙ ЗА НЕМЦАЎ


Ул. інф.

У гэтыя дні замежнікі з гуманітарных місіяў наведваюць дзіцячыя дамы, інтэрнаты, бедныя і сацыяльна-праблемныя чарнобыльскія сем’і і запрашаюць да сябе ў госьці тых дзяцей, якім, зь іхнага гледзішча, гэты адпачынак найбольш неабходны.

Сёлета за мяжу ізноў накіруюцца дзесяткі тысячаў беларускіх дзяцей. Як выглядае, актыўнасьць заходніх чарнобыльскіх арганізацыяў па-ранейшаму застаецца досыць высокай. Зьмяніліся толькі краіны-лідэры.

Калі раней дзеці запрашаліся пераважна ў Нямеччыну, то цяпер у асноўным у Італію, асабліва на Сыцылію, Калябрыю. Менавіта там, на поўдні Італіі, апошнім часам зьявілася вялікая колькасьць сем’яў, якія жадаюць прыняць менавіта самых бедных, самых праблемных беларускіх дзяцей.

Дарэчы, дзіўны фэномэн: пра яго мне паведаміла прадстаўніца адной са швэйцарскіх ініцыятываў, якая зараз знаходзіцца ў Беларусі. У мэрыю яе горада пару месяцаў таму прыяжджалі партнэры з Калябрыі і прасілі падтрымаць мясцовых італьянскіх дзяцей-сірот і дзяцей зь бедных сем’яў. І калі швэйцарцы пацікавіліся італьянцаў: “навошта вы запрашаеце так шмат беларускіх дзяцей, калі трэба сьпярша дапамагаць сваім”, тыя адказалі: “мы самі не разумеем гэтага”.

Дарэчы, гэтага фэномэну ня могуць растлумачыць таксама і швэйцарцы, і немцы, калі пры ўсіх сваіх эканамічных праблемах па-ранейшаму запрашаюць на адпачынак праблемных чарнобыльскіх дзяцей. Ёсьць дзеці, якія паходзяць са шматдзетных сем’яў, дзе толькі адна маці, нярэдка алігафрэнка, а 9 братоў і сясьцёр ад розных невядомых бацькаў. Шмат дзяцей паходзяць зь сем’яў алькаголікаў. Як вынік – дзяўчынкі і хлопчыкі адстаюць у фізычным і псыхічным разьвіцьці, становяцца неадэкватнымі ў сацыяльных і сацыяльна-бытавых паводзінах.

Вось, напрыклад, такі момант, як карыстаньне прыбіральнямі. Паколькі я неаднойчы суправаджала беларускіх дзяцей на адпачынак у Нямеччыну, а таксама суправаджала групы нямецкіх сем’яў тут па Беларусі, магу сказаць, што за 14 год у гэтай далікатнай галіне ў Беларусі мала што зьмянілася. Заўсёды у групах знойдуцца дзеці ад сямі год і болей, якія прызвычаіліся ўсё робіць у штаны і якія ўпершыню атрымліваюць адпаведныя веды на гэты конт у такім узросьце і ад чужых людзей. Дадам, што такія веды даюцца вельмі ня проста.

Калі ж узяць больш сацыяльна адэкватных дзяцей, дык яны таксама ствараюць адпаведныя праблемы ў нямецкіх сем’ях. Яны нярэдка ігнаруюць наведаньне прыбіральняў у дамах, а робяць усё ў садзе, на газоне, чамусьці пад ружовымі кустамі. Канечне ж, зразумець такое немцам цяжка, а таму яны едуць у Беларусь, каб паглядзець, як гэта робіцца тут. Наведаўшы канкрэтную сям’ю, яны бачаць (так было, прыкладам, на Чэрыкаўшчыне) – яму, уздоўж якой ляжыць дошка. Гэта прыбіральня.

Выпадак не адзінкавы. Тады немцы ідуць да настаўнікаў у школу. Але выгляд школьнай прыбіральні прымушае іх зрабіць канкрэтныя захады – ахвяраваць сваім адпачынкам і пабудаваць пры школе нармальны туалет.

Дарэчы, мне прыйшлося назіраць за гэтымі людзьмі. Усё рабілася без усялякай пыхі. Немцы казалі: магчыма, гэта іншая культура, аднак адсутнасьць прыбіральняў настолькі небясьпечная што да распаўсюджаньня розных іфэкцыйных хваробаў, дык мы гатовыя зрабіць нармальную прыбіральню, няхай дзеці будуць здаровыя.
XS
SM
MD
LG