Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІКВІДАТАРЫ ЗАСТАЛІСЯ ПА-ЗА МЕЖАМІ ЎРАДАВЫХ ЦЫРЫМОНІЯЎ


Любоў Лунёва, Менск

Сярод прысутных — былыя вайскоўцы, пажарныя, кіроўцы, будаўнікі. Яны распавялі, што некалькі іх сяброў, якія былі тут летась, сёлета ўжо прыкутыя да ложка. Некалькі чалавек не дажылі да гэтага дня. Некаторым начальства не дазволіла ў гэты дзень пакінуць працу. Ліквідатары абураліся, што ня маюць магчымасьці карыстацца нават адзінай ільготай, якая ў іх ёсьць — раз на пяць гадоў атрымаць пуцёўку ў санаторый.

(Шалькевіч: ) “Я інвалід другой групы, дзіця — інвалід другой групы, і малодшы сын мае праблемы са здароўем. Мне прапануюць пуцёўку аднаму. Куды я безь дзяцей? І мне пішуць: “Адмовіць”. Мне было 20 гадоў, калі я туды трапіў. А цяпер у мяне малыя дзеці, і я ня ведаю, куды кінуцца. Буду сядзець дома, як інвалід? Я дайшоў да Сукалы, старшыні Вярхоўнага Суду з адзінай просьбай — даць мне магчымасьць працаваць”.

Ліквідатары адчуваюць сябе нікому не патрэбнымі. Сяргей Шалькевіч дадаў:

(Шалькевіч: ) “Тэлебачаньне, радыё шмат казалі пра зямлю, пра радыянукліды, пра прадукты, пра пацярпелых… Ніводнага слова не казалі пра ліквідатараў. Дзяржава намагаецца зрабіць так, каб усе пра нас забыліся. Выказваюць такую думку, што ўсе сапраўдныя ліквідатары ўжо памерлі. Хочацца сказаць: “Ну, прабачце! Я вінаваты, што яшчэ жывы!”

Згодна з інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя, мэдыкі маюць права выпісваць ліквідатарам па льготных рэцэптах толькі некаторыя лекі, паводле адмысловага сьпісу. Гэта асьпірын і шэраг танных лекаў айчыннай вытворчасьці.

(Лазарэвіч: ) “У мяне цяпер яшчэ і дыябэт, хаця ў продкаў ніколі нічога не было такога. Раней мне давалі такі глюнорм, а цяпер сталі даваць нашы айчынныя. Паспрабаваў — ніякага эфэкту. Набывай за свае грошы”.

Летась 26 красавіка Аляксандар Лукашэнка наведваў царкву, дзе знаходзіцца чарнобыльская ікона. Міхаіл Лазарэвіч спытаў яго, ці застануцца ў ліквідатараў хоць якія-небудзь ільготы. І вось што пачуў у адказ:

(Лазарэвіч: ) “Калі льготы адновіце паводле 19 артыкулу?” А ён мне: “Дарагі, забудзь пра льготы, гуляй у футбол, і ўсё будзе нармальна”.

Старшыня аб’яднаньня ліквідатараў, якія працуюць на МАЗе, Валеры Ягур рабіў запыт на імя старшыні Дзяржкантролю Анатоля Тозіка, каб ягонае ведамства адказала, хто насамрэч карыстаецца чарнобыльскімі пуцёўкамі.

(Ягур: ) “Мы атрымалі адказ, які размазаны ад Камчарнобылю да такой ступені, што на пастаўленыя пытаньні… Ва ўсе санаторыі, якімі валодае Рэспубліка Беларусь, езьдзяць асобныя асобы. Хто такія?.. Дзяржкамчарнобыль нам так і не адказаў. У вуснай форме паведамілі: “Не капайцеся, мы вам сьпісаў не дамо”.

Ліквідатары выпілі па шклянцы гарэлкі за сваіх сяброў, якія тушылі пажар зь верталётаў, — за тых, хто без дапамогі робатаў, самі ўздымаліся на комін і тушылі пажар, за тых, хто ў выніку выпраменьваньня памерлі ад цяжкіх хваробаў, так і не дачакаўшыся ня тое што падтрымкі, але нават падзякі ад сваёй дзяржавы.
XS
SM
MD
LG