Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ ПАХАВАЛІ ЛЕГЕНДАРНАГА БАРДА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Яцку Качмарскаму было ўсяго 47 гадоў. Калі ў яго знайшлі рак гартані, Качмарскі адмовіўся ад апэрацыі, якая магла б уратаваць яму жыцьцё, але напэўна пазбавіла б голасу.

Значную частку свайго жыцьця Яцэк Качмарскі быў вымушаны правесьці ў іміграцыі, аднак ягоныя песьні, нягледзячы на забароны камуністычных уладаў, траплялі ў Польшчу і з-за мяжы, перапісваліся на касэты ды разыходзіліся ў мільёнах паасобнікаў.

Качмарскага слухалі і на Беласточчыне. Гаворыць беластоцкі журналіст, стваральнік беларускай інтэрнэтнай бібліятэкі “КАМУНІКАТ” Яраслаў Іванюк.

(Іванюк: ) “У асяродку, у якім я выхоўваўся, песьні Качмарскага слухаліся. Я з ягонай творчасьцю я пазнаёміўся ў 1987 годзе, і яна зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражаньне. Яцэк Качмарскі сапраўды быў сымбалем барацьбы з таталітарным рэжымам, які панаваў тады ў Польшчы”.

Імя Яцка Качмарскага было вядомае і ў Беларусі. Гаворыць вядомы гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч.

(Шалкевіч: ) “Тыя, хто быў заангажаваны ў палітыку і асабліва сачыў за разьвіцьцём сытуацыі ў Польшчы канечне ж, ведалі хто такі Яцэк Качмарскі. Гэта быў вельмі яркі сацыяльны бард. Ён сьпяваў пра тое, пра што думалі тыя, хто рабіў перамены ў Польшчы. Ён быў як граната. І вельмі пасаваў да свайго часу”.

На варшаўскія могілкі сёньня прыйшлі сотні людзей з запаленымі сьвечкамі, каб разьвітацца зь Яцкам Качмарскім. Так, як у ягонай вядомай песьні “Муры” – “Тысячы сьвечак запалілі яму, і над галовамі ляцеў ад іх дым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG