Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКАДЭМІКІ ВЫБІРАЮЦЬ НОВЫХ ЧЛЕНКОРАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, членамі-карэспандэнтамі могуць быць абраныя вучоныя–грамадзяне Беларусі. Прычым, вучоныя – вядомыя, якія ўнесьлі значны унёсак у разьвіцьцё навукі і ўзбагацілі яе працамі буйнога навуковага значэньня. Што тычыцца прывілеяў, то вось што на гэты конт распавёў мне вядомы беларускі акадэмік Радзім Гарэцкі:

(Радзім Гарэцкі: ) “За ступень кандыдата навук у нас плацяць дадаткова тры базавыя стаўкі. За доктара навук – шэсьць. Членам-карэспандэнтам – дзесяць. Акадэмікам – 15. Але тут ёсьць адзін нюанс вельмі цікавы. Наконт членкораў і акадэмікаў. Яны павінны пісаць справаздачу кожны год, што яны зрабілі. Гэтая справаздача пасылаецца ў Адміністрацыю прэзыдэнта. І потым, мусіць, даходзіць да самога прэзыдэнта, ён падпісвае, і толькі тады нам даюць вось гэты дадатак”.

(Карэспандэнт: ) “І вы таксама пішаце кожны год справаздачу?”

(Гарэцкі: ) “Кожны год. Але пакуль ён зацьвярджае. Але ж звычайна прыходзіцца даволі доўга чакаць. Напрыклад, сёлета ён пакуль не падпісаў яшчэ”.

(Карэспандэнт: ) “А бывае так, што камусьці наагул не было падпісана?”

(Гарэцкі: ) “Калі ўказ гэты выйшаў першы раз, дык ён тады, я ведаю, 4 чалавекам не падпісаў. Тады яшчэ быў Карпенка жывы – вось жа Лукашэнка яго выкрасьліў. Потым Шушкевічу не падпісаў і Ціхіню не падпісаў. Яны ў нас членкоры. І яшчэ не падпісаў акадэміку Міхайлаву, які быў дарадцам у Шушкевіча”.

Цяпер у беларускай Акадэміі навук роўна 100 членаў-карэспандэнтаў. Прэзыдыюм акадэміі даў дазвол на абраньне 40 новых член-карэспандэнтаў. Пасьля абвяшчэньня гэтага конкурсу першапачаткова вырашыў удзельнічаць у ім 161 навуковец.

Быў у іх ліку, як мне пацьвердзілі ўчора ў акадэміі, і доктар эканамічных навук Міхаіл Мясьніковіч. Аднак затым ён зьняў сваю кандыдатуру. Як мяркуюць у акадэміі, прэзыдэнт ня быў упэўнены, што будзе абраны ў член-карэспандэнты. Рэч у тым, што галасаваньне па кандыдатуры – тайнае.

Дарэчы, на сёньняшнім агульным сходзе з 40 вакансіяў будзе запоўнена ня больш як 34. Менавіта такая колькасьць прэтэндэнтаў на атрыманьне званьня член-карэспандэнта засталася пасьля папярэдніх выбараў ў аддзяленьнях акадэміі.

Напрыклад, праз гэтае “сіта” папярэдняга адбору ня здолелі прайсьці намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, дырэктар Інстытуту гісторыі Мікалай Сташкевіч. Затое будзе прэтэндаваць на атрыманьне званьня член-карэспандэнта ў сфэры права старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч. Ён, паводле дасьведчаных асобаў, прайшоў этап папярэдніх выбараў, толькі дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу. Дарэчы, далёка ня ўсе дактары навук маюць жаданьне стаць член-карэспандэнтамі акадэміі. Вось як, напрыклад, патлумачыў сваю пазыцыю на гэты конт доктар фізіка-матэматычных навук Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Не, ніколі не прапаноўваў”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Хадыка: ) “Бо я не хацеў быць лякеем ва ўладаў. У савецкі час наагул нельга было балятавацца без ухваленьня ЦК КПСС. А зараз гэта “кляны” вылучаюць. Гэта надзвычай гнілая сыстэма. Акадэмія далёка не найлепшае месца ў сэнсе прыстойных чалавечых паводзінаў. Лічыцца, што тыя людзі, якія час ад часу там зьбіраюцца, быццам там вырашаюць найважнейшыя пытаньні. Але гэта ня так. Таму я ніколі не вылучаўся і ня буду вылучацца. Мне дастаткова маіх званьняў”.

Гэта быў доктар фізыка-матэматычных навук Юры Хадыка – супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук, дзе сёньня праходзяць выбары член-карэспандэнтаў акадэміі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG