Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГЕНЭРАЛЫ АЙЧЫННАГА РОКУ” ЗАХАПІЛІ ЛЯДОВЫ ПАЛАЦ


Галіна Абакунчык, Менск

Арганізатарамі фэсту выступіла грамадзкая арганізацыя “Беларуская музычная альтэрнатыва” і прыватная вытворчая кампанія “Белпі”.

У адрозьненьні ад леташняга канцэрту, апрача маладых гуртоў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, гэтым разам гледачы змаглі пабачыць і пачуць сапраўдных “генэралаў айчыннага року” і ганаровых гасьцей. Гэта такія вядомыя гурты, як “N.R.M.”, “Крама”, “Уліс”, а таксама “Жыгімонт Ваза”, “Стары Ольса” ды іншыя.

Канцэрт доўжыўся чатыры гадзіны. Варта адзначыць якасны гук і добрае сьветлавое афармленьне. А завершыўся рок-канцэрт абвешчаньнем пераможцаў конкурсу сярод маладых гуртоў. Найлепшым быў прызнаны менскі гурт “Гарацкія”, другое месца заняў гурт “Сьцяна” зь Берасьця, а трэцяе – менскі гурт “Зьніч”.

Для пераможцаў узнагародай стала магчымасьць запісаць свой музычны альбом, уладальнікі другой прэміі атрымалі права зьняць відэакліп, а за трэцяе месца ўзнагародай стаў студыйны мікрафон.

Што да папулярнасьці канцэртаў беларускіх музыкаў, дык мяркуйце самі: Менскі лядовы палац, які ўмяшчае тры тысячы чалавек быў запоўнены цалкам.

А ў канцэртную залю “Менск”, дзе такія канцэрты праходзяць найчасьцей, квіткі немагчыма набыць ужо за тыдзень. Прычым беларускай музыкай цікавяцца ня толькі фанаты-падлеткі, але гэтаксама людзі дарослыя й знаныя. Да прыкладу, на ўчорашнім канцэрце, у якасьці гледача прысутнічаў вельмі папулярны цяпер у Беларусі і ў сьвеце тэнісіст Макс Мірны. Ён нават не адмовіўся ад прапановы арганізатараў, узяў слова й па-беларуску прывітаў гледачоў ды выказаўся ў падтрымку беларускіх музыкаў.

Як вядома, на 90% айчынны радыёэтэр запоўнены расейскамоўнай поп-музыкай. Менск часта наведваюць расейскія поп-зоркі, але аншлягі ўсё часьцей здараюцца менавіта на канцэртах беларускіх выканаўцаў. Беларускія адмыслоўцы зазначаюць, што папулярнасьць беларускіх сьпевакоў і музыкаў, верагодна, ёсьць адзнакай новага рэнэсансу айчыннай музыкі. І такім чынам заявы пра незапатрабаванасьць беларускай музыкі слухачамі FM-станцыяў і рэклямадаўцамі не адпавядае рэчаіснасьці.

Да прыкладу, фэстываль “Генэралы айчыннага року” адбыўся, дзякуючы фінансаваньню кампаніі “Белпі”. Але акрамя трох прызоў, заснаваных гэтай кампаніяй, два дадатковыя прапанавалі іншыя прыватныя бізнэсоўцы. Пра мэту падобнага мэцэнацтва я пацікавілася ў аднаго з кіраўнікоў кампаніі “Белпі” й арганізатараў фэстывалю “Генэралы айчыннага року” Зьмітра Дайнэкі.

(Дайнэка: ) “Ідэя яго такая: даць магчымасьць маладым гуртам, якія сьпяваюць па-беларуску, выступіць перад вялікай аўдыторыяй. Каб пра іх даведаліся, каб яны змаглі па-сапраўднаму прасьпяваць. І такім чынам, мы плянуем зрабіць невялічкі, але ж уплыў і падтрымку маладым беларускім гуртам”.

У траўні ў Менску распачнецца першы беларускі фэстываль сучаснага фальклёру пад назвай “Таўкачыкі”. Але ўжо сёньня шэраг кампаній цікавяцца ў арганізатараў умовамі ўдзелу ў гэтым фэстывалі ў якасьці рэклямадаўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG