Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІВАН ШАЎРЭЙ: “КАЛІ АДБЫЎСЯ ВЫБУХ, Я ЗНАХОДЗІЎСЯ ЗА 150 МЭТРАЎ АД РЭАКТАРА”


Ягор Маёрчык, Нароўля

Некалькі гадоў Іван Шаўрэй лячыўся з дыягназам “промневая хвароба другой ступені”. Пасьля працаваў у падразьдзяленьні Міністэрства надзвычайных сытуацыяў у Нароўлі Гомельскай вобласьці. Цяпер на пэнсіі. Працягвае жыць на радыяактыўна забруджанай тэрыторыі, у Нароўлі.

(Шаўрэй: ) “Калі адбыўся выбух, я знаходзіўся ад рэактара на адлегласьці дзесьці мэтраў 150–200. Празь пяць хвілінаў я ўжо быў на чацьвертым энэргаблёку. Выбух адбыўся ў рэактарным цаху. І мы тушылі дах. Навокал, на даху, быў раскіданы графіт у бок трэцяга энэргаблёку. І былі сполахі агню. Мы той дах патушылі й не далі распаўсюджвацца агню. А што навокал? Навокал усё было разбурана. Пліты бэтонныя, якія важаць некалькі тонаў, былі раскіданыя, як семкі, мэтраў на дзьвесьце. Усё было раскурочана. Вышыня будынку — 71 мэтар. І полымя палыхала ўгару мэтраў да ста. Паходня такая была…

Пасьля выбуху на атамнай станцыі мы пратрымаліся ўсяго блізу гадзіны. Тэмпэратура была вельмі шалёная. Немагчыма было працаваць у абароне. Маска з-за тэмпэратуры… у нас бы твар згарэў. Мы былі ў баёўках. Баёўкі мы паскідвалі. Цягам сарака хвіліназ адчуў у роце салодкае. І думкі ўжо былі абы-якія. Пачала кружыцца галава. І пасьля я згубіў памяць. Нас адразу зьнялі з 71-й адметкі (дах станцыі). І я апрытомнеў толькі ў шпіталі. 100 рэнтгенаў — гэта сьмяротная доза радыяцыі. А я атрымаў 500 рэнтгенаў. Гэта промневая хвароба другой ступені. Нашыя хлопцы на адзінаццаты дзень паўміралі страшэннаю сьмерцю. Іх было шасьцёра. Тыя хлопцы, якія паўміралі, атрымалі 1100–1200 рэнтгенаў”.
XS
SM
MD
LG