Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНОНС СВАБОДЫ


RFE/RL

24 красавіка
ПА-ЗА ТАКТАМ
Ці вальней працуецца сёньня беларускім музыкантам у параўнаньні з тым, што было дзесяць гадоў таму? Як яны разумеюць свабоду творчасьці, чым кіруюцца на практыцы? Журналіст Зьміцер Падбярэскі сустрэўся з Касяй Камоцкай, Мікалаем Скорыкавым і Аляксандрам Памідоравым, якія і разважалі на тэму свабоды творчасьці ў цяперашняй Беларусі.

24 красавіка
ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ
Для многіх Чарнобыль і сёньня – перш за ўсё адна з найбольшых у сьвеце тэхнагенных катастроф. Насамрэч гэта аварыя лёсу цэлай нацыі. Толькі афіцыйна ўцекачамі ад радыяцыі сталі 130 тысяч беларусаў: іх арганізаванае перасяленьне з зоны каштавала прыблізна 5 мільярдаў даляраў. Гіганцкая лічба ў маштабах невялікай краіны. Пра няпростыя праблемы й далейшыя пэрспэктывы чарнобыльскіх перасяленцаў пойдзе размова ў чарговай тэматычнай праграме з сэрыі “Палітычная геаграфія”, якую падрыхтаваў і вядзе Аляксандар Уліцёнак.

25 красавіка
ПАШТОВАЯ СКРЫНКА 111
Калі ў Беларусі зьявіцца палітык, які здолее скласьці на прэзыдэнцкіх выбарах рэальную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку? Якім чынам Масква можа паўплываць на тэрміны зьмены ўлады ў Беларусі? Ці зьмяняецца ў беларускім грамадзтве стаўленьне да НАТО? Над гэтым разважаюць нашыя слухачы ў лістах на Свабоду. Яны таксама выказваюць заўвагі і прапановы наконт некаторых праграмаў.

25 красавіка
ВОЛЬНАЯ СТУДЫЯ
Новыя словы пра звыклыя рэчы. Сёньня суразмоўцам Міхася Скоблы будзе Юры Качук з Зэльвы – сябра Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, рэдактар рэгіянальнага краязнаўчага часопіса. Чаму кнігу “Памяць” Зэльвенскага раёна мясцовыя ўлады не дазволілі прадаваць у раённай кнігарні? Каму замінае помнік Ларысе Геніюш, усталяваны на цьвінтары зэльвенскай царквы?

25 красавіка
ВОСТРАЯ БРАМА
Ці ёсьць пагроза для грамадзтва з боку беларускага нацыяналізму? Такое пытаньне мінулага тыдня зьдзівіла і нават абурыла некаторых слухачоў Радыё Свабода. Абсалютная большасьць адказала на наша пытаньне адмоўна. Між тым, менавіта пра пагрозу беларускага нацыяналізму, як пра аб’ектыўную рэальнасьць, увесь час гавораць Аляксандар Лукашэнка, чыноўнікі і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Гэта значыць, што і такі пункт гледжаньня знаходзіць падтрымку ў грамадзтве. У чым тут справа і хто мае рацыю? Гаворка пра гэта – у новым выпуску перадачы “Вострая Брама”.
XS
SM
MD
LG