Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА ВЫХОДЗІЦЬ З ЭКАНАМІЧНАГА КРЫЗЫСУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Пасьля прыкладна пяці гадоў эканамічнага спаду і росту беспрацоўя ў краіне, палякі нарэшце маюць нагоду да задавальненьня. Паводле галоўнай статыстычнай управы, сёлета ў сакавіку рост у прамысловасьці склаў амаль 24% у параўнаньні з гэтым жа месяцам мінулага году, надзвычай хутка расьце польскі экспарт на Захад, а таксама колькасьць новых будоўляў.

Ці гэты апошні паказчык – рост у галіне будаўніцтва – азначае, што больш працы на польскіх будоўлях будзе для беларускіх гастарбайтэраў? Адмыслоўцы кажуць, што не, бо тут перадусім гаворка ідзе пра вялікія будаўнічыя кампаніі, якія рэдка бяруць на працу гастарбайтэраў.

Аднак, як лічыць спадар Сяргей – расйескі бізнэсовец, які мае будаўнічую фірму і часта прымае на працу беларусаў, патрэба ў беларускіх будаўніках не адразу, але ўсё ж павялічыцца.

(Сяргей: ) “Беларусы працуюць у асноўным на невялікіх будоўлях, карацей кажучы, будуюць хаты прыватнікам. А каб людзі пачалі больш будаваць, дык гэты відавочны эканамічны рост, які цяпер мы бачым у статыстычных дадзеных, мусіць рэальна адбіцца на кішэні кожнага паляка. Тады будзе больш прыватных будоўляў і больш працы. Я думаю, што гэтага дакладна можна чакаць ужо ў наступным годзе. Магчыма, некаторае ажыўленьне будзе яшчэ сёлета, напрыканцы лета”.

Такім чынам, калі паслухаць адмыслоўцаў, дык больш беларусаў зарабіць на польскіх будоўлях змогуць толькі ў наступным сэзоне. Але гэта, натуральна, тычыцца ня толькі будоўляў, але й іншых сфэраў гаспадаркі.

Больш прывабнай Польшча стане і для беларускіх гандляроў, але больш купляць будуць перадусім жыхары вялікіх гарадоў, а не памежных мястэчак, бо менавіта ў вялікіх гарадох перш за ўсё падвышаюцца заробкі.

Напрыканцы дадам, што эканамічны рост, які адзначаны сёлета ў Польшчы, стаўся магчымым дзякуючы, перадусім, інвэстыцыям і упартай працы бізнэсоўцаў, якія, нягледзячы на пэрыяд эканамічнага застою, змаглі правесьці мадэрнізацыю сваіх прадпрыемстваў і ўтрымацца, ў тым ліку, і на заходніх рынках.
XS
SM
MD
LG