Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМІСІЯ ААН У ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА КРЫТЫКУЕ БЕЛАРУСЬ


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Летась падчас вайны ЗША супраць Іраку беларускія афіцыйныя асобы і дзяржаўныя СМІ, крытыкуючы дзеяньні Злучаных Штатаў, адным з галоўных аргумэнтаў вылучылі наступны: ЗША пачалі ірацскую апэрацыю бяз санкцыі ААН. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў аб’яўлялася галоўным усясьветным арбітрам. І вось другі год запар Камісія ААН у правах чалавека прымае адмысловую рэзалюцыю па Беларусі, у якой крытыкуецца парушэньне правоў чалавека ў краіне. Прычым гэтая рэзалюцыя больш жорсткая, чым мінулая. І там прыняты пункт, які стварае пасаду адмысловага дакладчыка гэтай камісіі па Беларусі. Дакладчык павінен выступіць на наступнай сэсіі Камісіі ў правах чалавека з дакладам аб сытуацыі ў Беларусі. Такі дакладчык прызначаецца для краінаў, у якіх сытуацыя з правамі чалавека носіць брутальны характар. Што азначае зьмест гэтай рэзалюцыі, аб чым сьведчыць яе прыняцьцё?”

(Юры Кажура: ) “Такая рэзалюцыя прымаецца другі год запар. Гэта сьведчыць пра тое, што пытаньне правоў чалавека ў Беларусі становіцца клопатам ня толькі эўрапейскіх структураў (Эўразьвязу, АБСЭ, Рады Эўропы), ЗША, якія традыцыйна, шмат гадоў крытыкуюць Беларусь за сытуацыю з правамі чалавека, разглядаюць яе кожны год на сваіх паседжаньнях. Тое, што ў Жэнэве вельмі рэспэктабэльны орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў — Камісія ААН у правах чалавека — прымае такі дакумэнт, зьяўляецца безумоўным сьведчаньнем клопату міжнароднай супольнасьці аб сытуацыі з дэмакратыяй у Беларусі. Праблема выйшла за межы эўрапейскай ці, калі пажадана, трансатлянтычнай палітычнай прасторы.

ААН дастаткова ляяльна ставілася да палітычнага рэжыму Беларусі. І супрацоўніцтва зь ёй было дастаткова эфэктыўнае. Цяпер, пасьля прыняцьця гэтай рэзалюцыі, беларускае пытаньне ў нэгатыўным сэнсе перанесенае ў гэтую арганізацыю. І гэтая тэндэнцыя павінна непакоіць беларускія ўлады”.

(Віталь Сіліцкі: ) “Па-першае, я ня думаю, што сытуацыя ў Беларусі пачала клапаціць кагосьці яшчэ, акрамя таго, каго яна клапаціла апошнія гады. Калі паглядзець на вынікі галасаваньня ў Камісіі ААН у правах чалавека, то ўбачым, што “супраць” галасавала Расея, Кітай, Індыя. Рэзалюцыю падтрымалі краіны, якія традыцыйна зьяўляюцца крытыкамі палітыкі нашага прэзыдэнта. Аднак той факт, што для крытыкі Беларусі выкарыстоўваецца пляцоўка ААН, сьведчыць аб тым, што працы на беларускім кірунку спрабуюць надаць новы мандат і новую легітымнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, усё новыя арганізацыі ўносяць у парадак дня сваёй працы беларускае пытаньне, яно стала набывае міжнародны ўзровень. Ня толькі ААН, але і Міжнародная арганізацыя працы разглядае праблему парушэньня прафсаюзных правоў у Беларусі. Якія практычныя наступствы будзе мець гэтая рэзалюцыя для Беларусі, яе замежнай палітыкі, іміджу краіны?”

(Кажура: ) “Важныя наступствы будзе мець факт прызначэньня адмысловага дакладчыка па Беларусі. Таму што ён будзе працаваць тут, потым падасьць свае меркаваньні на разгляд наступнай сэсіі Камісіі ААН у правах чалавека. Гэта сьведчыць аб тым, што пытаньне правоў чалавека трывала трапляе на парадак дня Камісіі. Згодна ААНаўскай практыцы, калі пытаньне трапіла на разгляд, то яго зьняць з разгляду вельмі цяжка без прагрэсу ў сытуацыі з правамі чалавека. Напрыклад, некалькі гадоў запар прымаліся адмысловыя рэзалюцыі ў адносінах да некаторых былых югаслаўскіх краінаў (Харватыі, Босьніі і Герцагавіны). І такія рэзалюцыі перасталі прымацца толькі пасьля зьменаў у грамадзтве гэтых краінаў і зьмены палітычнага курсу. Такім чынам, галоўная выснова з гэтай резалюцыі — доўгатэрміновая ўвага ААН і міжнароднай супольнасьці да Беларусі.

Вельмі важна, што ў гэтым годзе рэзалюцыя больш жорсткая і больш канкрэтная. Там ня толькі агульныя палажэньні, якія былі характэрныя для рэзалюцыі мінулага году, але цяпер там згаданая сытуацыя з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам, Нацыянальным ліцэем імя Я.Коласа. Гэта сьведчаньне таго, што ААН адсочвае сытуацыю, праводзіць маніторынг парушэньняў правоў чалавека. І новыя крокі беларускіх уладаў наконт парушэньня правоў чалавека будуць атрымліваць жорсткую ацэнку і адпаведныя захады, як у межах ААН, так і ў іншых міжнародных арганізацыях”.

(Сіліцкі: ) “Да тэмы дакладчыка. Дакладчыкаў па Беларусі было ўжо шмат ад розных арганізацыяў. Быў спадар Севярын, цяпер рэгулярна прыяжджае Ута Цапф. Але пакуль усё заканчваецца вядомай формулай: “А Васька слушает да ест”. Беларускія ўлады сьвядома абралі курс на міжнародную самаізаляцыю. І рэзалюцыя Камісіі ААН, я думаю, толькі ўзмоцніць іх рашучасьць трымацца гэтага курсу. Дакумэнты паважаных міжнародных арганізацыяяў прызнаюцца толькі там і тады, дзе і калі прызнаюцца правілы добрага тону. На жаль, гэтага нельга сказаць аб уладах Беларусі.

Іншая рэч, што ААН — гэта знакавая структура. І як тут ужо было сказана, менавіта на ААН увесь час спасылаўся афіцыйны Менск. Гэтая казырная карта для ўнутранай прапаганды цяпер амаль што бітая. Зь іншага боку, ААН — гэта добры дах для ініцыятараў гэтай рэзалюцыі. І калі спатрэбіцца, гэтая рэзалюцыя будзе выцягнутая, паказаная, і на яе падставе могуць быць зробленыя пэўныя высновы. Але гэта ўжо будзе залежаць, уласна кажучы, не ад самой ААН”.

(Карбалевіч: ) “Рэакцыя беларускіх уладаў на гэтую рэзалюцыю была агрэсіўна-непрымальная. Прэсавы сакратар МЗС заявіў, што прыняцьцё рэзалюцыі ёсьць палітыкай двайных стандартаў заходніх дзяржаваў, такім чынам Беларусь караюць за правядзеньне незалежнай замежнай палітыкі. Але вось на што я хацеў бы зьвярнуць увагу. Вы, спадар Сіліцкі сказалі, што кіраўніцтва Беларусі праводзіць палітыку самаізаляцыі, і яму ўсё роўна, што там будзе прынята. Але вось беларуская дыпляматыя зрабіла контраход. Прадстаўнікі Беларусі й Расеі прапанавалі іншую рэзалюцыю, якая крытыкуе эскаляцыю сучасных відаў расізму, расавай дыскрымінацыі й ксэнафобіі. Рэзалюцыя была прынятая Камісіяй ААН у правах чалавека, аднак большасьць краінаў Захаду прагаласавала супраць. І гэта дало падставу беларускай афіцыйнай прапагандзе сьцьвярджаць, што Захад прымяняе палітку двайных стандартаў. Такім чынам, контраход, контрагульня Беларусі адбылася на тым жа самым полі. І гэта трохі аспрэчвае вашую думку, спадар Сіліцкі, што Менску ўсё роўна, і ён зацікаўлены ў самаізаляцыі”.

(Сіліцкі: ) “Гэты прапагандысцкі контраход наўрад ці сьведчыць пра існаваньне нейкай замежнапалітычнай стратэгіі ў Беларусі. Хутчэй ён разьлічаны толькі на прапагандысцкую гульню ўнутры краіны. Тым больш, калі гэтую рэзалюцыю ініцыюе разам зь Беларусьсю і Расея, дзе вядома якая сытуацыя са скінгэдамі, нэанацыстамі і іншым. Тут якраз яскравы прыклад двайных стандартаў. Ня думаю, што хтосьці на міжнароднай арэне такое спонсарства гэтай рэзалюцыі ўспрыме ўсур’ёз”.

(Кажура: ) “Сама рэзалюцыя, якая была прынятая ў пытаньні сучасных формаў расізму, сэнсава, структурна і кірункам адрозьніваецца ад рэзалюцыі па Беларусі. У дачыненьні да нашай дзяржавы была прынятая канкрэтная “краінавая рэзалюцыя” (у ААН ёсьць такі тэрмін). Такія рэзалюцыі маюць дастаткова высокі ўплыў. Кожны раз, калі ствараецца нейкае дасье па краіне, то на яго зьвяртаюць увагу, напрыклад, пры абмяркаваньні кандыдатуры краіны ў той ці іншы орган ААН. Гэтая рэзалюцыя, увогуле, уплывае на аўтарытэт краіны”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, чарговы раз ААН праз сваю адмысловую структуру — Камісію ААН у правах чалавека — адзначыла, што сытацыя з правамі чалавека ў Беларусі — гэта ўсясьветная праблема, і яна набывае ўсё большае міжнароднае гучаньне. Машына запушчаная, і яна ня спыніцца да таго часу, пакуль сытуацыя з правамі чалавека ня зьменіцца”.
XS
SM
MD
LG