Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЭМІГРАЦЫЯ ПАЛІТЫКА ПАДОБНАЯ НА СЬМЕРЦЬ”


Валянцін Жданко, Менск

У нашай пошце апошніх тыдняў нямала лістоў на тэму новых геапалітычных рэаліяў, у якіх апынулася Беларусь пасьля таго, як яе балтыйскія суседзі й Польшча далучыліся да НАТО, а з 1траўня становяцца часткай аб’яднанай Эўропы. Пачну зь ліста ад Зьмітра Панкаўца зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну. Слухач разважае пра тое, як улады ў Беларусі адрэагавалі на гэтыя новыя абставіны.

“У дзяржаўных мэдыях Беларусі — сапраўдная гістэрыя: як жа так, “НАТО ля нашых межаў; краіну будуць патруляваць натаўскія зьнішчальнікі; пагроза міру ў рэгіёне; абаронім расейскія рубяжы на захадзе”... Глупства гэта, а ня довады. Насамрэч нашы паўночныя суседзі афіцыйна зацьвердзілі сваё сяброўства ў заходняй цывілізацыі. А мы ўсё без канца будуем так званы “сацыалізм з чалавечаскім ліцом”. Шчыра зайздрошчу летувісам і латышам, якія за адносна кароткі час дамагліся жаданага выніку. Калі гэтага даб’ецца Беларусь — пакуль невядома. Вядома толькі, што адбудзецца гэта не пры Лукашэнку, які ўпарта адкідвае ўсе прапановы Захаду наконт нармалізацыі стасункаў. Чаму было не сустрэцца са Стывэнам Пайфэрам — зусім не шараговым палітыкам? Тым больш калі прэзыдэнт лічыць дастойным для сябе сустракацца з губэрнатарамі расейскіх тмутараканяў.

Але ўвогуле, што б мы сёньня ні казалі, альтэрнатывы Лукашэнку не відаць. У апазыцыйным асяродку так і не зьявіўся лідэр, які б мог павесьці за сабой народ, як грузін Саакашвілі. На цяперашні момант у Беларусі ёсьць толькі старыя правадыры — сам Лукашэнка ды Зянон Пазьняк, які згубіў сваё “я” ў эміграцыі. Таму ягоныя шанцы стаць прэзыдэнтам роўныя нулю. Насамрэч, эміграцыя падобная на сьмерць. Аднак не пакідаю надзеі, што лідэр урэшце павінен зьявіцца. І акурат у час яго кіраваньня Беларусь уступіць у НАТО. “Беларусь у НАТО!” — вось новы лёзунг, зь якім апазыцыя павінна хоць бы раз на год выходзіць на вуліцы. Скажам, 2 красавіка, замест ранейшага лёзунгу “Не — інтэграцыі з Расеяй”. Той інтэграцыі за дзесяць год панаваньня Лукашэнкі — кот наплакаў. Незалежнасьці ўжо нішто не пагражае. Таму трэба мяняць канцэпцыю барацьбы ды прыстасоўвацца да новых геапалітычных рэаліяў”.

Ёсьць шмат абставінаў, Зьміцер, якія замінаюць таму, каб у Беларусі зьявіўся сапраўдны агульнанацыянальны лідэр — яркая асоба, якая магла бы ў палітыцы скласьці сур’ёзную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку. Згадайма, якім шляхам сам Лукашэнка 11 год таму стаў шырока вядомы ў Беларусі? Дзякуючы простым тэле- і радыётрансьляцыям зь Вярхоўнага Савету, разьняволенасьці прэсы (у тым ліку дзяржаўнай), якая была запоўненая інтэрвію зь ім, тады — апазыцыйным дэпутатам. Дзе цяпер тыя трансьляцыі? Ці магчыма ўявіць, каб, напрыклад, даклад дэпутата Парфяновіча цягам дзьвюх гадзінаў бесьперапынна трансьлявала дзяржаўнае тэлебачаньне, а інтэрвію з Анатолем Лябедзькам надрукавала “Советская Белоруссия”? І наўрад ці Аляксандр Лукашэнка ў блізкай будучыні дазволіць, каб хтосьці паўтарыў ягоны спосаб прыходу да ўлады. Відавочна, павінна зьявіцца неардынарная асоба, якая бы вынайшла уласны спосаб заваяваньня даверу людзей і вядомасьці ў грамадзтве.

Наш даўні слухач Валеры Грыцук зь Менску адклікнуўся на перадачу “Праскі акцэнт”, якая прагучала 18 красавіка і была прысьвечаная штогадоваму пасланьню Аляксандра Лукашэнкі. Слухач піша:

“Відавочна, што Лукашэнка хоча ўладарыць да канца жыцьця. Якім чынам і як гэта забясьпечыць — пытаньне другаснае, могуць быць выкарыстаныя любыя сродкі й палітыка. У прамове па сутнасьці няма нічога новага. Новае ёсьць толькі тое, што сказаў дэпутат Фралоў: “Лукашэнка выглядаў слабым чалавекам”. Усё астатняе ў розных варыяцыях было агучана раней. Напрыклад, у Воршы А.Лукашэнка гаварыў, што народ “разобрался, что свой рубль хоть и слабый, но он свой, и не надо за рублями в Москву на колянех ползти”.

У сувязі з “газавай вайной” вашы экспэрты не згадалі дасьледаваньня сацыёлягаў. Для мяне найбольш цікавае, што 55,6% (НІСЭПД) апытатаных ня ведаюць прычыны канфлікту Расеі й Беларусі. Ёсьць нават тыя, хто лічаць, што адносіны краін палепшыліся! Няма ніякага “дрэйфу” ў Эўропу: ні Лукашэнкі, ні грамадзкай думкі. Павелічэньне колькасьці прыхільнікаў Эўразьвязу на 2% — то ня “дрэйф”, асабліва на фоне падтрымкі Эўразьвязам рэзалюцыіі ААН па Беларусі. Але ёсьць новае — тое, што А.Лукашэнка робіць выразны акцэнт на рэсурс навукі. Але як і ва ўсім астатнім, тут ён спазьняецца.

Відавочна адно, пра што Свабода абавязаная гаварыць: Крэмль А.Лукашэнкі ўжо катэгарычна ня хоча, і ён гэта добра ведае! Лукашэнка ў разгубленасьці. Фактычна для яго ёсьць толькі два варыянты: альбо “румынскі”, альбо “лібэрыйскі”. Большасьць беларусаў ня хоча крыві: няхай А.Лукашэнка спакойна адыдзе зь дзясяткам мільёнаў даляраў на пэнсію. А намэнклятуры баяцца няма чаго: перажылі 1991-ы, перажывуць і 2003-ы, сыход з арэны А.Лукашэнкі”.

Малаверагодна, спадар Грыцук, што сыход Аляксандра Лукашэнкі можа адбыцца сёлета. Так, маскоўскі Крэмль не ў захапленьні ад беларускага кіраўніка, а так званае “саюзнае будаўніцтва” перажывае глыбокі крызыс. Але магчымасьць Масквы ўплываць на палітычныя падзеі ў былых саюзных рэспубліках абмежаваная. Успомнім: у 1994 годзе на першых у Беларусі прэзыдэнцкіх выбарах Крэмль падтрымліваў зусім не Лукашэнку.

Не ў захапленьні Масква і ад некаторых іншых валадароў на прасторы былога СССР, якія схільныя да антырасейскіх праяваў і ня дужа паслухмяна рэагуюць на крамлёўскія парады. Але якім чынам Масква можа зьмяніць, напрыклад, правадыра ўсіх туркмэнаў, які абвешчаны пажыцьцёвым прэзыдэнтам? Ня танкі ж у Ашхабад уводзіць. Што да намэнклятуры, то наўрад ці яна ў сваёй масе (за выключэньнем вузкага кола набліжаных да першай асобы) баіцца альбо апасаецца зьменаў. Наадварот, многія якраз хацелі бы больш прадказальнага шэфа і большых гарантыяў свайго сацыяльнага і маёмаснага статусу. Але намэнклятура з тым, за кім большая сіла. І пакуль нішто не паказвае на тое, што ўлада можа раптам аслабець.

Ліст ад Веры Касмовіч зь мястэчка Гарадзея Нясьвіскага раёну. Слухачка піша:

“Маё сяброўскае кола — з таго пакаленьня, чыя маладосьць, лепшыя гады жыцьця, здароўе, усё павісла на кратах турэмных і калючым лягерным дроце. Усе мы, хто яшчэ застаўся ў жывых, на схіле жыцьцёвай восені. З многімі разьвіталіся назаўжды. Суцяшае наш боль і страту толькі тое, што прытуліла іх наша родная зямля: не засталіся яны ляжаць у лягерных штабэлях памерлых у вечнай мерзлаце Калымы, Тайшэцкай тундры, у Казахстанскім скалістым стэпе.

25 красавіка будзе год, як памёр на мяжы Польшчы і Беларусі Янка Жамойцін. Памёр у самаходзе, едучы ў Ліду да брата. Годны як чалавек, як сын Радзімы — празаік, літаратурны крытык, публіцыст, грамадзкі дзеяч. Вялікая просьба да Радыё Свабода (ня толькі ад мяне асабіста, а ад усяго нашага сяброўскага кола), каб у эфіры Свабоды прагучалі ягоныя ўспаміны з кнігі “Зь перажытага”. Я магу даслаць вам гэтую кніжку, каб хтосьці ўрыўкамі чытаў — так, як Васіль Быкаў (вечная яму памяць) чытаў па Свабодзе кнігу “Доўгая дарога дадому”.

Жывіце доўга, спадарыня Вера. Вы абавязкова павінны дачакацца таго дня (а ён непазьбежна настане), калі тыя, хто вінаватыя ў вашых пакутах, паўстануць перад судом. Вашыя ахвяры і цярпеньне ў імя Беларусі не былі марныя — рана ці позна і грамадзтва, і беларуская дзяржава яшчэ ацэняць іх так, як яны таго вартыя. Гэтая тэма гучала і будзе гучаць у эфіры Беларускай Свабоды. Мы таксама пастараемся ўлічыць вашыя, спадарыня Вера, пажаданьні наконт успамінаў былых вязьняў сталінскага ГУЛАГу.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Сяргея Магонава з Кобрыні, які паведаміў пра чутнасьць перадачаў Беларускай Свабоды ў сваёй мясцовасьці, а таксама напісаў колькі словаў пра ўражаньні ад пачутага.

“Свабоду слухаю кожны дзень, калі толькі ўвечары дома, — піша Сяргей Магонаў. — Вельмі падабаюцца перадачы па гісторыі Беларусі (“Беларуская Атлянтыда”, іншыя), а таксама “Экспэртыза Свабоды”, “Сымбаль веры” (у апошняй мне вельмі імпануе тое, што роўная ўвага надаецца ўсім рэлігійным канфэсіям, якія дзейнічаюць у Беларусі”.

Удзячныя Вам, Сяргей, за добрыя словы.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Шустоўскі з Барысава, Генусь Агафонаў зь Віцебску, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Мікалай Кеда зь вёскі Навасёлкі Ашмянскага раёну і Віктар Бута зь Менску. На мінулым тыдні мы таксама атрымалі шэраг допісаў на конкурс “Мая Свабода”, прысьвечаны 50-гадоваму юбілею Беларускай службы Радыё Свабода. Свае развагі і ўспаміны нам даслалі Данута Страх са Смаргоні, Ільля Копыл, Жана Цыркунова, Алег Трусаў і Эвальд Гатоўскі зь Менску, Міхась Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну, Пятро Саханько зь Берасьця і Максім Кандратоўскі з украінскага гораду Шчорс Чарнігаўскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце . Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG