Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЕ ДАСЬЛЕДАВАНЬНЕ АБ ШКОДНАСЬЦІ ПРАЗЬМЕРНАГА ЎЖЫВАНЬНЯ АЛЬКАГОЛЮ


Сяргей Абламейка, Прага

Людзі, якія выпіваюць кожны вечар тры келіхі віна, могуць зазнаць такія самыя пашкоджаньні галаўнога мозгу, як і хранічныя алькаголікі. Навукоўцы знайшлі, што больш за 100 келіхаў віна ў месяц – у сярэднім 130 – абавязкова выклікаюць страты памяці і зьмяншэньне разумовых здольнасьцяў. З вынікамі новага вялікага дасьледаваньня амэрыканскіх мэдыкаў чытачоў знаёміць брытанская газэта Times.

Навукоўцы з ўнівэрсытэту Каліфорніі і ўнівэрсытэту Вандэрбіта пры дапамозе магнітнага рэзанасу дасьледавалі мозг 46 хранічных алькаголікаў і 52 памяркоўна пітушчых людзей. Агульна прынятая ў сьвеце мера спажываньня алькаголю – адзін напой, гэта значыць адзін келіх віна ці адна пляшка піва.

Удзельнікаў экспэрымэнту дасьледавалі на прадмет хуткасьці мысьленьня, разумовых здольнасьцяў, працоўнай памяці, арыентацыі ў прасторы і здольнасьці вучыцца. Аказалася, што хранічныя алькаголікі маюць невялікія пашкоджаньні мозгу, якія ўплываюць на якасьць выкананьня імі штодзённых задачаў. “Чым больш чалавек п’е, тым горш ён запамінае неабходную па працы інфармацыю, тым меншыя мае ўвагу, канцэнтрацыю і наагул прадукцыйнасьць працы”, – сказаў доктар Дытэр Маергоф, вядучы спэцыяліст унівэрсытэту Каліфорніі.

Звычайна алькаголікі вызначаюцца няздольнасьцю прызнаць свой алькагалізм за праблему, якая патрабуе лячэньня. Тым часам у спэцыялізаваных цэнтрах у іх, сярод іншага, выяўляюць і пашкоджаньні мозгу. Новае дасьледаваньне паказала, што і тыя, хто спажывае больш за 100 напояў ў месяц, але ня лічыцца алькаголікамі, маюць такія самыя пашкоджаньні мозгу. Мазгавыя збоі ўключаюць у сябе няздольнасьць прымяніць вопыт, набыты падчас ранейшай працы, цяжкасьці з абстрактным разуменьнем часу і грошай, цяжкасьці з захоўваньнем і выкарыстаньнем інфармацыі.

“Наш пасыл для ўсіх наступны: піце памяркоўна”, – сказаў адзін з аўтараў новага дасьледаваньня доктар Дытэр Маергоф. Калі вы будзеце піць шмат, дык шкода для мозгу будзе можа і ня надта прыкметнай, але ўсё ж вашыя пазнавальныя здольнасьці зьменшацца. Апытаньні людзей паказваюць, што галоўная небясьпека – непрыкметнасьць, схаваны характар алькагольнай залежнасьці. Большасьць людзей атаясамліваюць з алькаголікамі п’яных людзей, што валяюцца на вуліцах побач зь літровымі пакетамі таннага віна.

Соцыялягічныя апытаньні паказваюць, што, напрыклад, у Вялікай Брытаніі чвэрць насельніцтва лічаць алькаголь вельмі карысным для здароўя, і пятая частка ангельцаў уважае, што сьпіртное здымае напружаньне. Толькі 9% сказалі, што алькаголь шкодзіць здароўю, і 13% заявілі, што іхнае жыцьцё без алькаголю ня будзе такім самым, як з алькаголем.

Іншая аўтарка новага дасьледаваньня доктарка Эн Джэнкінс заявіла журналістам, што каштоўнасьць новага экспэрымэнту ў тым, што ён зрабіў важкі ўнёсак у дэбаты аб шкоднасьці і карысьці алькаголю. Як вядома, невялікія дозы сьпіртнога прызнаныя вельмі карыснымі для здароўя сэрца і судзінаў. Затое раней лічылася, што вялікую шкоду здароўю наносіць толькі цяжкі хранічны алькагалізм. А цяпер вось высьветлілася, што нават тры келіхі віна штодзень могуць прыводзіць да значных пашкоджаньняў мозгу і іншых органаў.

Цяпер у Злучаных Штатах Амэрыкі навукоўцы распрацоўваюць спэцыяльны плястыр, які, як чакаецца, дапаможа хранічным алькаголікам пазбавіцца залежнасьці ад сьпіртнога. Аналягічны плястыр для курцоў, як вядома, вынайдзены даўно і пасьпяхова прымяняцца ў мэдычнай практыцы. Новы плястыр, наклеены на скуру, будзе пасылаць алькаголікам у кроў рэчыва мэкамілямін, якое, як вядома, зьмяншае жаданьне выпіць.

***

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Калі вам кожную раніцу пасьля сну баліць галава, гэта сур’ёзная прычына тэрмінова зьвярнуцца да лекара і прайсьці абсьледаваньне. Дасьледчыкі сну высьветлілі, што ранішнія галаўныя болі могуць быць сьведчыць пра праблемы са здароўем, якія патрабуюць прафэсійнага умяшаньня мэдыкаў. Самымі распаўсюджанымі прычынамі ранішніх галаўных боляў зьяўляюцца дэпрэсіі, трывога, бяссоньне, зьвязаныя са сном, парушэньні дыханьня і хваробы пазваночніка і суставаў. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.

2. Калі перад вамі стаіць нейкая складаная разумовая задача, не забудзьцеся пра красоўкі ці кеды. Умацаваньне вашай сардэчна-судзіннай сыстэмы праз хадзьбу ці бег трушком можа ўмацаваць вашыя разумовыя здольнасьці. Адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што людзі, якія рэгулярна даюць нагрузку сардэчна-судзіннай сыстэме ў форме хадзьбы, бегу ці фізычных практыкаваньняў з гантэлямі, былі здольныя лепш засяроджвацца ў параўнаньні з тымі, хто выконваў практыкаваньні толькі на расьцяжку. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце прынамсі 60 хвілін у тыдзень займацца фізычнымі практыкаваньнямі. Гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 з паловай гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG