Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАБОДА І ТВОРЧАСЬЦЬ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Тэма перадачы — свабода і творчасьць, і пачаць яе я хачу з цытаты. У 1994 годзе ў інтэрвію газэце “Рэспубліка” Ўладзімер Мулявін сказаў: “Ніхто і ніколі мне не адважваўся “заказваць музыку”. Я заўсёды рабіў тое, што хацеў і што любіў. Праблема выбару ва ўсе часы стаіць перад творчым чалавекам, і ён павінен рашаць для сябе: служыць яму ці прыслужвацца”.

Такім чынам, выбар паміж “служыць” і “прыслужвацца”. Безумоўна, ён заўсёды ёсьць, і ня толькі ў людзей творчых прафэсіяў. Дзесяць гадоў мінула з таго часу, як Уладзімер Мулявін выказаўся на гэтую тэму. Наколькі зьмянілася ці не зьмянілася сытуацыя за гэты час, як разумеюць свабоду творчасьці беларускія музыканты цяпер? З гэтымі ды іншымі пытаньнямі я і зьвярнуўся да некаторых зь іх. Пры гэтым было цікава пачуць меркаваньні прадстаўнікоў як “неафіцыйных” колаў, так і тых, каго залічаюць да выканаўцаў колаў “афіцыйных”. Першай дамо слова даме. Кася Камоцкая мае багаты музычны досьвед і мае права аналізаваць сытуацыю. Таму я і запытаўся: ці зьмянілася нешта ў сэнсе свабоды творчасьці ў параўнаньні з тым, што было дзесяць гадоў таму?”

(Кася Камоцкая: ) “Безумоўна, сытуацыя зьмянілася. Бо той час быў проста іншым часам. Я маю на ўвазе тое, што свабода творчасьці зьвязаная з усімі іншымі свабодамі ў грамадзтве. І, відавочна, свабоды ў грамадзтве зрабілася значна менш; адпаведна, і свабоды творчасьці”.

(Падбярэскі: ) “Твае творы забараняліся на канцэртах, забараняліся на радыё. Ці не паўплывала гэта на тое, што цяпер пра такую выканаўцу як Кася Камоцкая і група “Новае неба” наогул не чуваць?”

(Камоцкая: ) “Я думаю, што якраз забароны ўвогуле больш спрыялі папулярнасьці калектыву. І калі бы я не напісала песьні “Прэзыдэнт, ідзі дамоў”, дык ніхто, апрача вузкага кола эстэтаў, ніхто б і ня ведаў пра групу “Новае неба”.

(Падбярэскі: ) “Як ты наогул разумееш, што такое свабода творчасьці?”

(Камоцкая: ) “Мне падаецца, што гэта якраз свабода ад усіх вонкавых уплываў і неабходнасьцяў, калі ты робіш канкрэтна тое, што ты хочаш, зыходзячы толькі ад свайго сэрца, ад сваіх прынцыпаў. Думаю, яна магчымая і цяпер, і ёсьць шмат людзей, свабодных у сваёй творчасьці. А ёсьць людзі, якія хочуць нечага іншага — прызнаньня там, папулярнасьці, грошай. У такой сытуацыі, як сёньня, проста немагчыма, не нахлусіўшы сабе, не згвалціўшы сябе, зарабіць гэтыя грошы альбо здабыць гэтую папулярнасьць”.

(Падбярэскі: ) “А наколькі ў такім выпадку свабода творчасьці зьвязана з патрабаваньнямі аўдыторыі?”

(Камоцкая: ) “Мне здаецца, што гэта вельмі няправільна, калі творца робіць тое, чаго ад яго чакае аўдыторыя. Ня трэба, напэўна, вылучаць сябе з гэтай аўдыторыі, ня трэба лічыць сябе вышэй за гэтую аўдыторыю, слухача свайго. Калі паўстае пытаньне асьветніцтва альбо там спрашчэньня творчасьці для таго, каб там стаць зразумелым альбо стаць папулярным, дык я лічу, што гэта вельмі заганны шлях”.

(Падбярэскі: ) “Гэтак мяркуе Кася Камоцкага. Канечне, у такой сытуацыі было бы вельмі цікава пачуць меркаваньні, так бы мовіць, процілеглага боку — музыканта, які знаходзіцца на дзяржаўнай службе. Вядомы сьпявак Мікалай Скорыкаў пагадзіўся адказаць на пытаньні Беларускай Свабоды, адзначыўшы з самага пачатку свой творчы статус”.

(Мікалай Скорыкаў: ) “Паколькі я чалавек дзяржаўны і працую ў Дзяржаўным канцэртным аркестры, у нас ёсьць такія праграмы, якія заказвае, напрыклад, Міністэрства культуры. Я павінен выконваць гэтыя песьні, падабаюцца яны мне ці не падабаюцца”.

(Падбярэскі: ) “Між тым, Мікалай Скорыкаў колькі часу працаваў у адным зь нямецкіх клюбаў, дзе, здавалася б, творчай свабоды павінна было быць больш. Але ня ўсё так проста”.

(Скорыкаў: ) “Там такія патрабаваньні: мы павінны былі выконваць славянскую праграму, расейскія рамансы, расейскія народныя песьні або беларускія народныя песьні, украінскія. Як кажуць, хто плаціць грошы, той заказвае музыку”.

(Падбярэскі: ) “І тады я запытаўся Мікалая Скорыкава: наколькі свабодна ён складае праграмы сваіх сольных канцэртаў, калі дзяржаўны заказ адсутнічае?”

(Скорыкаў: ) “У мяне была свабода выбару поўная, але ж паколькі ў мяне ёсьць мастацкі кіраўнік, я, канечне ж, павінен быў усё гэта зь ім абмяркоўваць. Напрыклад, праграма, якая адбылася ў 1997 годзе. Там у першым аддзяленьні былі песьні савецкага пэрыяду, найлепшыя, а другое аддзяленьне — такія заходнія гіты. І тут я сам выбіраў тое, што мне падабаецца. Тут, як кажуць, быў поўны выбар і поўная свабода”.

(Падбярэскі: ) “І тут я вырашыў пацікавіцца ў Мікалая Скорыкава: ці ёсьць у беларускай папулярнай музыцы цэнзура? Сьпявак рашуча адказаў…”

(Скорыкаў: ) “Ніякай цэнзуры! Гэта вельмі дрэнна: не хапае цэнзуры, таму што выходзіць столькі сьмецьця! Выходзіць і добры матэрыял, я тут нічога дрэннага не магу сказаць, але ж выходзіць і шмат сьмецьця. Ну, я ня ведаю. Можа, я пастарэў проста?..”

(Падбярэскі: ) “Ад чаго залежыць свабода творчасьці? — з гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да Аляксандра Памідорава, які зарабляе на жыцьцё і тую ж творчасьць самым розным чынам”.

(Аляксандар Памідораў: ) “На маё разуменьне, усё гэта залежыць толькі ад творчай асобы, бо калі ты маеш нешта сказаць, дык усё роўна ты мусіш гэта сказаць. Але за апошнія тры, можна сказаць, гады я назіраю такую рэч, што маладыя каманды і больш такія сталыя ўсё больш і больш падпадаюць пад уплыў моды. Альбо гэта мода на беларускую мову, альбо на нейкія прарасейскія культурныя моманты. Ёсьць каманды, якія проста цалкам зьмянілі свой кірунак дзейнасьці менавіта з-за выгоды.

Зьяўленьне “Улісу”, “Бонды”, “Мроі” — гэта была абсалютна натуральная рэч. Цяпер зьяўляюцца нейкія там гурты, якія спрабуюць выконваць нешта па-беларуску, і адразу заўважна, што гэта штучна, людзі там нават не спрабуюць вывучаць мову, а толькі дзеля таго, каб паехаць па “Басовішча”. Яны мяркуюць, што атрымаюць там нейкія грошы толькі за тое, што будуць сьпяваць па-беларуску. А тое, што тычыцца свабоды творчасьці… Ніхто пакуль ня садзіць у турму за тое, што ты іграеш там “левыя” канцэрты ці выконваеш рок-н-рол ці джаз”.

(Падбярэскі: ) “А табе асабіста даводзілася сутыкацца з пэўнымі абмежаваньнямі таго, што ты сам хацеў зрабіць?”

(Памідораў: ) “Хіба што на самым пачатку. Тое, што раней рабілі культурніцкія аддзелы пры выканаўчых камітэтах ці там пры райкамах камсамолу — што вам трэба сьпяваць і што вам ня трэба сьпяваць, — гэтую функцыю цяпер выконваюць людзі, якія называюць сябе прадусарамі. Яны паслухаюць якую маладую каманду ці нават сталага выканаўцу і скажуць: “Ну добра гэта ўсё… Але знаеш што? Ты гэты кінь, а лепш ты зрабі мне альбомчык рэстаранных песень”. Гэта ўсё цяпер падпарадкавана палітыцы грошай”.

(Падбярэскі: ) “А сёньня ты адчуваеш сябе цалкам свабодным у творчасьці?”

(Памідораў: ) “Я такая паганая асоба, што раблю толькі тое, што мне хочацца. Калі мне нечага ня хочацца рабіць, я гэтага не раблю. Ніхто з пугай нада мной не стаіць. І ніхто мне ня можа гэта забараніць. І трэба арыентавацца толькі на самога сябе, і гэта, здаецца, адзіная нармальная плынь, натуральны шлях у творчасьці любога чалавека”.

(Падбярэскі: ) “Безумоўна, поўная, бязьмежная свабода творчасьці наўрад ці магчымая: заўсёды будуць існаваць тыя ці іншыя рамкі, умовы, якіх належыць трымацца. Скажам, хоць бы той жа прафэсіяналізм выкананьня. І колькі б які музыкант не казаў “Я іграю так, як хачу”, адказны за ўласны аўтарытэт арганізатар канцэрту ня выпусьціць такога выканаўцу на шырокую аўдыторыю. Аднак, азіраючыся на дзесяць гадоў назад, можна толькі пагадзіцца: музычнага сьмецьця на эстрадзе зрабілася куды больш. Што да негалосных сьпісаў непажаданых асобаў на дзяржаўных каналах, дык, здаецца, тут усё вярнулася ня тое што ў 1994 год, а яшчэ далей — у гады савецкага застою”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG