Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ХАРЧАВАЦЦА І ШТО РАБІЦЬ, КАБ ВЫВЕСЬЦІ РАДЫЯНУКЛІДЫ?


Іна Студзінская, Менск

Беларускае тэлебачаньне некалькі дзён распавядала пра першыя нечаканасьці веснавога прызыву ў беларускае войска. І па ягонай вэрсіі самыя здаровыя юнакі-прызыўнікі жывуць у... чарнобыльскіх рэгіёнах! Атрымліваецца, паўсюдна ў краіне ёсьць і добрае харчаваньне, і належны мэдычны кантроль? Што думаюць наконт гэтага людзі?

(Ганна: ) “Мае сваякі жывуць у вёсцы ў Калінкавіцкім раёне. Пастаянна перадаюць нам прадукты – мяса, яйкі, садавіну. Я разумею, што гэта небясьпечна, але мы вымушаныя гэта есьці – інакш не пражывеш”.

(Карэспандэнтка: ) “Але вы самі ясьце, ці даеце і дзіцёнку?”

(Ганна: ) “Даем, а што рабіць? Без дапамогі з дому немагчыма пражыць.”

(Спадар: ) “Усё забруджаньне за гэты час расьцягнулася па ўсёй краіне”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі вы купілі прадукты ў краме ці на Камароўцы, вы можаце быць ўпэўненыя, што яны чыстыя?”

(Зінаіда: ) “Сумненьні ёсьць, але калі сумнявацца, можна наагул ня есьці ці памерці. Проста над гэтым цяпер лепей не задумвацца”.

Цяпер асноўныя накапленьні радыяцыі ў арганізьме чалавека ідуць праз забруджанае харчаваньне, лічаць адмыслоўцы. Меркаваньне дырэктара інстытуту “Белрад” прафэсара Васіля Несьцярэнкі.

(Несьцярэнка: ) “На жаль, вынікі дасьледаваньняў, якія мы маем, паказваюць, што і ў тых рэгіёнах, ды таксама ў Менску прадукты забруджаныя. Мы некалькі тысячаў людзей абсьледавалі па ўзроўні накапленьня радыяцыі ў арганізьме. На жаль, людзі маюць значныя накапленьні, бо ядуць забруджаныя прадукты. Зараз 90% радыяцыйнага апраменьваньня атрымоўваем праз прадукты харчаваньня. Таму трэба працягваць кантроль, і ён павінны быць”.

На пачатку 1990-х толькі ў Менску адкрылася больш за 80 пунктаў праверкі прадуктаў, куды кожны мог прынесьці харчаваньне і праверыць узровень радыяцыі. Цяпер жа ў сталіцы такіх пунктаў – лічаныя адзінкі.

(Карэспандэнтка: ) “Некалі было вельмі папулярным правяраць на забруджанасьць прадукты. Цяпер ёсьць гэтыя пункты, ведаеце вы пункты праверкі, і ўпэўненыя вы, што прадукты, якія вы набываеце ў краме – што яны чыстыя?”

(Спадарыня: ) “Я ніколі не задумвалася сур’ёзна, што я купляю ў краме і ня ведаю нават, дзе можна праверыць на наяўнасьць павышанай дозы радыяцыі”.

(Спадарыня: ) “Дык усе ж купляюць на Камароўцы прадукты, і ніхто ня ведае, адкуль яны, і з чым яны. Людзі ўжо не зьвяртаюць увагі на гэта цяпер”.

Прафэсар Васіль Несьцярэнка распавёў такую гісторыю:

(Несьцярэнка: ) “Днямі мне прывезьлі зь вёскі Палесьсе Чачэрскага раёну грыбы сухія белыя, такія прыгожыя зьнешне, цудоўныя, водар дзіўны! Вось толькі радыяактыўнасьць – 130 тысячаў бэкерэляў на кіляграм! І другая проба такая ж”.

Між тым бабусі ля ўваходу на адкрыты сэзонны рынак Камароўкі заўсёды стаяць зь вязанкамі такіх вось грыбочкаў, якія ніхто ніколі не правяраў на наяўнасьць радыянуклідаў. І іх вельмі актыўна купляюць. Хоць менавіта гэтыя дары лесу яшчэ доўга будуць заставацца найбольш небясьпечнымі, сьцьвярджае намесьнік дырэктара Інстытуту лесу Нацыянальнай акадэміі навук прафэсар Уладзімер Багінскі:

(Багінскі: ) “Па нашых прагнозах, лес яшчэ будзе заставацца небясьпечным прынамсі 15-20 гадоў. І людзі, якія ходзяць у лес па ягады, грыбы (асабліва грыбы!) павінны быць пільнымі. Асабліва ў Гомельскай, Магілёўскай, Берасьцейскай вобласьці, дый ў Менскай, зрэшты, таксама. Трэба, каб правяралі прадукты. Вядома, што людзі расслабляюцца – ну нельга ж жыць увесь час пад страхам! Але калі выконваць усе рэкамэндацыі дактароў, вучоных, нашмат меней будзе наступстваў дрэнных. Зусім выключыць мы іх ня можам, таму што ёсьць статыстыка сумная, ёсьць нейкая калектыўная доза апраменьваньня, але зьвесьці іх да мінімуму, наколькі магчыма, гэта мы можам”.

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя за мінулы год у 224 беларускіх вёсках малако было забруджанае – вышэй за 100 бэкерэляў на літар. А для дзетак непажадана больш за 30. І вялікую дозу апраменьваньня – 60% – вясковыя дзеці атрымліваюць з малаком. Потым ужо – грыбы, ягады, мяса дзічыны.

А вось якім чынам можна зьвесьці рызыку да мінімуму, народ уяўляе вельмі цьмяна.

(Карэспандэнтка: ) “А якім чынам мажліва засьцерагчыся ад гэтай небясьпекі, і ці можна гэта зрабіць?”

(Спадар: ) “Практычна на 100% гэта немагчыма, але трэба ўжываць прадукты частыя. Ну і ня лезьці ў гэтыя зоны”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія прадукты канкрэтна?”

(Спадар: ) “Я нават і ня ведаю, што сказаць”.

(Спадарыня: ) “Трэба піць сокі зь мякацьцю, есьці журавінкі, ягады. Прадукты, якія ўтрымліваюць ёд. Ёсьць лекі недарагія беларускай вытворчасьці – ёдынол, вельмі добрыя”.

(Спадарыня: ) “Я ведаю, што трэба ўжываць ёдаваную соль, іншыя прадукты, якія ўтрымліваюць ёд, больш садавіны, ягад, асабліва журавінак, брусьніцы”.

Пазнаньні звычайнага беларуса, як вы чулі, ня вельмі глыбокія. Амаль ніхто не назваў морапрадукты (магчыма, з-за іх дарагоўлі). Ніхто – перапёлчыны яйкі. Дарэчы, адзінае месца ў сталіцы, дзе я знайшла іх – фірмовая крама Менскай птушкафабрыкі імя Крупскай “Залатое яйка”. Гутару з прадавачкай.

(Прадавачка: ) “У нас ёсьць такая рэклямка: “Яйка маленькае – карысьць вялікая”. Яны рэкамэндаваныя пры лячэньні алергіі, бранхіяльнай астмы, захворваньняў печані, сухотаў, гіпэртаніі і мужчынскай імпатэнцыі”.

(Карэспандэнтка: ) “Мэдыкі кажуць, што яны выводзяць з арганізму радыянукліды. У Японіі, да прыкладу, пасьля Хірасімы і Нагасакі, у рацыён кожнага школьніка ўвялі менавіта перапёлчыны яйкі”.

(Прадавачка: ) “Не, я не чула пра гэта, не чытала пра гэта”.

Прыблізна на гэткім узроўні веданьне антырадыяцыйнае карысьці й іншых прадуктаў. Дарэчы, як правіла, каштуюць яны зусім ня танна... Напрыклад, рэкамэндаваная мэдыкамі фэйхоа аж 40 тысячаў за кіляграм. На авакада, ківі, чырвоны вінаград – кошты зашкальваюць. Вядомы беларускі траўнік Валер Лістратаў прапануе вельмі эфэктыўныя народныя сродкі, якія, у адрозьненьне ад морапрадуктаў, заморскай садавіны і ня вельмі танных перапёлчыных яек, можа дазволіць сабе кожны:

(Лістратаў: ) “Адным са сродкаў народнай мэдыцыны, якія садзейнічаюць вывядзеньню радыянуклеідаў, зьяўляецца адвар семя лёну. Для прыгатаваньня адвару бяруць адну трэцюю частку адвару, заліваюць яе адным літрам кіпеню і награваюць на вадзяной лазьні дзьве гадзіны. Затым ахалоджваюць да пакаёвай тэмпэратуры і прымаюць праз розныя прамежкі часу некалькі разоў на дзень – пачынаюць ад 12-й гадзіны, і апошні раз перад сном”.

А вось зёлкамі захапляцца Валер Лістратаў не раіць. Асабліва ў забруджаных зонах, бо многія расьліны акумулююць радыёнуклеіды. А па-другое, нават чыстыя расьліны не заўсёды прыносяць карысьць. Напрыклад, той жа сьветаяльнік (расейскі назоў – зверобой) хоць і ачышчае кроў, але падвышае адчувальнасьць скуры да выпраменьваньня.

Валер Лістратаў рэкамэндуе ўжываць часнок. Нашча і вечарам, перад сном глытаць цалкам 2-3 невялікія зубкі часнаку. Пры такім прыёме часнаку яго пах не адчуваецца, а карыснае ўзьдзеяньне застаецца. Ёсьць і іншыя рэцэпты. Напрыклад, 150 грамаў часнаку настойваюць на паўлітры сьпірту на працягу трох тыдняў і прымаюць па 20 кропляў ў паўшклянцы малака тройчы ў дзень.

І яшчэ адна парада ад траўніка Валера Лістратава.

(Лістратаў: ) “Эфэктыўна выдаляюць радыянуклеіды і мэталі з арганізму жмакі, якія застаюцца пасьля выцісканьня сокаў. Адну-дзьве сталовыя лыжкі гэтых жмакаў прымаць і запіваць невялікай колькасьцю вады. Дзецям гэты рэцэпт вельмі карысны. Акрамя таго, жмакі буракоў здымаюць павышаны крывяны ціск”.

У інстытуце “Белрад” распрацавалі пэктынавую харчовую дабаўку “Вітапэк”. Ва Ўкраіне “Вітапэк” вырабляюць сем заводаў, а ў Беларусі – толькі адна лябараторыя інстытуту. Распавядае прафэсар Васіль Несьцярэнка.

(Несьцярэнка: ) “Вітапэк – гэта парашок. Вы бярэце 100 грамаў цёплай вады альбо ёгурт, адну чайную лыжачку раніцай і ўвечары. І калі вы пап’еце 20 дзён, то 50-70% радыянуклідаў з вашага арганізму будзе выведзена. Калі чалавек адзін раз зьеў забруджаную ежу, трэба 100 дзён каб выйшла толькі палавінка. Грыбочкі адзін раз добра паеў – і толькі праз год частка радыянуклідаў выйдзе з арганізму. Усё ж такі трэба ўключаць сваю культуру, кантроль”.

Вось якраз з гэтым – вялікая праблема. Старэйшыя людзі прызвычаіліся за саветамі, што пра ўсё найперш думае дзяржава, а маладзейшых вэртыкаль папросту дурыць: хавае праўду пра небясьпеку ад радыяцыі, зварочвае праграмы кантролю за ёй... І ўсё ж менавіта новае пакаленьне мусіць зразумець: небясьпека побач і, на жаль, яна на доўгія гады. Паколькі чакаць дапамогі ад уладаў не даводзіцца, застаецца адно – уключаць уласны інтэлект, думаць пра здароўе, перасьцерагацца. Ды імкнуцца зарабляць на добрае харчаваньне. Хоць у беларускіх умовах гэта праблема – суседняя з Чарнобылем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG