Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШАЎ БЮЛЕТЭНЬ “ГАВОРЫЦЬ ЮРЫ ЗАХАРАНКА”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У бюлетэні зьмешчаныя дакумэнты з асабістага архіву былога міністра ўнутраных справаў, у тым ліку частка ягонай службовай перапіскі з Аляксандрам Лукашэнкам. У прыватнасьці, апублікаваныя тыя лісты, у якіх Захаранка паведамляе пра службовыя злоўжываньні былога кіраўніка справаў прэзыдэнта Івана Ціцянкова ды іншых чыноўнікаў з найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі.

Таксама ў бюлетэні прыведзеныя цікавыя дакумэнты пра расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні экс-міністра. Суаўтар бюлетэню Раіса Міхайлоўская распавяла Радыё Свабода:

(Міхайлоўская: ) “У нашым бюлетэні ёсьць цікавы ліст, які напісаў намесьнік міністра ўнутраных справаў Удавікоў генэральнаму пракурору Беларусі Алегу Бажэлку. У гэтым лісьце робіцца выснова, што Юры Захаранка стаў ахвярай злачынства — што яго менавіта скралі. Ліст датаваны 12 траўня 1999 году. Такім чынам, ужо празь пяць дзён пасьля здарэньня ўлады самі зрабілі выснову, што гэта не было простае зьнікненьне. Мінула пяць гадоў, і што мы бачым? У крымінальнай справе поўна матэрыялаў, але улада не жадае весьці сапраўднага расьсьледаваньня. І яшчэ ў зборніку мы даем сьпіс асобаў, якія, магчыма, маюць дачыненьне да гэтага злачынства. Такіх у нас набралася дванаццаць чалавек. Мы мяркуем, што ў будучыні сапраўднае сьледзтва імі зацікавіцца”.

Як паведамілі аўтары бюлетэню, ён будзе разасланы ў тым ліку супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі і міліцыянтам, якія вучыліся разам зь Юрыем Захаранкам. Аўтары спадзяюцца, што гэтыя людзі зробяць унёсак у расьсьледаваньне справы пра зьнікненьне былога міністра.
XS
SM
MD
LG