Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫВАТНЫ ДЗЁНЬНІК: МІКОЛА ПАПЕКА


Мікола Папека, Пружаншчына

16 красавіка

Зранку патэлефанаваў цесьць, ён жыве за 16 кілямэтраў ад мяне. Хоча ўзяць каня на два дні, пабаранаваць жыта ды павазіць гной на соткі. Але забраць кабылу без маладой кабылкі. А я іх яшчэ ні разу не разлучаў і нават, нягледзячы на гадавалы ўзрост, не адбіваў ад цыцкі. Хаця гэта прынята рабіць ў шасьцімесяцавым узросьце. Гужанятка вольна хадзіла і нават далёка адыходзіла ўбок, часам заходзіла ў людзкія падворкі, падыходзіла да дарослых і дзяцей, каб тыя далі чаго смачнага, а пры руханьні па дарозе выходзіла на праезную частку і ўсім сваім каралеўскім свавольствам надавала шмат галаўнога болю і гаспадару, і кіроўцам. Па правілах належыць маладых коней прывязваць з боку да аглоблі, але ці ж пасьпее маладое, яшчэ няўцягнутае жарабя за гарачаю да бегу кабылай?!

Нарэшце адлучэньне здарылася: маладая кабылка засталася ў хляве адна. Спачатку спрабавала вырвацца на волю ўсьлед за маці і не разумела, чаму так зь ёй абышліся. Цікава, што ж будзе далей?

Крыху злагодзіў сабе моцы на пчалярства ды агароды тым, што за стары каляровы “Гарызонт” адзін знаёмы бабыль ды паўбомж майго ўзросту ўзяўся выкінуць гной. Гной дарэшты так і ня выкінуў з той прычыны, што калі ня вып’е, ня можа працаваць, а вып’е — ужо ня здужае працаваць. Але ўсё ж такі нешта і дапамог, ды ўрэшце ад гарэлкі зусім сапсаваўся…

Не ўтрымаўся, каб не пераскочыць на пчальнік, які разьмешчаны ў лесе за 10 кілямэтраў ад вёскі. Там быў мой прыяцель па працы вартаўнік Анатоль. Пчальнік знаходзіцца на тэрыторыі былога вайсковага аб’екту, пабудаванага яшчэ за часамі Хрушчова. Тут знаходзіліся антэнныя палі. А цяпер, як і многія іншыя вайсковыя аб’екты, прыйшлі ў заняпад. А дзяржава і прадаць іх не жадае за сымбалічныя грошы, і перадаць іх для разумнага карыстаньня няма каму. Анатоль — былы заўзяты паляўнічы. Цяпер са шкадобай глядзіць на стан прыроды. Кажа: “Лес, балота, неба бяз птушкі — як без душы”.

Асабліва шмат зьвера прапала за лета 2003 году: зайцоў, курапатак, куніц, мышэй восеньню стала меней, чым было вясной. Прычына — альбо гарачае надвор’е, альбо нейкая невядомая інфэкцыя. Мы зьдзіўляемся, што даўней пры такіх багатых водных і лясных рэсурсах беларусы маглі галадаць. Але, пэўна, тут няма нічога дзіўнага ў сьвятле апошніх трох засушлівых гадоў, дый гэты год абяцае быць ня меней капрызным. У нас ужо зазелянелі бярозы — і зноў раней за альху. І хаця я вельмі скептычна стаўлюся да прароцтваў, але на 2004 год Ванга прарочыла зьнікненьне пчалы ды многіх іншых кузурак.


17красавіка

Кабылка адна — і моцна сумуе. Гэта выразна адрозьнівае сысуноў ад кузурак, сьвет якіх для нас меней вядомы і зразумелы, дый не такі кранальны. Пчала, якая летам жыве 30–40 дзён, нават пры вялікім жаданьні ня мае патрэбы памятаць свайго гаспадара. Іншая рэч — конь. Зь якой радасьцю Зорка (так завецца мая кабылка) адгукваецца на голас знаёмых! А асабліва цяпер, калі асталася бяз маці. Дзеці і жонка стараюцца залагодзіць яе ласункамі. Але як толькі адыходзім ад яе, яна настойліва гікае, кліча, нібыта кажа: “Не пакідайце мяне адну, мне сумна”.

Сёньня якраз споўніўся год зьяўленьня на сьвет гэтай незвычайнай істоты. І я з захапленьнем назіраў нараджэньне маладога каня. Кабыла за некалькі дзён да жарабленьня цяжка дыхала, вымя моцна налілося малаком, і яна лезла пысай да рук чалавека, нюхала, як быцам шукала ўжо нібы народжанае дзіця.Спачатку мне падалося, што гужанятка нарадзілася з аголенымі да касьці нагамі, але гэта аказаліся бабкі (белыя наросты на нагах), якія застаюцца на ўсё жыцьцё. Згодна з паданьнем — гэта тыя месцы, дзе знаходзіліся крылы Пэгаса.

А два гады таму я вымушаны быў прадаць ранейшае вараное жарабя. І той чалавек, які купіў яго, моцна сумаваў па тым часе, калі ў 1940-я гады заходніх беларусаў загналі ў калгас. І ў яго бацькі забралі каня, а потым на доўгі час забаранілі трымаць коней у прыватнай гаспадарцы. І яму захацелася той цеплыні, якую часам дорыць чалавеку конь. А яшчэ мне згадаліся мае дзіцячыя гады ў вёсцы Турная, што пад Целяханамі. Адзін дасьціпны дзед знайшоў выйсьце з гэтай забароны — навучыў карову цягаць воз, і нам гэта было ў вялікую пацеху, асабліва падкрасьціся ззаду і сесьці на воз, за што часам Самуська ( так звалі дзеда) пужаў нас пугай.


18 красавіка

Зранку сабраўся зьезьдзіць у Пружаны купіць фарбы для катрыджа. Раней запраўляў у Берасьці, і там зь мяне за 20 грамаў фарбы ўзялі шалёныя грошы — 45 тысяч. Я спытаў, чаму так дорага, а мне хітры габрэйчык адказаў, што ў вас “Лексмарк”. Потым пакупка фірмовай чорнай тушы на чатыры запраўкі мне каштавала 24 тысячы, а ў Пружанах 100 грамаў — 15 тысяч, і гэта прыкладна на дзевяць заправак. Але цяпер ужо ведаю, што ў Берасьці гэтыя 100 грамаў можна купіць за 10 тысяч. Вось табе і “ў вас “Лексмарк!”

Сеў у аўтобус, бо вырашыў паехаць грамадзкім транспартам. Аўтобус і дзьве таксічкі былі перапоўненыя настолькі, што ня ўсе жадаючыя маглі сесьці, асабліва крыўдна было тым, хто чакаў на наступных прыпынках ад вакзалу. Што і казаць — людзі засталіся на прыпынках, ані сядзець, ані стаяць не было дзе. Хто ехаў на рынак, але большасьць з плястмасавымі краскамі ехалі на могілкі. Тыя людзі, што селі на вакзале не да Пружанаў, а да Слабудкі, так і выйшлі, не дачакаўшыся кантралёра і не заплаціўшы за праезд.

Мая жонка таксама пайшла на могілкі ў Лінова — там у яе шмат родных. У мяне ж самога на радзіме пахаваная радня толькі з боку маці, а з бацькавага боку магілы за сьветам, дый тыя няведама дзе. Дзед Яўхім нібыта загінуў у Аўстрыі, і недзе там і пахаваны (пошукі вынікаў не далі), а баба Тацяна памерла ў 1949 годзе недзе пад Кёнігсбэргам. І мой бацька, і яго браты і сёстры былі яшчэ дзецьмі й належным чынам не паклапаціліся аб магіле, а пазьней так і не знайшлі дакладнага месца пахаваньня. З раднёй маці Каланчукамі і Джэджорамі лёс абышоўся крыху больш ашчадна, і яны ў асноўным знаходзяцца ў вёсцы Сьвятой Волі, што на Івацэвіччыне.

Нарэшце я ў Пружанах. У адным аўтобусе са мной ехалі жонка і дачка вядомага паэта і майго сябра Алеся Каска. Ён вельмі пакутуе праз тое, што яго старэнькія бацькі жывуць паасобку. Бацька ў сястры недзе ў Слуцку, а маці — у Баранавічах. І бацька з маці, пражыўшы ўсё жыцьцё ў Чудзіне (Ганцавіцкі раён), згодныя, каб іх пахавалі не на радзіме. Вось і кажа Алесь, што ня будзе на радзіму да каго прыехаць.

У Пружанах сустрэўся з моладзевым народафронтаўцам Патапчуком Раманам, якога зусім нядаўна па месцы працы наведвала КГБ, каб даведацца, хто прынёс лістоўкі падчас сьвяткаваньня Дня Волі. Гэтыя паказныя наведваньні нарабілі шмат шуму і пярэпалаху, асабліва сярод настаўнікаў. Ад Рамана даведаўся, што ў Пружанах праходзіць сэмінар па адміністрацыйных парушэньнях. Пайшлі на сэмінар, дзе ішла гутарка пра тое, як сябе паводзіць падчас затрыманьня міліцыяй. Лектар сказаў фразу : “Вось у вас забралі грошы на праверку”. На што я адказаў, што назад могуць прынесьці сапраўды падробленыя грошы і з тымі самымі нумарамі — і як мне гэтага пазьбегнуць? Адказу не знайшлося.

Вяртаючыся на аўтавакзал, зайшоў да дырэктара Пружанскага палацыка, каб забраць кнігу вершаў “Агульны сшытак” выдатнага паэта-фатамайстра Георгія Ліхтаровіча, сустрэча зь якім нядаўна ладзілася ў Пружанскай цэнтральнай бібліятэцы. На падыходзе да аўтавакзалу мяне сустрэў шалёны сухавей зь пяском. Гэты пясок ня даў спакойна і на могілках памянуць продкаў.

19 красавіка

Зранку пілаваў дошкі на рамкі для вульлёў. Потым зламалася цыркулярка.

Моцна патрапаў нэрвы сусед — ці то немец, ці то казах, ці то расеец, бо нарадзіўся ў Казахстане, жыў у Саратаве, а цяпер жыве ў Нямеччыне. Але купў для жонкі і цешчы хату ў Беларусі і два разы на год прыяжджае сюды, каб адвесьці душу за працай. Можа працаваць нават на першы дзень Вялікадня, а ўжо ў сераду можа хадзіць п’яны — і некалькі дзён запар потым. Ужо год, як я стараюся зь ім не гаварыць і не вітацца, бо ўжо меў непрыемнасьць зьведаць яго характар. Ягоная цешча баба Яніна, нацярпеўшыся яго, зьбіраеца назад паехаць у Казахстан да сына. Але здарылася так, што прыехаць сюды і атрымаць грамадзянства, ня склала цяжкасьцяў, а вось паехаць назад і каб там атрымліваць пэнсію, узьніклі праблемы з бацькам, якога з Украіны бальшавікі саслалі ў Комі і там згнаілі. А прозьвішча па бацьку запісалі няправільна: ня Віктаравіч, а Вітальевіч. Цяпер баба Яніна ходзіць па судах і плаціць са сваёй мізэрнай пэнсіі грошы, каб прызналі, што гэта адзін і той жа чалавек — і каб выехаць зь Беларусі.

У 5 гадзін паехаў у лазьню на ровары. Хоць лазьня ды пралескі ў лесе, ды гэты кар’ер каля Слабудкі, дзе мне пашанцавала ўбачыць вельмі рэдкую насякомаядную расьліну расянку, парадуюць мяне ў гэты дзень.


20 красавіка

Зранку, пакуль на дарогах няма міліцыі, едзем да цесьця ўсёй радзінай дапамагчы пасадзіць бульбу. Дзень нібыта і цёплы — 15 градусаў, нават закрасаваў абрыкос, алыча, ужо моцна пазелянелі бярозы, выкінулі суквецьці клёны, але да чаго халодны і пранізьлівы вецер…

Прыехалі да цесьця. Ён зь цешчай ужо пасьпеў за гэтыя дні згараць частку поля. Кузя (так завуць кабылу) вельмі хутка ходзіць, але гарэ, як трактар. Дый яна па сваёй прыродзе выязная, ёй бы брычку… Меншы сын Вова скідваў гной у разору і пасьпеў зрабіць выснову: яму не падабаецца скідваць гэтае гаўно.


21 красавіка

Зранку зазірнуў Несьцярчук Леанід (тут непадалёку жыве ягоная сястра) — аўтар кнігі “Замкі, палацы, паркі Берасьцейшчыны Х–ХХ стагодзьдзяў”, а цяпер ужо выйшла ў сьвет і хутка будзе прэзэнтацыя і кнігі “Захаваньне гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі”. Ён узначальвае фонд Касьцюшкі і нядаўна, дзякуючы амэрыканскаму пасольству і Касьцюшку, быў з дэлегацыяй ў ЗША з мэтай пазнаёміцца са станам аховы культурна-гістарычнай спадчыны гэтай краіны. Паклікаў паглядзець фатаздымкі, прывезеныя з Амэрыкі. Амэрыка праз фатаздымкі мяне ня ўразіла.

Прыйшоў былы міліцыянт і сказаў, што конь адарваўся. Гэты чалавек неяк за чаркай пры другіх мужыках прызнаўся, што ў свой час здаў мяне КГБ, і гэта ён сказаў сур’ёзна і спакойна. Я яго папракнуў, што ня варта пры ўсіх было рабіць такое прызнаньне…


22 красавіка

Неба зранку насупілася. З сынам Вовам еду ў Пружаны, каб сабраць належныя даведкі для санаторыю. Яму весела. Ёсьць магчымасьць выцыганіць у мяне некалькі рублёў на прысмакі, а куды дзенесься... Заехаў у краму купіць аўсу, каб пасеяць на полі ды карміць коні. У тым годзе таксама сеяў авёс, але малаціць яго ня стаў, дый навошта. Коні за зіму са стажка добра змалацілі. А авёс каштуе даволі сьмешныя грошы — 150 рублёў за кіляграм.

Вечарам пазваніў Леанід Несьцярчук і папрасіў, каб заўтра памог сястры згараць соткі. Яшчэ расказаў, што быў у Берасьці на сустрэчы зь Нілам Гілевічам і што ў таго пры выезьдзе зь Менску загарэлася машына, а ў машыне былі кнігі і Быкава, і Гілевіча, ды іншых пісьменьнікаў, і ці выпадкова загарэлася машына?


23 красавіка

Сеяць авёс давядзецца ў суботу. Трэба дапамагчы згараць соткі сястры Несьцярчука. Ды прачытаць гэты штодзёньнік на Радыё Свабода. А як я пераканаўся з папярэдняга выступу, Радыё Свабода слухае шмат людзей з нашага рэгіёну. Бо многія адразу званілі, а адзін пажылы чалавек нават прыехаў з Кобрыні, каб купіць у мяне воску на лякарства.
XS
SM
MD
LG