Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ СУСТРЭЛІСЯ З КІРАЎНІКОМ ПОЛЬСКАГА БЮРО НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЯСЬПЕКІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У часе спатканьня, ініцыятарам якога быў шматгадовы дырэктар польскай рэдакцыі радыё Свабодная Эўропа Ян-Новак Езяранскі, абмяркоўвалася будучыня польска-беларускіх дачыненьняў па далучэньні Польчшы да Эўрапейскага Зьвязу.

На сустрэчу, якую наладзіла польская грамадзкая арганізацыя Калегіюм Усходняй Эўропы, прыехалі лідэр БНФ Вінцук Вячорка, каардынатар кааліцыі “Вольная Беларусь” Андрэй Саньнікаў, а таксама старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Варта адзначыць, што ўчорашняя сустрэча беларускіх апазыцыянэраў з дзяржаўным сакратаром канцылярыі прэзыдэнта і кіраўніком Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Марэкам Сіўцам прайшла за зачыненымі дзьвярыма. Пра яе не былі паінфармаваныя журналісты, і толькі сёньня ў гэтай справе зьявілася кароткае паведамленьне для прэсы. Таму пра хаду размовы можна было даведацца толькі са словаў яе ўдзельнікаў, якія, у сваю чаргу, спасылаліся на прэс-рэліз.

На пытаньне, ці варта спадзявацца на нейкія зьмены ў польска-беларускіх стасунках пасьля гэтай сустрэчы адказвае Алесь Бяляцкі.

(Бяляцкі: ) “Цяжка сказаць наколькі хуткімі і наколькі рэвалюцыйнымі будуць зьмены ў адносінах польскга боку да Беларусі, беларускага ўраду, апазыцыі. Але я б сказаў, што размова мела канкрэтны і канструктыўны характар. Шмат у чым мы прыходзілі да агульных поглядаў, да агульных думак”.

Гэта быў Алесь Бяляцкі. Паводле ягоных словаў, беларускія апазыцыйныя лідэры лічаць, што Польшча павінна адыгрываць значную ролю ў фармаваньні ўсходняй палітыкі пашыранага Эўразьвязу.

Больш канкрэтных рэчаў пра вынікі спатканьня не ўдалося даведацца і ад польскага боку. Гаворыць старшыня Калегіюму Усходняй Эўропы Ян Анджэй Дамброўскі.

(Дамброўскі: ) “Я абсалютна ўпэўнены, што палякі замала ведаюць пра Беларусь, таму патрэбныя сустрэчы на розных узроўнях у тым ліку і палітычным, а таксама – эканамічным, гаспадарчым і культурным”.

У бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Радыё Свабода паведамілі, што вынікі спатканьня Марэка Сіўца зь беларускімі лідэрамі можа камэнтаваць толькі сам кіраўнік бюро Марэк Сівец, але ён быў сёньня недасягальны для журналістаў.

Варта адзначыць, што гэта ўжо трэці візыт прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ў Варшаву за апошнія некалькі месяцаў. Апазыцыянэры сустракаліся з прадстаўнікамі ўраду і дэпутатамі парлямэнту ды распавядалі польскім палітыкам пра сытуацыю ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG