Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ ДРУГІ СХОД БЕЛАРУСКАЙ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ


Юры Сьвірко, Менск

На сцэне менскага Дому літаратара, дзе праходзіў Другі сход беларускай інтэлігенцыі, апрача прэзыдыюму знаходзіліся чатыры карціны на гістарычныя тэмы ды бела-чырвоны парасон. Апошні, паводле арганізатараў, стаўся нацыянальным сымбалем, бо на такія парасоны амонаўцы палююць гэтак сама, як і на бел-чырвона-белыя сьцягі. Аднак парасон нагадваў і пра надвор’е — мажліва, з прычыны бесьперапынных дажджоў на сходзе не прысутнічалі каля ста чалавек з тых 247, што былі на яго вылучаныя.

Першы Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі адбыўся летась 16 сакавiка — прынятая ім рэзалюцыя заяўляла: “Мы абвяшчаем пра намер зрабіць усё, каб выбары новага парлямэнту ў 2004 годзе і новага прэзыдэнта ў 2006 годзе адбыліся па новым Выбарчым кодэксе…”

Пра кодэкс і пра зробленае на другім сходзе ня згадвалі, але выбарчая тэма сталася галоўнай і ў новай рэзалюцыі, якая зьмяшчае чатыры заклікі: да прадстаўнікоў інтэлектуальных прафэсіяў у выбарчых камісіях супрацьстаяць спробам фальсыфікацыі, да сяброў палітычных партыяў і арганізацыяў аб’яднаць намаганьні дзеля дэмакратычных пераўтварэньняў, да беларускіх уладаў спыніць дыскрэдытацыю прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці ды ўжываньне адміністрацыйнага рэсурсу, а таксама да ўсіх цывілізаваных краінаў сьвету падтрымаць барацьбу за сумленныя выбары.

Дэлегат сходу Яўген Лугін прапанаваў сходу ўтварыць Нацыянальны камітэт “За справядлівыя выбары”, у які б увайшлі прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных сілаў. У інтэрвію Свабодзе спадар Лугін паведаміў:

(Лугін: ) “Мы плянуем гэты круглы стол у чэрвені — фактычна ён пачне працаваць. А гэты пэрыяд ад сходу да чэрвеня для таго, каб сустрэцца з усімі палітычнымі партыямі, грамадзкімі й праваабарончымі арганізацыямі, каб яны вылучылі сваіх прадстаўнікоў на круглы стол”.

Але былы дырэктар Коласаўскага ліцэю, старшыня грамадзкай ініцыятывы Рада беларускай інтэлігенцыі да гэтай прапановы Яўгена Лугіна паставіўся скептычна, бо, паводле яго, упушчана шмат часу — такі камітэт трэба было ствараць паўгоду таму.

(Колас: ) “У мяне такая пазыцыя: ня ставіць планку вышэй таго, куды ты можаш скочыць. Тут планка пастаўленая значна вышэй — гэта прафэсійная праца, якая патрабуе 24 гадзінаў у суткі. Я сам вылучаюся кандыдатам, таму я ведаю, што ў мяне на гэтую працу проста ня будзе магчымасьцяў”.

На сходзе выступалі й палітыкі. Андрэй Клімаў і Міхаіл Марыніч прамаўлялі на трасянцы, імкнучыся ўстаўляць беларускія словы, і абодва скончылі выступы заклікам “Жыве Беларусь!”

Калі распачаў прамову Вінцук Вячорка, з залі Дома літаратараў чамусьці сышлі ўсе прысутныя дыпляматы, у тым ліку амбасадары Брытаніі й Францыі. Хаця спадар Вячорка казаў, што “інтэлігент — гэта камэртон, да якога сапраўдны палітык мусіць прыслухоўвацца”. Лідэр Партыі БНФ заклікаў да пратэстаў супраць пераводу працоўных на кантракты, бо гэта ёсьць спосабам уплыву на сяброў выбарчых камісіяў, што можа прывесьці да фальсыфікацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG