Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЁН ТОЛЬКІ СТАЎ ПРЭЗЫДЭНТАМ І КАЗАЎ, ШТО ВЕДАЕ ІНВАЛІДА, ЯКІ АТРЫМЛІВАЕ ЗАРОБАК, БОЛЬШЫ ЗА ЯГОНЫ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Ванда Курловіч: ) “Вось ягонае месца, яно не засьцілаецца. Яму ўвесь час горача, бо цела як агнём гарыць. Працуе вэнтылятар, побач газэты, тэлевізар. Калі яму дрэнна, выклічам хуткую дапамогу, а тыя кажуць: “Ну што мы вам зробім, рэабілітацыя немагчымая”.

18 гадоў таму Ванда Курловіч лічыла сябе абсалютна шчасьлівым чалавекам: мела добрую працу, падрасталі цудоўныя сын з дачкою, а галоўнае – за мужам Аляксандрам пачувала сябе, як за мурам.

26 траўня 1986 году яго, аднаго з найлепшых шафёраў-дальнабойцаў аўтабазы, выклікалі позвай у вайсковы камісарыят. Куды адпраўляюць, не сказалі. І апынуўся яе муж у Чарнобылі, у самым пекле – на рэактары. З бэтону, які Аляксандар падвозіў на самаскідзе, рабілі славуты саркафаг.

Калі праз 4 месяцы вярнуўся дадому, жонка яго не пазнала – яго ўвесь час хістала, быццам нападпітку... І яшчэ ён быў вельмі стомлены і бесьперапынна хацеў спаць.

Далейшы ягоны лёс – люстэрка трагедыі чарнобыльскіх інвалідаў. Найцяжэй было дамагчыся прызнаньня, што прычынаю хваробаў стала радыяцыя. За сваю перамогу Курловічы найперш удзячныя Зянону Пазьняку. Яны перакананыя: толькі пасьля арганізаваных ім “Чарнобыльскіх шляхоў” дактары пасьмялелі й паставілі Аляксандру дыягназ – “прамянёвая хвароба”, і далі першую групу інваліднасьці. Другой перамогаю сям’і Курловічаў над чыноўнікамі стала расьсяленьне з двухпакаёвай кватэры ў Азярцох пад Менскам, дзе яны жылі разам з ужо сямейнымі дзецьмі.

(Аляксандар Курловіч: ) “Прыехалі ў райвыканкам, і там жанчына. У мяне, кажу, 8 чалавек жыве ў кватэры. Яна адказвае: “Вы будзеце пладзіцца, як трусікі, а мы будзем вам даваць кватэры?” А ў мяне быў кіёк такі, нямецкі, дык я раззлаваўся і гэтым кіем – па стале! Яна й давай ўцякаць ад мяне”.

Ня менш балючай за кватэрную была й матэрыяльная праблема. Штомесяц на лекі, транспарт, палепшанае харчаваньне ішло некалькі соцень даляраў. Адкуль такія грошы? У сярэдзіне 1990-х пэнсія Курловіча складала больш за 500 даляраў – гэта ці не рэкорд краіны! Пра тую суму ўведаў нават сам прэзыдэнт. І Лукашэнка не стрываў..

(Аляксандр Курловіч: ) “Памятаеш, ён толькі стаў прэзыдэнтам і казаў, што ведае інваліда, які атрымлівае заробак, большы за ягоны. Але так было толькі спачатку”.

Два гады таму Аляксандар Лукашэнка ўмяшаўся ў ранейшую практыку і сваім дэкрэтам абмежаваў максымальную суму пэнсіі чарнобыльца – ня болей за тры сярэднія па краіне. Так Курловіч перастаў лічыцца рэкардсмэнам. Куды пайшлі грошы, якія бюджэт зэканоміў на гэтым скарачэньні? Гаворыць дэпутат цяперашняга парлямэнту Марыя Худая.

(Худая: ) “Розьніца ў пэнсіях была ў 60 разоў. Дзеці-інваліды атрымлівалі мізэрныя грошыкі, а некаторыя катэгорыі атрымлівалі ў 60 разоў болей. У выніку пэнсія дзецям павялічылася ў два з паловаю – тры разы, і я лічу, гэта было зроблена правільна”.

Паводле зьвестак Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, інваліды Чарнобылю першай групы атрымліваюць пэнсію каля 700 тысяч рублёў, а чарнобыльскія інваліды зь дзяцінства – 140 тысяч рублёў. Апошніх, па афіцыйных зьвестках, у Беларусі няшмат, усяго 1531 чалавек. Але, як лічаць адмыслоўцы, у сапраўднасьці іх у некалькі разоў болей. Проста з прычыны бюракратычнай цяганіны большасьці не ўдаецца даказаць сувязі свайго захворваньня з Чарнобылем.

Жыхарка Менску Алена Сьмірнова перамяшчаецца толькі на інвалідным вазку. 16 гадоў таму ў яе знайшлі пухліну сьпіннога мозгу. Да катастрофы такіх хворых у Беларусі практычна не было, цяпер жа іх – дзясяткі па ўсёй Беларусі. Алена згадвае паездкі на лячэньне ў Нямеччыну – увесь аўтобус такіх, як яна, толькі пухліны розных частак цела.

Алена цягам некалькіх гадоў спрабуе давесьці, што карані ейнай трагедыі – у доўгім радыяцыйным сьледзе далёкага 1986-га году, аднак пакуль усё марна. Як вынік – пэнсіі атрымлівае ўсяго 60 тысяч плюс 30 тысяч дапамогі. Ільготы пры аплаце камунальных паслуг на яе не распаўсюджваюцца, танных мэдыкамэнтаў таксама фактычна ня бачыць.

(Сьмірнова: ) “У асноўным выпісваюць айчынныя лекі, я маю права штомесяц бясплатна атрымаць 5 мэдычных прэпаратаў, але яны мне без патрэбы, бо тыя прэпараты, якія неабходныя, дактары выпісваць адмаўляюцца: маўляў, яны ў нейкім ільготным сьпісе. Прыкладам, мне як хворай з пухлінаю сьпіннога мозгу трэба прымаць прэпараты ад спастыкі, але выпісваюць зусім ня тое, што падыходзіць. Вось і выходзіць: патрэбныя лекі ўжо некалькіх гадоў мне перадаюць менавіта зь Нямеччыны”.

Дзякуючы дапамозе дабрачыннага фонду Алена некалькі разоў была ў Нямеччыне на рэабілітацыі. Яна ў захапленьні ад гэтай краіны ня толькі таму, што там добрыя ўмовы для інваліда ў вазку... Яшчэ вышэй яна цэніць тое, што немцы да яе ставяцца, як да роўнай. Дома з гэтым найвялікшыя праблемы.

Алена хоць і скончыла завочна Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт, але нідзе не працавала ні дня. Не бяруць... Зьвярнулася была на біржу працы і пачула кароткае: для інвалідаў з такім дыплёмам прапановаў няма... Адзінае, чым можаш заняцца, – клеіць пахавальныя вяночкі. Дарэчы, і ніводная дабрачынная арганізацыя не дапамагае інвалідам Чарнобылю знайсьці працу па прафэсіі. Лічыцца, што гэтым людзям патрэбны толькі адпачынак або лячэньне.

Пра дзяржаўную сыстэму мэдычнай дапамогі чарнобыльцам разважае прафэсар Георгі Лепін. Ён 6 гадоў адпрацаваў у зоне і сам стаў інвалідам 3 групы.

(Лепін: ) “У нас фактычна перастала існаваць чарнобыльская мэдыцына. Яна мела тры ўзроўні. Найвышэйшы – гэта навуковы інстытут радыяцыйнай мэдыцыны, сярэдні – нацыянальны дыспансэр радыяцыйнай мэдыцыны, апошні ўзровень – клініка ў Аксакаўшчыне пад Менскам. Профіль дыспансэру й клінікі ў Аксакаўшчыне былі настолькі пашыраныя, што чарнобыльскімі іх ужо ня можна называць. Цяпер я ўвогуле не ўяўляю, як трапіць у клініку на лячэньне. Туды кладуць каго заўгодна, у тым ліку зь лечкамісіі пры адміністрацыі прэзыдэнта. Такім чынам, магчымасьці лячыцца ў чарнобыльцаў рэзка скараціліся”.

Але найбольш адчувальна рэформа закранула інстытут радыяцыйнай мэдыцыны. Загадам міністра аховы здароўя спадарыні Людмілы Пастаялкі яго перавялі з Менску ў Гомель, але адбылося гэта фактычна толькі на паперы. Бо 150 супрацоўнікаў інстытуту пераяжджаць у Гомель адмовіліся, а гэта без чатырох чалавек увесь калектыў.

Не паехаў і Віктар Сьвяцелін – намесьнік дырэктара ў пытаньнях будаўніцтва. Намаганьнямі гэтага чалавека за паркам Чалюскінцаў паўстаў сучасны будынак інстытуту. Але ў Гомель Сьвяцеліна нават не запрасілі. Чаму?

(Сьвяцелін: ) “Сутнасьць, як я разумею, у тым, каб наагул прыкрыць гэтую чарнобыльскую навуковую праграму. Праўдападобна, мы сваімі шчырымі навуковымі працамі вельмі некага непакоілі”.

Замест зьліквідаваных у Менску інстытуту й дыспансэру радыяцыйнай мэдыцыны цяпер у Гомелі адкрыты цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека. Там шмат сучаснага й вельмі дарагога абсталяваньня, але інваліды наведваюць той цэнтар значна радзей, чым некалі менскі дыспансэр. Бо далёка й нязручна...

Так, Аляксандр Курловіч у Менск езьдзіў рэгулярна, у Гомель – ні разу. І не паедзе. Кажа – жывым не дабярэцца. Нядаўна ён зэканоміў грошай з пэнсіі і пабудаваў балкон – дзякуй богу, жыве на першым паверсе і ніякія праверкі пакуль не чапляюцца. Там і сустракае 18-ю ад Чарнобылю вясну.
XS
SM
MD
LG